Ягор Цюлькоў вучыўся ў аграрным каледжы ў Сьмілавічах. Адвучыўся паўтара года.
«Я фізычна ня мог больш вучыцца, бо ў сьнежні 2020-га мяне выселілі з інтэрнату. Даводзілася штодзень, калі здаваў зімовую сэсію, езьдзіць з Асіповічаў у Сьмілавічы. Гэта недзе 130 кілямэтраў у адзін бок. Прачынаўся а шостай раніцы, вяртаўся амаль ноччу дахаты», — тлумачыць падлетак.
28 сьнежня да яго прыйшла міліцыя з вобшукам. Хлопец кажа, што ад 9 жніўня ўдзельнічаў у «ланцугах салідарнасьці» ў Менску.
«Калі выселілі з інтэрнату, я фізычна і па фінансах ня мог далей вучыцца»
«На акцыях у Менску я пазьбегнуў затрыманьняў, быў вельмі асьцярожны. У Асіповічах у нас нічога такога маштабнага не было. Паціху «партызаніў», маляваў, дзе мог, лёзунгі, бел-чырвона-белы сьцяг. Міліцыя прыйшла да мяне 28 сьнежня. Думаю, таму, што на мяне «мела зуб» намесьніца дырэктара каледжа. Яна сама сябра ўсіх магчымых чырвона-зялёных партый і арганізацый. Яна мяне выселіла з інтэрнату напярэдадні сэсіі. Фармальна — за тое, што лазіў праз вакно ноччу. Я думаю, выселіла таму, што даведалася пра маю палітычную актыўнасьць. Бо ў нашым інтэрнаце і больш сур’ёзныя здарэньні былі, і нікога не высялялі.
Намесьніца дырэктара ўдзельнічала ў выбарах, выклікала міліцыю на назіральніка. Таму нехта напісаў на асфальце каля каледжа, зьвяртаючыся да яе: «Колькі каштуе сумленьне?». Гэты надпіс замазалі, але ён і цяпер відаць. Калі яна выклікала мяне з маці ў каледж, то моцна крычала на мяне. А я ўсё ўзіраўся ў гэты надпіс. І яна сказала: «Ты нешта хочаш спытацца?», а я сказаў: «Колькі каштуе сумленьне?», — расказвае Ягор.
Ён кажа, што два тыдні езьдзіў здаваць сэсію ў Сьмілавічы з Асіповічаў, каб была скончаная хаця б сярэдняя адукацыя. Потым напісаў заяву на адлічэньне. «Бо ні фізычна, ні па фінансах я ня здолеў бы далей так вучыцца», — кажа падлетак.
«Той з ГУБАЗіК на мяне крычаў: „Ты разумееш, што ты чмо?!“»
28 сьнежня да Ягора дахаты прыйшла міліцыя з вобшукам.
«Я думаю, што намесьніца дырэктара каледжа іх накіравала. Міліцыянты казалі, што хацелі проста праверыць мяне. Але па выніку ў мяне знайшлі бел-чырвона-белы сьцяг, балёнікі з фарбай і складнікі, зь якіх пры жаданьні можна было вырабіць выбухоўку. Хоць, забягаючы наперад, скажу, што экспэртыза паказала, што гэтыя складнікі самі па сабе не нясуць пагрозы, не зьяўляюцца выбухоўкай», — расказвае падлетак.
Ён кажа, што пасьля вобшуку яго «ўзялі пад рукі» і павезьлі ў Чэрвеньскі РАУС.
«Бо каледж знаходзіцца ў Чэрвеньскім раёне. Там асноўнае пытаньне ў міліцыі было ў тым, што нехта запаліў рамку BelToll для платнай дарогі, і міліцыя хацела мяне дапытаць, раз я засьвяціўся. Мяне ня білі, але моцна крычалі і абражалі. Адзін з ГУБАЗіК крычаў: „Ты разумееш, што ты чмо?!“. Ну, і ўсе размаўлялі аднымі матамі», — кажа Ягор.
Паводле ягоных словаў, у Чэрвеньскім РАУС яго пратрымалі сем гадзін. Дапытвалі бяз маці, без пэдагогаў. Потым завезьлі на мяжу з Асіповіцкім раёнам і перадалі мясцовым міліцыянтам. Тыя перадалі Ягора маці.
«Прымусілі на камэру сказаць, што я хацеў прымяніць выбухоўку супраць міліцыянтаў»
Ягор узгадвае, што калі яго везьлі з Чэрвеня ў Асіповічы, то прымусілі сказаць на камэру, што ён зьбіраўся зрабіць выбухоўку і прымяняць яе супраць міліцыянтаў.
«Я першы раз трапіў у міліцыю. Мне праўда было страшна. Яны сказалі — калі скажаш на камэру прызнаньне, што зьбіраўся прымяніць выбухоўку да міліцыі, то адпусьцім. Калі не — пасадзім. Ну, я і сказаў», — расказвае падлетак.
Потым яго выклікалі ў Асіповіцкі РАУС, пыталіся — ці спрабаваў ён зрабіць выбухоўку, дзе яе выпрабоўваў. «Пыталіся — ці ня я размаляваў прыпынкі ў горадзе. Як мой тэлефон забралі на вобшуку, то, думаю, яны шмат чаго адтуль даведаліся, бо я не пасьпеў яго пачысьціць», — кажа Ягор.
«Прачытаў, што мне пагражае да сямі гадоў турмы, і вырашыў уцякаць»
Ягор кажа, што пасьля экспэртызы, якая паказала адсутнасьць выбуховых рэчываў, ягоную справу закрылі. 5 сакавіка ён паехаў да бацькі ў Маскву, уладкаваўся там на працу ў дастаўку ежы.
«Працаваў два месяцы, да 5 траўня. Сабраў грошай. У нашай сям’і ня вельмі добрая фінансавая сытуацыя, таму я з 15 гадоў недзе падпрацоўваў. І ў Маскве ў траўні да мяне прыйшла паліцыя, каб апытаць мяне на запыт беларускіх міліцыянтаў. А потым мне напісала маці, што крымінальную справу аднавілі, у яе зноў быў вобшук, а мяне чакаюць на допыт у міліцыі. Я напісаў маці, што прыеду, купіў квіток на цягнік і сабраўся ехаць. Потым пачытаў артыкул 295 Крымінальнага кодэксу — „незаконныя дзеяньні са зброяй і выбухоўкай“ — і перадумаў ехаць у Беларусь. Бо пагражала да сямі гадоў», — кажа Ягор.
У выніку бацька пры падтрымцы беларускай дыяспары завёз сына ў Кіеў.
«За свае 17 гадоў я ўвогуле нідзе ня быў! Уявіце, як мяне Кіеў уразіў!»
Падлетак кажа, што першыя тры дні ня мог апамятацца і не разумеў, дзе ён. Кіеў яго проста ашаламіў.
«Ад усіх уражаньняў, ад прыгажосьці Кіева ў мяне проста камень зваліўся з душы. На твары эмоцый не было, але ў душы — проста эўфарыя. Ведаеце, я нідзе ня быў за свае 17 гадоў — за мяжой, маю на ўвазе, сям’я часта пераяжджала, грошай у нас было ня надта, каб некуды езьдзіць. Я адразу пачаў шукаць працу, бо не прывык прасіць грошы. Уладкаваўся памочнікам афіцыянта, працаваў па 12 гадзін у суткі, але зарабіў ня столькі, каб хапіла аплаціць хостэл і ежу, таму пачаў шукаць іншую працу», — расказвае Ягор.
Цяпер ён уладкаваўся на аўтамыйку, праходзіць стажыроўку.
«Тут давядзецца працаваць па 14 гадзін, але іншага выйсьця ў мяне пакуль няма. Думаю, калі мне ў верасьні споўніцца 18 гадоў, рабіць візу і ехаць у Польшчу. Я маю хай невялікую, але мару — быць аўтасьлесарам. Бо надта люблю аўтамабілі і корпацца зь імі. Думаю ў Польшчы адвучыцца і працаваць. У Беларусь я не хачу вяртацца. Хачу ўбачыць сьвет. У мяне Кіеў такія вялізарныя эмоцыі выклікаў! Нават не ўяўляю, што мяне чакае далей!» — кажа Ягор Цюлькоў.