Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Веру ў больш аптымістычны сцэнар», — Латушка расказаў, калі гэта ўсё можа скончыцца


Старшыня Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва, сябра Каардынацыйнай рады, былы амбасадар і былы міністар культуры Павал Латушка расказвае пра ініцыятыву стварэньня Музэю вольнай Беларусі, адкрыцьцё якога заплянаванае на 9 жніўня.

Палітык лічыць, што самі беларусы могуць скарыстацца выгодамі «Ўсходняга партнэрства», бо рашэньні нелегітымнага кіраўніцтва ня будуць прызнавацца ў сьвеце, а таксама гаворыць пра магчымыя тэрміны разьвязаньня палітычнага крызісу ў Беларусі.

Глядзіце размову цалкам на відэа.

Тут фрагмэнты інтэрвію.

«Год таму я сам сабе сказаў, што Бог дае мне выпрабаваньні»

— Давайце паспрабуем азірнуцца і паглядзець на тое, што адбывалася год таму. Ужо сядзелі Бабарыка, Ціханоўскі, Статкевіч, Севярынец ды іншыя, у Беларусі былі 23 прызнаныя праваабаронцамі палітвязьні, ЦВК забракаваў подпісы Цапкалы, Макей расказваў пра пэрспэктывы паставак нафты з ЗША і вяртаньня амбасадараў, Лукашэнка віншаваў прэзыдэнта Латвіі з 65-годзьдзем і зьбіраўся прыехаць у Рыгу зь візытам. Ці памятаеце вы свае адчуваньні год таму на пасадзе дырэктара Купалаўскага тэатру? Ці маглі ўявіць, што адбудзецца з краінай і з вамі за гэты год?

— Памятаю тыя адчуваньні. Можа, не да такой ступені, але было зразумела, да чаго гэта можа прывесьці. Атмасфэра і ў Купалаўскім тэатры, і ў грамадзтве апошнія месяцы перад выбарамі сьведчыла пра тое, што людзі сапраўды былі гатовыя выявіць свой голас, сваю думку пра падзеі ў краіне. Памятаю акцыю пратэсту, калі затрымалі Віктара Дзьмітрыевіча Бабарыку... Людзі выходзілі на галоўныя вуліцы Менску, і гэта паказвала Радыё Свабода. Дзякуючы вам я мог глядзець прамыя трансьляцыі. Пачалі пра гэта гаварыць у расейскіх незалежных СМІ.

Менск, плошча Незалежнасьці, 22 жніўня 2020 году.
Менск, плошча Незалежнасьці, 22 жніўня 2020 году.

У тэатры шэраг артыстаў выказваўся публічна, падпісалі адпаведны ліст у падтрымку Віктара Бабарыкі. Я разумеў, што гэтая сытуацыя будзе разьвівацца да пералому, які павінен наступіць. І нават сам сабе сказаў, а таксама сказаў адной сяброўцы, паплечніцы, калі мы хадзілі ля Купалаўскага тэатру, што Бог дае мне выпрабаваньні. Я разумеў, што будзе выпрабаваньнем кіраваць Купалаўскім тэатрам у момант, калі разумееш, наколькі купалаўцы прагнуць свабоды, незалежнасьці, волі. Што дойдзе да гэтай сытуацыі, вядома, я спрагназаваць ня мог.

«Найбольш важныя экспанаты — пратаколы з выбараў, дзе перамагла Сьвятлана Ціханоўская»

— Што да іншай блізкай ужо даты. Раскажыце пра ініцыятыву НАК стварыць музэй Вольнай Беларусі, адкрыцьцё якога заплянаванае на 9 жніўня.

— Я былы міністар культуры, заўсёды з увагай ставіўся да справы культуры. У нашай камандзе ёсьць Натальля Задзяркоўская, яна адказная за кірунак культуры. Яна працавала ў музэйнай сфэры, каардынавала дзейнасьць многіх музэяў Беларусі. Мы падумалі, што менавіта цяпер такі момант, калі трэба зрабіць усё, каб захаваць тыя прадметы і рэчы, якія зьявіліся дзякуючы нашаму пратэставаму руху як у Беларусі, так і па-за межамі нашай краіны.

У відэароліку, які вы можаце паглядзець на маім Youtube-канале, я запытаўся, ці верыце вы ў перамогу. Я веру. А калі мы з вамі верым у перамогу, значыць, мы сёньня павінны ўжо стварыць музэй Вольнай Беларусі. Невыпадкова я пазначыў тэрмін 9 жніўня. Гэта сымбалічная дата выбараў, калі перамагла кандыдат дэмакратычнага руху. Ад гэтага пачынаюцца ўсе нашы жаданьні і памкненьні, барацьба за перамены. Зразумела, людзі будуць вырашаць, ці пагодзяцца яны, каб гэты дзень быў адкрыцьцём, дзе будзе разьмешчаны музэй.

Нам падумалася, што палац, у якім засядае Лукашэнка, мог бы быць месцам для музэефікацыі нашага руху да незалежнасьці. Я не ўяўляю, каб новы кіраўнік Беларусі хацеў бы сядзець у гэтым палацы. Гэта 50 тысяч квадратных мэтраў плошчы, на якой можна стварыць музэй Вольнай Беларусі. Думаю, будзе шмат ахвотных наведаць яго. Мы абавязкова гэта зробім. Але зараз крытычны момант, каб захаваць гэтую спадчыну. НАК прапануе чат-бот, гэта можна рабіць і ананімна, можна трымаць рэчы пакуль у сваім хатнім музэі і пазьней перадаць у вольнай Беларусі ў музэйную экспазыцыю ці фонды. Перадусім мы будзем рабіць лічбавы варыянт і старацца сабраць максымальную колькасьць экспанатаў.

— А якія вы бачыце найбольш важныя матэрыяльныя экспанаты ў гэтым музэі?

— Пратаколы з выбараў, дзе перамагла дэмакратычны прадстаўнік Сьвятлана Ціханоўская, калі яны дзесьці захаваліся і ня зьнішчаныя. Я спадзяюся, што фатаздымкі, напэўна, ёсьць. Перадусім, на першым месцы, наш бел-чырвона-белы гістарычны сьцяг. Спадзяюся, што тады гэта будзе дзяржаўны сьцяг нашай краіны, таму мы намалявалі малюнак зь бел-чырвона-белым сьцягам над гэтым палацам. Гэта тое, што людзі самі стваралі — плякаты, вершы, музыка. Гэта і духоўныя каштоўнасьці перадусім. Я думаю, што музэй павінен быць інтэрактыўны. Я ўпэўнены, што кожны дзесьці каля сябе мае такі экспанат. Вось у нашай сям’і ёсьць бел-чырвона-белы сьцяг, зь якім мой бацька хадзіў напрыканцы 1980-х гадоў на мітынгі Беларускага народнага фронту «Адраджэньне». Можна захаваць у сваёй сямʼі, а калі вырашаць, што варта паказаць усім беларусам, то перадаць у экспазыцыю. Зразумела, гэта ня будзе зараз нашай галоўнай задачай. Галоўная задача — перамагчы. Але важна не згубіць і паспрабаваць сабраць усё гэта.

— А дзе цяпер той сьцяг, зь якім на мітынгі хадзіў ваш бацька?

— Гэта таямніца. Калі скажу, можа, яшчэ забяруць.

«Контрасанкцыі — як моська на слана»

— Як вы расцэньваеце першыя рэакцыі ўладаў на ўведзены пакет санкцый, у тым ліку сэктаральных, а таксама контрасанкцыі афіцыйнага Менску?

— Контрасанкцыі — выклік усяму Эўрапейскаму Зьвязу. Калі Беларусь прыпыняе ўзаемадзеяньне з ініцыятывай ЭЗ «Усходняе партнэрства», то менавіта Беларусь губляе вялікія сродкі, якія выдаткоўваліся на разнастайныя праекты, зьвязаныя з разьвіцьцём эканомікі Беларусі, рэгіянальнага супрацоўніцтва, экалягічнымі, культурнымі пытаньнямі. Увядзеньне санкцый у адказ фактычна зьяўляецца ўвядзеньнем нелегітымнай уладай санкцый супраць самой жа Беларусі. Прычым гэтыя контрасанкцыі — як моська на слана. Мы ведаем долю беларускага экспарту ў ЭЗ, і таму, што б ні зрабіў рэжым супраць санкцый ЭЗ, гэта ня будзе мець ніякага ўплыву на эканамічную сытуацыю Эўразьвязу ўвогуле і канкрэтных краін у прыватнасьці.

Эўрапарлямэнт прыняў некалькі рэзалюцый, у якіх не прызнае легальнасьць абраньня дыктатара, у якіх гаворыцца, што ён не зьяўляецца легітымным кіраўніком Беларусі, рэжым называецца злачынным рэжымам (гэта апошняя рэзалюцыя 10 чэрвеня). Дэ-факта і ў рамках гэтага прававога дакумэнту Эўрапарлямэнт гэта ўжо прызнаў. Далей павінны быць наступныя крокі і канкрэтных краінаў ЭЗ. Перадусім даволі голасна заняла пазыцыю Літва, якая перастала называць Лукашэнку прэзыдэнтам ці нелегітымным прэзыдэнтам, а называе яго грамадзянінам. У панядзелак міністар замежных спраў Латвіі назваў яго «грамадзянін Лукашэнка». Мы ведаем даволі жорсткую і прынцыповую пазыцыю Ўкраіны наконт гэтага.

Ёсьць палітычнае непрызнаньне, за ім ідзе прававое непрызнаньне Лукашэнкі як прэзыдэнта. Значыцца, усё, што ён робіць у міжнароднай палітыцы, не зьяўляецца легітымнымі дзеяньнямі, і яны могуць не прымацца міжнароднымі партнэрамі. І гэта дае дадатковыя магчымасьці беларусам, беларускаму дэмакратычнаму руху — прымаць удзел у гэтых ініцыятывах. Яны думаюць, што ўвялі контрасанкцыі, а фактычна яны адкрываюць дадатковыя магчымасьці для дэмакратычных сілаў супрацоўнічаць у рамках «Усходняга партнэрства» з ЭЗ, разьвіваць праекты, рыхтавацца да прыняцьця ўлады і быць гатовымі, каб пераломны момант меў самыя мінімальныя крытычныя наступствы і дазволіў нам хутка выйсьці з крызісу і ісьці дарогай разьвіцьця.

«Гэта могуць быць месяцы, паўгода, да году, але пра гады гаворка ўжо не ідзе»

— Пытаньне, якое часта задаюць беларусы, на якое аналітыкі пазьбягаюць даваць канкрэтныя адказы. Калі гэта ўсё скончыцца?

— Каб хтосьці нам сказаў, мы былі б шчасьлівыя і верылі. Ёсьць прагнозы. Ёсьць інсайды, якія кажуць пра тэрміны, акрэсьленыя заходнімі партнэрамі. Даволі дакладныя тэрміны дзеяньняў. А таксама пра тэрміны, акрэсьленыя Расейскай Фэдэрацыяй. На сёньня сытуацыя выглядае такім чынам, што Расея будзе спрабаваць перахапіць ініцыятыву і вырашыць сваімі рукамі лёс Лукашэнкі дзеля таго, каб гарантаваць свае інтарэсы. Гэта інтарэс суседа. Ёсьць тэрміны, акрэсьленыя заходнімі партнэрамі, якія хочуць гарантаваць не свае інтарэсы, а інтарэсы беларускага народу.

Гэта каштоўнасная розьніца. Захад гаворыць аб правах чалавека, свабодзе і дэмакратыі, а Расейская Фэдэрацыя глядзіць на пытаньні ўплыву на тэрыторыю, за якую яны нібы адказвае. Тут два полюсы. Я веру ў больш аптымістычны сцэнар, што ўсё адбудзецца значна хутчэй, але нават паводле гэтых двух сцэнараў гэта могуць быць месяцы, паўгода, да году, але пра гады гаворка ўжо не ідзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG