На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае дырэктар у пытаньнях дасьледаваньняў цэнтру Eurasian States in Transition, экспэрт міжнароднай ініцыятывы iSANS Андрэй Елісееў.
Елісееў
- Контрасанкцыі Менску не былі неспадзяванкай, беларускія ўлады яшчэ напрыканцы мінулага году казалі пра магчымасьць такіх наступстваў.
- Нельга сказаць, што гэтыя контрасанкцыі нанясуць Эўразьвязу і яго грамадзянам вялікую шкоду.
- Беларускія ўлады могуць пайсьці на экспрапрыяцыю заходняга бізнэсу ў Беларусі.
- Пакуль Менск зрабіў толькі сымбалічныя крокі.
- Ня выключана, што амбасадары краінаў ЭЗ на знак салідарнасьці з кіраўніком прадстаўніцтва ЭЗ у Менску ад’едуць на кансультацыі ў свае сталіцы.
- Але Эўразьвязу цяпер пажадана мець сваіх дыпляматаў у Менску, каб сачыць за сытуацыяй.
- Слушная і добрая заява ЭЗ — што нягледзячы на тое, што афіцыйны Менск прыпыняе дамову аб рэадмісіі, Брусэль не падвышае цану на шэнгенскія візы для беларусаў.
- У дамове аб лібэралізацыі візавага рэжыму не гаворыцца, што яна аўтаматычна скасоўваецца, калі беларускі бок не выконвае свае абавязкі ў межах дамовы.
- Удзел Беларусі ва «Ўсходнім партнэрстве» быў самы слабы.
- У эканамічнай і гандлёвай сфэрах адносіны паміж Беларусьсю і Эўразьвязам дагэтуль рэглямэнтуюцца дамовай 1989 году паміж СССР і Эўрапейскай эканамічнай супольнасьцю, папярэдніцай Эўразьвязу.
- Застануцца праграмы, якія не зьвязаныя зь беларускай дзяржавай, скажам, праграмы студэнцкіх абменаў, для ўдзелу ў якіх не патрэбны дазвол адміністрацыі ўнівэрсытэтаў.
- Беларусь — вельмі нязначная краіна з гледзішча нелегальнай міграцыі.
- Праз усходнія межы Эўразьвязу (зь Беларусьсю, Украінай і Расеяй) за год перабіраецца такая ж колькасьць мігрантаў, як праз паўднёва-ўсходнюю і паўднёвую мяжу за дзень.
- Каб істотна павялічыць гэты паток, Беларусь павінна неяк штучна і актыўна гэты працэс падбухторваць.
- Тэарэтычна празь Беларусь могуць у вялікай колькасьці трапляць жыхары цэнтральнаазіяцкіх краінаў ці Чачні, а не такіх, як Ірак, адкуль у Беларусь трэба ляцець самалётам.
- Павелічэньне нелегальнай міграцыі зь Беларусі, пра якое кажа Літва, — гэта ня тыя лічбы, якія могуць напалохаць Эўразьвяз, гэта драбяза ў параўнаньні з патокам 2015–2016 году.
- Калі беларускія ўлады будуць працягваць гэтую палітыку, Эўразьвяз дасьць адказ на гэтую «мілітарызацыю міграцыі».
- Беларускія ўлады зробяць сабе толькі горш.
- Лукашэнка будзе зацягваць працэс інтэграцыі з Расеяй, каб абмяняць інтэграцыю на прызнаньне Масквой новай Канстытуцыі.
- Ён бы хацеў перанесьці падпісаньне новых інтэграцыйных пагадненьняў на наступны год, на час пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму ў Беларусі.
- З прычыны моцных эканамічных санкцыяў ЭЗ час пачынае гуляць супраць Лукашэнкі.
- Пагаршэньне эканамічнага становішча можа адбыцца да правядзеньня рэфэрэндуму аб Канстытуцыі.
- Санкцыі ЭЗ падвышаюць для Расеі выдаткі на падтрымку Беларусі.
- Але Крэмль наўрад ці будзе браць пад увагу грашовыя калькуляцыі адносна Беларусі.
- Лукашэнку выгадная дэстабілізацыя ў Расеі, каб «абкарнаць» інтэграцыйную дамову.
Што было раней:
- У адказ на санкцыі Эўразьвязу МЗС Беларусі заявіў пра некалькі крокаў:
- Беларусь прыпыняе свой удзел у ініцыятыве ЭЗ «Усходняе партнэрства».
- Беларусь пачынае рэалізацыю працэдуры прыпыненьня дзеяньня Пагадненьня аб рэадмісіі з ЭЗ.
- Беларусь забараніла ўезд у краіну асобам з ЭЗ, якія садзейнічалі ўвядзеньню санкцый.
- МЗС адклікала сталага прадстаўніка Беларусі пры ЭЗ для кансультацый і рэкамэндавала сталаму прадстаўніку ЭЗ у Менску выехаць для кансультацый у Брусэль.
- Цана шэнгенскай візы для беларусаў ня зьменіцца. Пра гэта заявіла прэсавая прадстаўніца замежнапалітычнай службы ЭЗ Набіла Масралі. Паводле яе, ЭЗ робіць усё магчымае, каб празь дзеяньні рэжыму Лукашэнкі не апынуўся ў ізаляцыі беларускі народ.