Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакратар Савету бясьпекі Расеі на сустрэчы з Лукашэнкам: мэта вонкавых сілаў — «памяняць дзяржаўны лад і ўладу ў Беларусі»


Мікалай Патрушаў
Мікалай Патрушаў

Аляксандар Лукашэнка сустрэўся ў Менску з сакратаром Савету бясьпекі Расеі Мікалаем Патрушавым.

«Ёсьць пра што пагаварыць, асабліва ў гэты няпросты час. Уважліва назіраў за вашымі заявамі, выступамі — абсалютна супадаюць з пунктам гледжаньня ня толькі маім, а і нашых спэцыялістаў. Таму я вельмі рады, што вы „ў тэме“, паглыбленыя ў гэтую праблему», — цытуе Лукашэнку ягоная прэс-служба.

Лукашэнка адзначыў, што хацеў бы абмеркаваць сам-насам з расейскім госьцем пытаньні, «якія не належыць абнародаваць». Бо, пэўна, «давядзецца працаваць разам, супрацьдзейнічаць некаторым кірункам».

Ён прапанаваў разгледзець ня толькі тэматыку ўзаемадзеяньня ў галіне бясьпекі, але і абароны, супрацоўніцтва ў вайскова-тэхнічнай сфэры. Па яго словах, саюзьнікам трэба ведаць больш дакладна, як узаемадзейнічаць у канкрэтных сфэрах.

«Думаю, падзелімся з вамі інфармацыяй у пытаньнях, якія важныя ня толькі для Беларусі і Расеі, але і асобна для Беларусі і асобна для Расеі. Асабліва ў сьвятле апошніх падзеяў, тых фактаў, якія ў сродках масавай інфармацыі абмяркоўваюцца», — сказаў Лукашэнка.

У сваю чаргу Мікалай Патрушаў адзначыў, што рады знаходзіцца ў Менску і бачыць «пазытыўныя зьмены».

«Кожны раз, калі прыяжджаю, вока радуе тое, што тут адбываецца», — дадаў сакратар Савету бясьпекі Расеі, ананасаваўшы кансультацыі двух ведамстваў. Будуць абмяркоўвацца рэгіянальная і міжнародная бясьпека, праблематыка гібрыдных войнаў, абстаноўка вакол Беларусі і Расеі.

Мікалай Патрушаў таксама падзяіўся сваімі «геапалітычнымі назіраньнямі». На яго перакананьне, канчатковая мэта вонкавых сілаў — «памяняць дзяржаўны лад і ўладу ў Беларусі».

«Усё залежыць ня толькі ад таго, што ўнутры адбываецца ў краінах. Шмат што залежыць, якія сілы ўзьдзейнічаюць звонку. Пагрозы і выклікі ёсьць традыцыйныя, яны нікуды не прапалі. Дапусьцім, міжнародны тэрарызм, зь ім зьвязаны экстрэмізм. Іншыя пагрозы, пра якія трэба гаварыць: кібэрбясьпека. На жаль, многія не разумеюць, што ніводная краіна ня можа справіцца з гэтай пагрозай самастойна, трэба аб’ядноўваць намаганьні», — падсумаваў Мікалай Патрушаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG