Сакратар Рады бясьпекі Расеі Мікалай Патрушаў лічыць, што заходнія каштоўнасьці неўласьцівыя расейскаму грамадзтву, а спробы «стандартызаваць расейскія ці іншыя каштоўнасьці пад» унівэрсальныя «зьяўляюцца праявай сацыякультурнай агрэсіі».
Пра сваё бачаньне Патрушаў напісаў у артыкуле пад назвай «Ці патрэбныя Расеі «ўнівэрсальныя» каштоўнасьці?», апублікаваным у «Расейскай газэце».
Публікацыя закранае тэму маючага адбыцца галасаваньня пра папраўкі ў Канстытуцыю РФ. Патрушаў лічыць, што прапанаваныя прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным папраўкі «скіраваныя на абарону базавых сямейных каштоўнасьцяў, гістарычнай праўды, узмацненьне духоўнага і маральнага выхаваньня» і ўмацаваньне іншых каштоўнасьцяў, галоўным чынам сацыяльна-кансэрватыўнага кшталту, якія сакратар Рады бясьпекі называе «расейскімі».
Артыкул прысьвечаны проціпастаўленьню гэтых каштоўнасьцяў і тых, якія Патрушаў называе «заходнімі». Ён адзначае, што Захад на дыскусіі пра папраўкі да Канстытуцыі «адказаў актывізацыяй інфармацыйна-прапагандысцкіх кампаній, якія маюць на мэце сфальсыфікаваць сусьветную і расейскую гісторыю, прынізіць каштоўнасьць Перамогі, нанесьці чарговы ўдар па сыстэме традыцыйных расейскіх духоўна-маральных каштоўнасьцяў», але не дабіўся посьпеху.
Патрушаў крытыкуе канцэпцыю «агульначалавечых каштоўнасьцяў», сьцьвярджаючы, што яна «дазваляла прапагандаваць сацыяльныя і маральныя ўстаноўкі, якія не заўсёды супадаюць з традыцыйнымі айчыннымі каштоўнасьцямі». Гаворка ідзе перш за ўсё пра нэалібэралізм, які, паводле словаў Патрушава, «укараняе індывідуалізм, эгаізм, культ асалоды, нястрымнага спажываньня, абсалютызуе свабоду любога самавыяўленьня», а таксама размывае інстытут сям’і і шлюбу.
Пры гэтым на Захадзе, як лічыць Патрушаў, ідзе і зьнішчэньне сярэдняй клясы.
«Пандэмія COVID-19 з усёй відавочнасьцю агаліла ўсе нэгатыўныя наступствы ад насаджэньня новых заходніх каштоўнасьцяў, найперш паглыбленьне разьяднанасьці, абыякавасьць і разгубленасьць перад абліччам небясьпекі... Новыя заходнія каштоўнасьці ператварыліся ў накіданьне сьвету чужога сьветаўспрыманьня», — заключае Патрушаў, сьцьвярджаючы, што Расеі патрэбны «духоўна-маральны сувэрэнітэт».
- Папраўкі ў Канстытуцыю РФ, галасаваньне аб якіх пройдзе з 25 чэрвеня па 1 ліпеня, у прыватнасьці, замацоўваюць у Канстытуцыі палажэньне аб шлюбе як аб «саюз мужчыны і жанчыны», аб расейскай мове як мове «дзяржаваўтваральнага народу», а таксама ўсталёўваюць прыярытэт расейскай Канстытуцыі над міжнароднымі дамовамі.