Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакратар Рады бясьпекі Расеі абвінаваціў Захад у «ачарненьні» Івана Грознага


Князь Андрэй Курбскі ва ўяўленьні Мікалая Патрушава быў папярэднікам Джорджа Сораса
Князь Андрэй Курбскі ва ўяўленьні Мікалая Патрушава быў папярэднікам Джорджа Сораса

Заходнія краіны ачарнялі Расею яшчэ ў часы праўленьня Івана Грознага, каб адцягнуць увагу сваіх жыхароў ад унутраных праблем. Тое самае адбываецца цяпер, у часы Пуціна. Такое сьцьвярджэньне ўтрымліваецца ў выказваньнях сакратара Рады бясьпекі Расеі, былога дырэктара ФСБ Мікалая Патрушава.

Сваю заяву Патрушаў зрабіў у інтэрвію газэце «Аргумэнты і факты».

Расею «спрабавалі ачарніць яшчэ многія стагодзьдзі таму», лічыць высокапастаўлены чыноўнік. Заходнія храністы «жадалі адцягнуць увагу эўрапейцаў ад таго, што рабілася ў іх краінах». Ім не падабалася, што рускі цар «не прызнае іх палітычнае і маральнае лідэрства». У гэтым Патрушаў знайшоў аналёгіі з сучасным сьветам.

Захад адцягваў увагу крытыкай Грознага ад сваіх праблем, лічыць Патрушаў, а менавіта: ад «разьні па рэлігійных матывах», інквізыцыі, «паляваньня на ведзьмаў», «жахлівага каляніяльнага прыгнёту народаў» і «ад іншых дзеяньняў, пра якія зараз на Захадзе лічаць за лепшае не прыгадваць», лічыць Патрушаў. Гэтак жа цяпер крытыкай Расеі жыхароў ЗША і Эўразьвязу адцягваюць ад ушчамленьня грамадзянскіх правоў тых, хто не гатовы падтрымліваць заходнія каштоўнасьці, мяркуе Патрушаў. У гэтым ён, у прыватнасьці, абвінавачвае 90-гадовага мільярдэра Джорджа Сораса.


Наўрад ці чалавек XVI стагодзьдзя зразумеў бы, пра што кажа Патрушаў. Нічога з таго, што, паводле яго вэрсіі, спрабавалі схаваць храністы, сучасьнікам не здавалася ганебным. Сам Грозны наўрад ці адмаўляў «заходнія каштоўнасьці», бо пра іх існаваньне ў тым выглядзе, у якім іх уяўляе Патрушаў, наўрад ці можна гаварыць у дачыненьні да тых часоў. У той жа час сёньня ў заходніх краінах вельмі крытычна абмяркоўваюцца гістарычныя наступствы такіх зьяў, як, напрыклад, каляніялізм і рэлігійная нецярпімасьць.

У той жа час у XVI стагодзьдзі ў афіцыйнай ідэалёгіі Рускай дзяржавы акцэнтаваліся матывы гістарычнага сваяцтва з Эўропай і пераемнасьці (хоць і моцна міталягізаванай) у адносінах да некаторых эўрапейскіх дзяржаў і дзеячоў мінулага. Так, паходжаньне цара выводзілася ад брата рымскага імпэратара Актавіяна Аўгуста. Улада рускага гаспадара лічылася пераемнай ад бізантыйскіх базылеўсаў — у адпаведнасьці з уяўленьнем пра Маскву як пра «Трэці Рым». Да заходніх манархаў, у тым ліку каралёў Даніі і Польшчы, Іван IV Грозны ў перапісцы зьвяртаўся як да «братоў». Маскоўскі мітрапаліт насіў белы клабук, які, па легендзе, дастаўся яму пасьля заваёвы Ноўгарада ад тамтэйшага арцыбіскупа нібыта ў знак пераемнасьці ў адносінах да Канстантынопаля, а празь яго — да Рыму.

Патрушаў — ня першы буйны дзеяч сучаснай Расеі, хто заступаецца за Грознага. У 2017 годзе рэпутацыю цара абараняў сам прэзыдэнт Пуцін. «Вазьміце вядомую легенду пра тое, што Ivan the Terrible — Іван Грозны — забіў свайго сына. Гэта яшчэ невядома, забіваў ён свайго сына ці не», — адказаў палітык на пытаньне аб ачарненьні расейскай гісторыі. Былы міністар культуры РФ Уладзімір Мядзінскі да гэтага заклікаў параўноўваць Івана Грознага зь яго сучасьнікамі, «а не з Махатмай Гандзі ці маці Тэрэзай». У 2016–2017 гадах у Расеі паставілі адразу тры помнікі Івану Грознаму. Адзін — у Арле, другі — у Маскве, а трэці — у Аляксандраве.

  • Іван IV Васільевіч, празваны Грозным (гады жыцьця 1530–1584) — вялікі князь Маскоўскі, з 1547 — першы вянчаны цар усяе Русі. Быў вядомы цэнтралізатарскай палітыкай, шэрагам войнаў на ўсходзе і захадзе, як пераможных, так і няўдалых, жорсткімі рэпрэсіямі ў дачыненьні да сваіх праціўнікаў, гранічнай неўраўнаважанасьцю характару.
  • Гістарычная рэпутацыя Івана Грознага вельмі неадназначная. Нямецкі найміт Генрых фон Штадэн, які служыў Івану Грознаму, пакінуў такую характарыстыку яго праўленьня: «Хоць усёмагутны Бог і пакараў Рускую зямлю так цяжка і жорстка, што ніхто і апісаць ня здолее, усё ж цяперашні вялікі князь дасягнуў таго, што па ўсёй Рускай зямлі, па ўсёй яго дзяржаве — адна вера, адна вага, адна мера! Толькі ён адзін кіруе! Усё, што ні загадае ён, — усё спаўняецца, і ўсё, што забароніць, — сапраўды застаецца пад забаронай. Ніхто яму не пярэчыць: ні духоўныя, ні сьвецкія». Гістарычна пазытыўныя ацэнкі Івана IV і яго эпохі давалі найбольш аўтарытарныя кіраўнікі Расеі, якія збольшага бачылі ў ім узор. У прыватнасьці, Івана Грознага папулярызавалі ў апошнія гады праўленьня Сталіна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG