Законапраектам прапануецца падвысіць ролю Савету бясьпекі ў пытаньнях абароны незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу, супрацьдзеяньня экстрэмізму і тэрарызму.
Акрамя таго, сярод мэтаў значыцца ўдасканаленьне прававога рэгуляваньня дзейнасьці дзяржаўных органаў і службовых асоб ва ўмовах надзвычайнага і ваеннага становішча, у тым ліку праз магчымую гібель ці гвалтоўную сьмерць Лукашэнкі.
Законапраектам прадугледжваецца імплемэнтацыя ў законы «Аб надзвычайным становішчы» і «Аб ваенным становішчы» нормаў дэкрэту № 2 «Аб абароне сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу».
Удакладняюцца задачы Ўзброеных сілаў, паўнамоцтвы і сацыяльна-прававыя гарантыі вайскоўцаў, якія бяруць удзел у забесьпячэньні рэжыму надзвычайнага становішча.
Законапраект прадугледжвае карэкціроўку абмежаваньняў, якія ўжываюцца ва ўмовах надзвычайнага становішча, пералік сілаў і сродкаў, якія дзеля гэтага прыцягваюцца.
9 траўня Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 2 «Аб абароне сувэрэнітэту і канстытуцыйнага ладу». Дакумэнт прадугледжвае, што ў выпадку гібелі кіраўніка дзяржавы з прычыны замаху, акту тэрарызму, вонкавай агрэсіі, іншых гвалтоўных дзеяньняў усе дзяржаўныя органы і іх службовыя асобы дзейнічаюць у адпаведнасьці з рашэньнямі Савету бясьпекі, на пасяджэньнях якога старшынюе прэм’ер-міністар.
Пры гэтым на тэрыторыі краіны неадкладна ўводзіцца надзвычайнае або ваеннае становішча, а Савет бясьпекі вызначае пералік захадаў для іх забесьпячэньня. Рашэньні Савету бясьпекі абавязковыя для ўсіх, іх належыць безумоўна выконваць.
Пасьля сфальсыфікаваных выбараў 9 жніўня 2020 году Лукашэнку не прызнаюць легітымным прэзыдэнтам ЗША, краіны Эўразьвязу, Украіна і шэраг іншых дзяржаў. Лукашэнка знаходзіцца на чале Беларусі ад 1994 году, пры гэтым большасьць праведзеных пры яго кіраваньні выбараў сусьветная супольнасьць не прызнавала.