Больш за 50 няўрадавых і праваабарончых арганізацый з 18 краін сьвету зьвярнуліся з адкрытым лістом да старшыні Рады дырэктараў кампаніі Nestlé Пола Булке і генэральнага дырэктара Марка Шнайдэра з заклікам спыніць разьмяшчэньне рэклямы ва ўсіх дзяржаўных СМІ Беларусі.
Адкрыты ліст ініцыяваны нямецка-швайцарскай праваабарончай арганізацыяй Libereco, да закліку зь беларускага боку далучыліся Праваабарончы цэнтар «Вясна» і «Прававая ініцыятыва».
Агулам каля 60% рэклямных ролікаў на беларускай дзяржаўнай тэлевізіі разьмяшчаюцца заходнімі карпарацыямі з ЭЗ, ЗША і Швайцарыі, уключаючы такія брэнды, як Mars, Maggi, Schwarzkopf і L’Oréal. Але, як гаворыцца ў лісьце, «ніводная заходняя кампанія не фінансуе дзяржаўную тэлепрапаганду рэжыму Лукашэнкі ў такой ступені, як Nestlé». Падлічана, што прыкладна кожны трэці рэклямны ролік там разьмяшчаецца гэтай швайцарскай кампаніяй.
«Мы шакаваныя тым, што дзяржаўная тэлевізія рэгулярна трансьлюе прымусовыя прызнаньні віны праціўнікамі рэжыму і палітвязьнямі. Зусім нядаўна затрыманы блогер Раман Пратасевіч быў вымушаны даць тэлеінтэрвію, на яго целе былі дакладна бачныя сьляды фізычнага ўзьдзеяньня. Недапушчальна, што Nestlé плаціць за рэкляму сваіх кавы, шакалядных батончыкаў і кацінага харчаваньня ў час жахлівага паказу запалоханых і паднявольных праціўнікаў рэжыму».
Падпісанты ліста лічаць, што Nestlé, як і ўсе іншыя заходнія кампаніі, павінна неадкладна перастаць даваць рэкляму ў беларускіх дзяржаўных СМІ. Кампанія, паводле прэзыдэнта Libereco Ларса Бюнгера, «больш не павінна быць саўдзельніцай цяжкіх злачынстваў рэжыму Лукашэнкі ў галіне правоў чалавека».