Пры гэтым супрацоўнікі маскоўскіх арганізацый, якіх адхіляць ад працы, ня будуць атрымліваць заробку за той пэрыяд, пакуль яны не працуюць. Час адхіленьня ад працы не ўключаецца ў працоўны стаж, а значыць, не ўлічваецца пры афармленьні аплатнага адпачынку. Гэты пэрыяд будзе лічыцца адсутнасьцю на працоўным месцы зь неістотнай прычыны.
Калі работнік не захоча афармляць пісьмовую адмову ад прышчэпкі, арганізацыя мусіць зафіксаваць гэта з дапамогай акту. Паводле закону, супрацоўніка, які адмовіўся ад вакцынацыі, не належыць пераводзіць на дыстанцыйны рэжым, аднак гэтае пытаньне можа быць вырашанае індывідуальна, адзначаецца ў паведамленьні штабу.
Ад сярэдзіны чэрвеня ў Расеі назіраецца рэзкі рост захворваньня на COVID-19. Улады Масквы і Падмаскоўя абавязалі правесьці вакцынацыю 60% усіх, хто працуе ў шэрагу сфэраў эканомікі: у грамадзкім харчаваньні, гандлі, кліенцкіх структурах банкаў, сфэрах транспарту, ЖКГ і энэргетыкі, а таксама супрацоўнікаў тэатраў, музэяў, бібліятэк, салёнаў прыгажосьці, фітнэс-клюбаў, SPA і масажных салёнаў. Акрамя таго, вакцынавацца ад каранавірусу абавязаныя будуць дзяржаўныя службоўцы. Штрафы для бізнэсу за невыкананьне гэтых патрабаваньняў складуць да 1 млн рублёў.
Таксама ў маскоўскіх шпіталях плянавую дапамогу часова будуць аказваць толькі вакцынаваным ад каранавірусу пацыентам. Перад шпіталізацыяй мэдыкі будуць правяраць наяўнасьць прышчэпкі.
Улады Масквы тлумачаць такое рашэньне «выключна» тым, што хочуць «абараніць пацыентаў» з прычыны падвышанай рызыкі заражэньня ў выпадку занясеньня вірусу і немагчымасьці выключыць кантакты на тэрыторыі шпіталя.