Аптэчка. 90 новых адказаў пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі
Аптэчка
90 новых адказаў пра каранавірус
ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі
Пандэмія каранавірусу ахапіла ўсе кантынэнты і ўжо забрала дзясяткі тысячаў жыцьцяў. Як засьцерагчыся ад хваробы, як быць з працай, як захаваць спакой і раўнавагу. Вось адказы на многія пытаньні, што ўзьнікаюць падчас пандэміі. Гэтая інфармацыйная база будзе ўвесь час дапаўняцца.
Ці сталі мы больш разумець вірус і яго ўзьдзеяньне на арганізм?

Так, цяпер мы ведаем пра каранавірус значна больш, чым гэта было ў пачатку пандэміі.

Навукоўцы прыйшлі да высновы, што большая частка пашкоджаньняў у арганізьме ў выніку хваробы COVID-19 адбываецца з прычыны двух узаемазьвязаных праблем.

Па-першае, гэта шкода, якую вірус наносіць крывяносным сасудам. Яна прыводзіць да ўтварэньня згусткаў крыві, тромбаў, памер якіх можа вар’іравацца ад мікраскапічнага да вельмі значнага.

Па-другое, гэта — перабольшаная рэакцыя уласнай імуннай сыстэмы чалавека, шторм сьмяротных клетак-цытакінаў, якія атакуюць паражоныя вірусам клеткі ўласнага арганізму, імкнучыся абараніць яго ад захопнікаў.

Цяперашнія дасьледаваньні і мэтады лячэньня накіраваныя менавіта на дзьве гэтыя зьявы.

Антытрамбозныя лекі ўжо больш шырока выкарыстоўваюцца ў некаторых бальніцах. Агляд гісторый хваробы 2 733 пацыентаў, апублікаваны ў сераду ў Journal of the American College of Cardiology, паказвае, што гэтыя лекі могуць дапамагчы найбольш цяжка хворым.

«Тое, што выклікае гэты вірус, пачынаецца як вірусная інфэкцыя, а пасьля становіцца больш глябальным парушэньнем імуннай сыстэмы і крывяносных сасудаў. Менавіта гэта забівае людзей, — кажа прафэсар Гарвардзкай мэдычнай школы Мандып Мэгра і дадае: — Наша гіпотэза грунтуецца на тым, што COVID-19 пачынаецца як рэсьпіраторны вірус, а забівае як сардэчна-сасудзісты вірус».

Амэрыканскія мэдычныя ўлады назвалі новыя сымптомы COVID-19.

Прадстаўнікі фэдэральных органаў аховы здароўя ЗША зьвярнулі ўвагу на патэнцыйныя сымптомы захворваньня. Па іх словах, дрыжыкі, рэгулярны трэмар з дрыжыкамі, боль у цягліцах або галаўны боль, пяршэньне ў горле, а таксама страта нюху або смаку могуць быць прыкметамі каранавірусной інфэкцыі.

Фэдэральныя Цэнтры па кантролі і прафіляктыцы захворваньняў раней называлі ў якасьці магчымых сымптомаў COVID-19 высокую тэмпэратуру, дыхавіцу (недахоп паветра) і кашаль.

Дзе і колькі часу жыве вірус COVID-19?

Каранавірус можа жыць да пяці сутак на некаторых матэрыялах, у тым ліку на плястыкавых і сталёвых паверхнях:

  • У паветры — да паўгадзіны
  • Алюміній — 2-8 гадзін
  • Хірургічныя пальчаткі — 8 гадзін
  • Сталь — 48 гадзін
  • Дрэва — 4 дні
  • Шкло — 4 дні
  • Папера — 4-5 дзён
  • Плястык — 5 дзён

Ці залежыць пашырэньне каранавірусу ад клімату?

Не залежыць. Як вядома на сёньняшні дзень, вірус COVID-19 можа перадавацца ва ўсіх рэгіёнах, уключаючы рэгіёны з гарачым і вільготным кліматам.

Незалежна ад клімату рабіце засьцерагальныя захады, калі вы жывяце ў горадзе альбо падарожнічаеце ў рэгіён, у якім ёсьць COVID-19.

Найлепшы спосаб засьцерагчы сябе ад COVID-19часта мыць рукі. Такім чынам вы ліквідуеце вірусы, якія могуць быць на вашых руках, і пазьбягаеце заражэньня, якое можа адбыцца, калі вы дакранаецеся да вачэй, рота і носа.

Як уплывае на вірус навакольная тэмпэратура?

Ніяк. Няма падстаў лічыць, што халоднае надворʼе можа забіць новы каранавірус ці іншыя хваробы. Ніяк не абараняе ад інфікаваньня вірусам COVID-19 і гарачая ванна.

Нармальная тэмпэратура цела чалавека застаецца на ўзроўні 36,5—37°С, незалежна ад вонкавай тэмпэратуры і надворʼя.

Каму найбольш пагражае COVID-19?

У ЗША значна больш мужчын, чым жанчыны, памерлі або перанесьлі COVID-19 у цяжкой форме. Гэтая тэндэнцыя назіраецца практычна ў кожнай краіне, пачынаючы з самых першых дадзеных у Кітаі.

Дзеці значна лепш пераносяць захворваньне COVID-19, чым дарослыя. Шматлікія дасьледаваньні паказалі вельмі нізкую сьмяротнасьць сярод заражаных дзяцей і паступовы рост сьмяротнасьці ад COVID-19 да 60-гадовага ўзросту. Пасьля 60 гадоў рызыка сьмерці рэзка ўзмацняецца.

Дасьледаваньне часопісу Lancet, зробленае на дзясятках тысяч выпадкаў, паказала, што сьмяротнасьць сярод дарослых хворых узросту да 30 гадоў складае 0,15% (менш адсотка), а сярод пацыентаў 80 гадоў і старэй — 13,4%, амаль у сто разоў больш.

Найбольшая колькасьць захворваньняў і сьмерцяў ад COVID-19 адбыліся на поўначы плянэты, яны прыпалі на зіму і вясну. У гэтым новая хвароба падобная на такія традыцыйныя, як прастуда і грып.

Існуе шмат доказаў таго, што цесныя жылыя памяшканьні зьяўляюцца адным з самых важных фактараў рызыкі заражэньня каранавірусам.

У Каліфорніі 90% тых, хто быў інфікаваныя каранавірусам, паведамілі, што ня маюць магчымасьці працаваць дыстанцыйна.

Ці праўда, што больш за 80% заражаных каранавірусам маюць «ціхую інфэкцыю» і адчуваюць сябе здаровымі?

Так. Мэдыкі сьцьвярджаюць, што больш за 80% тых, у каго аналізамі было пацьверджана заражэньне Sars-CoV-2, ня мелі ніякіх сымптомаў хваробы. Такіх людзей называюць пацыентамі зь «ціхай інфэкцыяй». Але менавіта яны скажаюць сапраўдную ацэнку і карціну пашырэньня каранавірусу ў сьвеце.

Як прыклад, прыводзіцца дасьледаваньне навукоўцаў з унівэрсытэцкага шпіталю ў Новым Паўднёвым Уэльсе ў Аўстраліі, якія прааналізавалі сытуацыю на круізным лайнэры, які ў сярэдзіне сакавіка адплыў ад берагоў Аргентыны на 21-дзённае падарожжа. На палубе было 128 пасажыраў і 95 членаў каманды. На восьмы дзень падарожжа на караблі зьявіўся першы хворы.

На дваццаты дзень ўсе, хто заставаўся на борце — і пасажыры, і каманда — былі пратэставаныя на Sars-CoV-2. Высьветлілася, што з 225 чалавек заражаныя больш за палову — 59%.

Але ў выніках таго абсьледаваньня было і нешта больш важнае. Толькі 19% інфікаваных мелі хоць нейкія сымптомы хваробы. Астатнія 81% адчувалі сябе абсалютна здаровымі.

Таму навукоўцы выказваюць засьцярогі, што «ціхая інфэкцыя» распаўсюджаная сярод людзей значна больш, чым лічылася дагэтуль. З гэтай прычыны кантраляваць пашырэньне вірусу Sars-CoV-2 будзе значна цяжэй.

Ці праўда, што нават лёгкія формы COVID-19 могуць пашкодзіць мозг?

Брытанскія нэўролягі прааналізавалі падрабязную інфармацыю пра больш чым 40 пацыентаў, якія былі хворыя на COVID-19, у якіх лёгкая форма захворваньня спарадзіла цяжкія ўскладненьні — ад запаленьня мозгу і трызьненьня да паражэньня нэрваў і інсульту.

Дасьледаваньне выявіла істотны рост захворваньня вострым дысэмінаваным энцэфаламіэлітам (ADEM).

У дзясятка пацыентаў было выяўленае запаленьне цэнтральнай нэрвовай сыстэмы, яшчэ ў дзесяці было захворваньне галаўнога мозгу з трызьненьнем або псыхозам, у васьмі — інсульты, яшчэ ў васьмі былі праблемы з пэрыфэрычнымі нэрвамі.

«COVID-19 ўплывае на мозг так, як не ўплываюць іншыя вірусы», — сказаў Майкл Зандзі, адзін з аўтараў дасьледаваньня, кансультант унівэрсытэцкага каледжу Лёнданскага шпіталю.

Дасьледаваныя выпадкі сьведчаць пра доўгатэрміновае ўзьдзеяньне каранавірусу на здароўе, якое не зьнікае нават пасьля выздараўленьня.

Дасьледнiкі адзначаюць, што хваробы мозгу, выкліканыя каранавірусам, могуць праявіцца праз гады пасьля выздараўленьня.

Наколькі высокая рызыка заразіцца каранавірусам праз паветра?

239 экспэртаў з 32 краін заявілі, што верагоднасьць заразіцца COVID-19 праз паветра большая, чым лічыць САЗ.

Нягледзячы на ўсё больш частыя і пераканаўчыя сьведчаньні аб небясьпецы дробных інфікаваных вірусам аэразольных кропелек, САЗ усё яшчэ заяўляе, што вынікі дасьледаваньняў не канчатковыя, і далей сьцьвярджае, што небясьпеку ўяўляюць найперш буйныя кроплі, якія ўтвараюцца, калі хворыя кашляюць і чхаюць.

Каранавірус знаходзіць усё новыя ахвяры па ўсім сьвеце ў барах, рэстаранах, офісах, на рынках і ў казіно. І гэта ўсё больш пацьвярджае высновы многіх навукоўцаў: вірус затрымліваецца ў паветры памяшканьняў, заражаючы навакольных людзей.

Калі паветраная перадача — значны фактар у пандэміі, асабліва ў людных месцах з дрэннай вэнтыляцыяй, наступствы будуць істотныя. Маскі могуць спатрэбіцца ў памяшканьні, нават у сацыяльна аддаленых месцах. Мэдыкам, якія лечаць пацыентаў з каранавірусам, могуць спатрэбіцца рэсьпіратары, якія адфільтроўваюць нават найдрабнейшыя рэсьпіраторныя кроплі.

Сыстэмы вэнтыляцыі ў школах, дамах састарэлых, жылых дамах і на прадпрыемствах, магчыма, павінны мінімізаваць рэцыркуляцыю паветра і дадаваць новыя магутныя фільтры.

Для зьнішчэньня вірусных часьцінак, якія плаваюць у выглядзе дробных кропель у памяшканьнях, можа спатрэбіцца ўльтрафіялетавае выпраменьваньне.

Ужо сёньня ясна, што памяшканьні, дзе працуюць людзі, трэба як мага часьцей праветрываць, каб праз вокны паступала чыстае паветра.

Ці можа новы каранавірус перадавацца праз укусы камароў?

На сёньняшні дзень не існуе ні інфармацыі, ні доказаў, якія дазваляюць выказаць здагадку, што новы каранавірус можа перадавацца камарамі.

Новы каранавірус — гэта рэсьпіраторны вірус, ён распаўсюджваецца галоўным чынам праз кроплі, якія ўтвараюцца, калі інфікаваны чалавек кашляе або чхае, альбо праз кроплі сьліны ці выдзяленьні з носа.

Як доўга ў арганізьме захоўваюцца антыцелы да каранавірусу?

Першыя дасьледаваньні людзей, якія перахварэлі на COVID-19 у самым пачатку эпідэміі, паказваюць даволі трывожныя вынікі — антыцелы да вірусу прысутнічаюць у арганізме чалавека нядоўга.

Дасьледаваньне былых хворых на каранавірусную інфэкцыю праводзілася ў Кітаі і паказала, што прысутнасьць антыцелаў да каранавірусу рэзка скарачаецца ўжо праз 2-3 месяцы. Прычым гэта тычыцца як людзей, у якіх былі сымптомы хваробы, так і тых, хто перанёс вірус бессымптомна, паведамляе агенцтва Ройтэрз.

Некаторыя навукоўцы, як, напрыклад, вірусоляг з Ганконгу Цзінь Дунянь, мяркуюць, што трэба ўлічваць і іншыя складнікі імуннай сыстэмы. Напрыклад, некаторыя клеткі запамінаюць, як яны процідзейнічалі вірусу, і могуць уключыць гэтую памяць пры паўторным заражэньні. Але навукоўцы пакуль ня ведаюць, ці распаўсюджваецца гэта на каранавірус.

Як правільна дэзынфікаваць паверхні?

Людзі і раней сваімі рукамі мылі падлогі і іншыя паверхні ў кватэрах, праціралі пыл і маюць у гэтай справе пэўны спрыт. І вось якраз гэта ў часы пандэміі можа замінаць правільна ачышчаць дом. Бо многія з нас рабілі гэта схематычна і хутка: папырскалі, працерлі анучкай ці губкай і пайшлі далей.

Тым часам розныя дэзынфэкцыйныя сродкі, якія сёньня выкарыстоўваюцца для зьнішчэньня каранавірусу на паверхнях, цалкам выконваюць сваю функцыю за час ад 30 сэкунд да 10 хвілін. А некаторыя да таго ж яшчэ і вымагаюць, каб перад іх ужываньнем паверхі былі дадаткова ачышчаныя.

Каб разабрацца ў гэтым, The New York Times апытала навукоўцаў-інфэкцыяністаў і мікрабіёлягаў, якія вывучаюць і тэстуюць сродкі ачысткі. Агульны вынік: многія з нас сапраўды занадта хутка мыюць і праціраюць паверхні, каб каранавірус пасьпеў загінуць.

«Чым даўжэй вы можаце падтрымліваць кантакт дэзынфэкцыйнай вадкасьці з паверхняй, тым лепш, — кажа доктар Эндру Янаўскі, інфэкцыяніст з Мэдычнай школы Вашынгтонскага ўнівэрсытэту. — Дома я чакаю прыкладна хвіліну пасьля нанясеньня спрэю, першы чым выцерці паверхню».

Калі паверхня пакрытая крошкамі, брудам або разьлітай ежай, вам сапраўды спачатку трэба сабраць сьмецьце і бруд, і толькі пасьля выкарыстоўваць дэзынфэкцыю.

«Каб антывірусны сродак дзейнічаў, ён павінен судакранацца зь мікробам, — кажа доктар Вэбэр, які апрача працы ва ўнівэрсытэце Паўночнай Караліны кансультуе фірму PDI, якая вырабляе сродкі дэзынфэкцыі. — Калі ў вас ёсьць пласт бруду, то ён можа абараніць вірусы. Ачыстка сапраўды павінна папярэднічаць дэзынфэкцыі».

Ці трэба пераапранацца і прымаць душ, калі мы прыходзім з вуліцы?

Спэцыялісты сыходзяцца на думцы, што большасьці з нас, хто практыкуе сацыяльнае дыстанцыяваньне і робіць толькі пэрыядычныя паездкі і паходы ў харчовыя крамы ці аптэку, няма неабходнасьці мяняць вопратку ці прымаць душ, калі мы вяртаемся дадому.

Дасьледаваньні паказваюць, што некаторыя маленькія вірусныя часьцінкі могуць плаваць у паветры каля паўгадзіны, але яны ня лётаюць як мошкі і наўрад ці сутыкнуцца з нашым адзеньнем.

Кропля, якая настолькі малая, каб некаторы час плаваць у паветры, наўрад ці асядзе на адзеньне з прычыны аэрадынамікі, — кажа Лінсы Мар, навуковец у галіне аэразоляў з Тэхналягічнага ўнівэрсытэту ў Вірджыніі.

Найлепшы спосаб апісаць гэта, — кажа навуковец, — гэта ўспомніць пра абцякальныя патокі паветра ці вады вакол нейкай перашкоды. Калі аўтамабіль рухаецца, яго разам з паветрам абцякаць дробныя кузуркі. І толькі калі аўтамабіль рухаецца вельмі хутка, у лабавую шыбу ўразаюцца большыя кузуркі.

Але людзі звычайна ня рухаюцца вельмі хутка, каб сутыкненьне мікрачасьцінкамі адбылося, — працягвае доктар Мар, — калі мы рухаемся, мы выштурхоўваем паветра са свайго шляху, і большасьць кропель і часьцінак таксама выштурхваюцца з паветрам.

Заражэньне магчымае, калі нехта падчас размовы будзе распыляць вялікія кроплі, кашляючы, чхаючы ці плюючыся. Толькі тады кроплі могуць асесьці на адзеньне.

Калі мы ходзім па крамах і хтосьці чхае на нас, тады варта, прыйшоўшы дадому, пераапрануцца і прыняць душ.

У астатніх выпадках можна супакоіцца. Наша цела па меры свайго павольнага руху адштурхоўвае паветра і вірусныя часьцінкі разам зь ім. Гэта простая фізыка.

Ці можна заразіцца каранавірусам праз адзеньне, на якое ён асядае?

Журналісты New York Times спыталіся ў экспэртаў, ці варта турбавацца наконт мыцьця і сартаваньні хатніх рэчаў і ці можна стрэсьці вірусныя часьцінкі з адзеньня ў паветра?

Адказ залежыць ад таго, ідзе мова мы пра рэчы здаровага чалавека, які ходзіць на вуліцу ці ў краму, або рэчы хворага на каранавірус, якога мы даглядаем.

Звычайнае праньне не павінна выклікаць клопату. Яго можна рабіць як звычайна. Некаторыя тыпы вірусаў вельмі цяжка вычысьціць з адзеньня нават у пральнай машыне. Але новы каранавірус, на шчасьце, не належыць да іх ліку. Ён, як і вірус грыпу, пакрыты тлушчавай мэмбранай, якую лёгка зьнішчае мыла.

Таму трэба проста праць адзеньне з пральным парашком і прытрымлівацца інструкцый што да тэмпэратуры праньня. А пасьля добра прасушыць рэчы ў сушыльнай машыне ці звычайным спосабам. Гэтага больш чым дастаткова для зьнішчэньня вірусу на адзеньні. У тым выпадку, калі ён наогул там быў.

Санітарна-эпідэміялягічныя службы рэкамэндуюць апранаць пальчаткі пры ўборцы памяшканьня пасьля таго, як у ім пабываў хворы. Трэба выкарыстоўваць максымальна магчымую тэмпэратуру вады і пасьля цалкам высушыць паверхні.

Можна зьмешваць у пральнай машыне бялізну хворага чалавека з адзеньнем здаровых членаў сям’і. Але калі вы проста пакінеце бялізну хворага паляжаць некаторы час, гэта таксама зьніжае рызыку, бо вірус высыхае і разбураецца.

Ці варта дэзынфікаваць абутак пасьля прыходу з вуліцы?

Нядаўняе дасьледаваньне з Кітаю паказала, што сярод работнікаў аховы здароўя ў паловы быў выяўлены каранавірус на абутку, што не зьяўляецца нечаканасьцю, паколькі яны працавалі ў лякарнях з інфіцыраванымі пацыентамі.

Калі вашы чаравікі можна праць у пральнай машыне, то рабіце гэта.

Некаторыя пытаюцца, як праціраць падэшву абутку сурвэткай. Гэта рабіць не рэкамэндуецца. Гэта дадатковае расходаваньне сродкаў дэзынфэкцыі, якое да таго ж пагражае тым, што шкодныя вірусы і бактэрыі ня толькі застануцца на паверхі падэшвы, але і трапяць на рукі чалавека.

Нават калі вы напырскаеце на падэшву дэзынфэкцыйны раствор, вірус усё роўна можа застацца на ёй у трэшчынах, драпінах і складаных дэталях рэльефу.

Лепш з ўсё пакідаць абутак за дзьвярыма, калі ёсьць такая магчымасьць. Ці падумаць, як яго захоўваць у перадпакоі ў бясьпечным месцы, калі ў вас ёсьць малыя дзеці. Лепш не рабіць з абуткам дадатковых маніпуляцый пасьля таго, як вы прыйшлі з вуліцы.

Ідэя захоўваць абутак за дзьвярыма кватэры — вельмі добрая і ня ў час пандэміі. Лекары рэкамэндуюць рабіць гэта заўсёды, асабліва калі ў доме ёсьць людзі з аслабленым імунітэтам.

Трэба памятаць што вірус даволі хутка гіне па-за арганізмам чалавека і вельмі баіцца сухасьці. На паперы ён жыве да сутак, на жалезных і плястыкавых паверхнях — да трох дзён.

Якая рызыка перадачы каранавіруса ўнутры аўтамабіля?

Новае дасьледаваньне паветраных патокаў у салёне машыны дае ўяўленьне, наколькі пасажыры і кіроўцы рызыкуюць заразіцца каранавірусам, калі адзін зь іх хворы.

«Нават калі вы носіце маску на твары, вы ўсё роўна атрымліваеце мікраскапічныя аэразолі, якія вылучаюцца кожны раз, калі нехта побач з вамі дыхае», — кажа Варгезэ Матгаі, фізык з Масачусэцкага ўнівэрсытэту.

Дасьледчыкі мадэлявалі ўнутраны паветраны паток аэразоляў у машыне тыпу Toyota Prius на хуткасьці каля 80 км на гадзіну і пры ўмовах, калі вокны былі адчыненыя або зачыненыя ў розных камбінацыях. Кандыцыянэр быў уключаны ва ўсіх выпадках.

Ня дзіва, што хуткасьць вэнтыляцыі была самая нізкая, калі ўсе чатыры шыбы былі зачыненыя. У гэтым сцэнары ад 8 да 10 працэнтаў аэразоляў, якія выдыхаліся адным з пасажыраў, дасягалі іншага чалавека.

Аўтамабіль — адно з самых небясьпечных месцаў.

Ці можна заразіцца каранавірусам у ліфце?

Калі вы едзеце ў ліфце без спадарожнікаў, вы можаце падчапіць каранавірус, хаця рызыка нізкая. Кнопкі ліфтаў і бакавыя сьценкі могуць стаць крыніцай заразы, калі вы дакраняцеся да іх, а пасьля да твару.

А вось што з паветрам у ліфце? Ці можна набрацца мікробаў, дыхаючы паветрам ліфта, дзе ехаў заразны пасажыр?

Рычард Корсы, дэкан інжынэрных і інфармацыйных навук дзяржаўнага ўнівэрсытэту ў Портлэндзе і спэцыяліст у галіне якасьці паветра ў памяшканьнях, паставіў некалькі спэцыяльных экспэрымэнтаў з выкарыстаньнем прынцыпаў тэхнікі і мэханікі вадкасьці. Ён кажа што ўлічваючы разнастайнасьць ліфтаў і будынкаў, існуюць тысячы сцэнарыяў, якія даюць розныя вынікі.

«Я ня ведаю, ці будзе доза ў ліфце досыць высокай, каб стварыць значную небясьпеку, але я хутчэй пайду па лесьвіцы, калі гэта магчыма» — падсумоўвае прафэсар Рычард Корсы.

Выйсьце для тых з нас, хто павінен выкарыстоўваць ліфты, — прыняць наступныя меры засьцярогі:

Па-першае, калі гэта магчыма, трэба пазьбягаць язды з іншымі людзьмі.

Па-другое, заўсёды ў ліфце трэба мець на твары маску, нават калі вы едзеце ў адзіноце — маска дапаможа абараніць вас ад апошняга пасажыра і абароніць наступнага пасажыра ад вашых мікробаў.

Па-трэцяе, трэба пазьбягаць дотыкаў да твару пасьля дакрананьня да кнопак ліфта, а потым трэба памыць рукі.

Па-чацьвёртае, калі вы маеце ехаць зь іншымі людзьмі, не ўваходзьце ў ліфт у тым выпадку, калі ўнутры ня ўсе маюць маску на твары.

Ці сапраўды маскі дапамагаюць абараніцца ад каранавірусу?

Спрэчкі пра эфэктыўнасьць масак не спыняюцца практычна з самага пачатку каранавіруснай пандэміі. Але цяпер група навукоўцаў з ЗША і Тайваню апублікавала дасьледаваньне, у якім неабходнасьць насіць маскі тлумачыцца прыродай часьціц, якія пераносяць вірусы.

Аўтары дасьледаваньня адзначаюць, што калі людзі дыхаюць, яны выдзяляюць часьціцы вільгаці памерам ад 0,1 до 1000 мікрамэтраў (раней іх называлі мікронамі). Буйнейшыя часьцінкі хутчэй асядаюць на паверхні, заражаючы яе. Драбнейшыя выпараюцца хутчэй, але і лягчэй пераносяцца па паветры, прычым на значныя адлегласьці. І абодва шляхі — паветраны і пры дотыку з інфікаванай паверхняй — патэнцыйна могуць прывесьці да заражэньня.

Што тычыцца выкарыстаньня масак, у закрытых памяшканьнях навукоўцы рэкамэндуюць насіць шчыльна прылеглыя маскі, нават калі людзі захоўваюць сацыяльную дыстанцыю два мэтры. У адваротным выпадку, як сьцьвярджаюць спэцыялісты, ні тэставаньне, ні дыстанцыяваньне, ні адсочваньне кантактаў не дапамогуць, бо бессымптомным заражаным можа аказацца любы чалавек.

Менавіта пасьля таго, як было выяўлена, што перадача інфэкцыі бессымптомнымі носьбітамі магла стаць прычынай распаўсюду COVID-19 па ўсім сьвеце, Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндавала ўсім без вынятку насіць маскі.

Аўтары артыкулe ў Science адзначаюць, што маскі сапраўды забясьпечваюць нас важным бар’ерам, зьніжаючы лік шкодных вірусаў у выдыху хворых зь нязначнымі сымптомамі ці ўвогуле бязь іх. Матэрыял, зь якога зробленыя хірургічныя маскі, прыкметна паніжае верагоднасьць заражэньня COVID-19.

Здольнасьць масак хатняга вырабу да эфэктыўнай фільтрацыі паветрана-кропельных сумесяў нягледзячы на розьніцу ў таўшчыні, матэрыялах і колькасьці іх пластоў, як высьветлілася, ня шмат саступае здольнасьці прафэсійных хірургічных масак.

Як часта трэба мыць шматразовую маску?

Ідэальна — пасьля кожнага выкарыстаньня.

«Маска забруджваецца пасьля штодзённага нашэньня. Мы выявілі вірус на ўнутранай і вонкавай паверхні масак, як хірургічных, так і тканевых», — кажа прафэсар Райна Макінтайр, інфэкцыяністка за Аўстраліі.

«Частае мыцьцё асабліва важнае, калі вы кантактуеце з уразьлівымі людзьмі», — сьцьвярджае прафэсар Уільям Рыстэнпарт з Каліфарнійскага ўнівэрсытэту. — «Вядома, нельга праць маскі кожныя 20 хвілін, але кожныя пяць-шэсьць дзён — гэта занадта рэдка».

Як маскі праць?

Лепш за ўсё праць іх у гарачай вадзе.

«Мыць трэба ў вадзе з тэмпэратурай ня менш за 60°C з мылам», — кажа прафэсарка Райна Макінтайр.

Раней яна правяла выпрабаваньне тканевых масак сярод віетнамскіх мэдыкаў і выявіла, што ў параўнаньні з хірургічнымі маскамі яны ня толькі не абараняюць пэрсанал, але і павышаюць рызыку захворваньня. Далейшы аналіз паказаў, што праблема палягала ня ў масках як такіх, а ў тым, што іх часта мылі ўручную.

Перад надзяваньнем маска павінна быць цалкам сухая.

Як абараніцца ад каранавірусу ў памяшканьні?

Амэрыканскія лекары прапануюць наступныя меры для абароны ад вірусу ў вялікіх будынках, у тым ліку офісных:

  • па магчымасьці ўхіляцца ад кантакту — напрыклад, заахвочваючы пэрсанал працаваць з дому;
  • дазваляць ўваход толькі тым, каму неабходна фізычна прысутнічаць у будынку;
  • можна пачаць выкарыстаньне паветраных фільтраў і рабіць дэзынфэкцыя паверхняў;
  • трэба кіраваць плынямі людзей, якія праходзяць праз будынак — напрыклад, колькасьцю тых, хто знаходзяцца ў ліфтах адначасова;
  • трэба патрабаваць выкарыстаньня ахоўных масак і іншых сродкаў індывідуальнай абароны ў памяшканьні.

Пры гэтым, нягледзячы на гэтыя меры засьцярогі, аптымальная стратэгія — проста насіць маску ў памяшканьні, — кажа Марцін Базант, інжынэр-хімік з Масачусэцкага тэхналягічнага інстытуту і дадае: «Гэта мае значна большы эфэкт, чым можа даць любая з гэтых стратэгій».

  • Праветрываньне

Таксама вельмі важныя праветрываньні. У офісах іх лепш рабіць кожныя 20 хвілін. Пры гэтым мае сэнс нават прыадчыненае акно — нават у гэтым выпадку адбываецца цыркуляцыя і абмен паветрам паміж памяшканьнем і вуліцай. Калі вы едзеце ў аўтамабілі ці ў грамадзкім транспарце, то і тут нават троху прыадчыненае акно дапаможа істотна зьменшыць рызыку заражэньня.

Ці абараняюць ад новага каранавірусу вакцыны ад пнэўманіі?

Не. Вакцыны супраць пнэўманіі, такія як пнэўмакокавая вакцына і вакцына супраць гемафільнага грыпу тыпу B (Hib), не абараняюць ад новага каранавірусу.

Вірус настолькі новы і адрозны ад іншых, што яму патрэбна ўласная вакцына. Дасьледчыкі спрабуюць распрацаваць вакцыну супраць 2019-nCoV, і Сусьветная арганізацыя здароўя падтрымлівае іх намаганьні.

Хоць гэтыя вакцыны не эфэктыўныя супраць 2019-нCoV, вакцынацыя супраць рэсьпіраторных захворваньняў настойліва рэкамэндуецца для аховы здароўя.

Ці дапаможа рэгулярнае прамываньне носа фізіялягічным растворам?

Не. Няма доказаў таго, што рэгулярнае прамыванае носа фізіялягічным растворам абараняла людзей ад заражэньня новым каранавірусам.

Існуюць некаторыя доказы, што рэгулярнае прамываньне носа фізіялягічным растворам можа дапамагчы людзям хутчэй паправіцца пасьля катару. Аднак не пацьверджана, што рэгулярнае прамываньне носу прадухіляе рэсьпіраторныя інфэкцыі.

Ці зьяўляецца алькаголь сродкам прафіляктыкі ад каранавірусу?

Вера ў тое, што моцныя напоі, тыпу гарэлкі і віскі, могуць служыць сродкам прафіляктыкі новага каранавірусу SARS-Cov-2, прывяла да таго, што ў Кітаі ў першыя месяцы цяперашняй эпідэміі таксама падскочыла спажываньне алькаголю, а ў Іране, дзе сьпіртное забароненае зусім, былі выпадкі масавых атручэньняў падпольнай сівухай.

Магчыма, гэтыя чуткі паўсталі пасьля шэрагу публікацый, у прыватнасьці, у кітайскай прэсе, аб тым, што вірусолягі выявілі яшчэ на раньніх этапах: каранавірус SARS-Cov-2 больш уразьлівы да ўзьдзеяньня алькаголю, чым іншыя сьмяротна небясьпечныя яго суродзічы SARS і MERS. Але гаворка ішла толькі аб праціраньні паверхняў сьпіртавымі растворамі, а не пра ўнутранае ўжываньне.

Адмыслоўцы зазначаюць, што сьпіртное дапамагае хутка заснуць, але затым алькаголь парушае фазу глыбокага сну, калі цела і мозг расслабляюцца больш за ўсё, і чалавек можа прачнуцца сярод ночы і да раніцы мучыцца бессаньню.

Алькаголь — гэта дэпрэсант, таму тыя, хто пачынае піць больш, чым звычайна, могуць раптам апынуцца пад узьдзеяньнем уласных нэгатыўных думак. Ужываньне алькаголю для зьняцьця стрэсу можа толькі ўзмацніць агульнае пачуцьцё ўстурбаванасьці і трывогі і ў цэлым пагоршыць настрой.

Да таго ж, адзначаюць экспэрты, не заўсёды лёгка заўважыць пачатак алькагольнай залежнасьці ў самога сябе.

Ці антыбіётыкі эфэктыўныя ў прадухіленьні і лячэньні новага каранавірусу?

Не, антыбіётыкі ня дзейнічаюць супраць вірусаў, а толькі супраць бактэрыяў.

Новы каранавірус (2019-nCoV) — гэта вірус, і таму антыбіётыкі не павінны выкарыстоўвацца ў якасьці сродку прафіляктыкі і лячэньня.

Аднак, калі вас шпіталізавалі зь вірусам 2019-nCoV, вы можаце атрымаць антыбіётыкі, таму што магчыма заразіцца бактэрыямі.

Ці набліжаемся мы да вакцыны і лекаў ад COVID-19?

Да гэтага часу няма лекавых сродкаў ад каранавірусу альбо вакцыны супраць яго.

Дасьледаваньні па ўсім сьвеце праводзяцца вельмі інтэнсіўна і цяпер у распрацоўцы знаходзяцца больш за 20 вакцын.

Першае выпрабаваньне вакцыны на людзях было пачатае ў сакавіку 2020 году навукоўцамі зь лябараторыі ў амэрыканскім Сыэтле. Яны зрабілі незвычайны крок, прапускаючы дасьледаваньні на жывёлах, каб праверыць эфэктыўнасьць вакцыны.

Але нават калі гэтыя — і любыя іншыя выпрабаваньні — будуць пасьпяховыя, большасьць навукоўцаў лічаць, што ня варта чакаць сэрыйнай вытворчасьці вакцыны раней за другую палову 2021 году. Хоць ужо ёсьць паведамленьні, што некаторыя лябараторыі спадзяюцца распрацаваць вакцыну ў 2020 годзе.

Лекары правяраюць сучасныя супрацьвірусныя прэпараты, каб даведацца, ці працуюць яны супраць каранавірусу. Гэта паскарае дасьледаваньні, бо гэтыя лекі можна бясьпечна даваць людзям.

У некаторых краінах (ЗША, Вялікабрытанія, Чэхія) на невялікай колькасьці пацыентаў праводзяцца выпрабаваньні антывіруснага сродку рэмдэзівір, які раней выкарыстоўваўся супраць ліхаманкі Эбалы, але таксама эфэктыўны супраць шырокага спэктру вірусаў.

У Чэхіі пасьля таго, як з рэмдэзівірам акрыяў адзін цяжкі пацыент, гэты лека дазволілі выкарыстоўваць у трох бальніцах.

Вакцыны прадухіляюць заражэньне, лекі — лечаць, але найлепшы спосаб не захварэць на сёньняшні дзень — гэта гігіена.

Ці можна паўторна заразіцца каранавірусам?

Пакуль дакладнага адказу на гэтае пытаньне няма. Сусьветная арганізацыя здароўя вывучае паведамленьні аб тым, што ў некаторых пацыентаў, якія перахварэлі СOVID-19 і якія атрымалі адмоўны вынік пры тэставаньні пасьля таго, як паправіліся, падчас выпіскі зь лякарні зноў фіксуюць наяўнасьць вірусу ў арганізме пры паўторным тэставаньні.

Нядаўна ўлады Паўднёвай Карэі паведамілі аб тым, што паўторныя аналізы 91 пацыента, якія лічыліся, што выздаравелі, нечакана аказаліся станоўчымі. Дырэктар Цэнтру па кантролі і прафіляктыцы захворваньняў гэтай краіны, у размове з журналістамі выказаў здагадку, што размова ў дадзеным выпадку можа ісьці аб «рэактывацыі» віруса ў арганізме, а не аб паўторным заражэньні.

Паводле рэкамэндацыі САЗ, пацыент можа быць выпісаны са шпіталя пасьля двух пасьлядоўных адмоўных вынікаў з інтэрвалам ня менш за 24 гадзін.

Па дадзеных дасьледаваньняў, пэрыяд паміж зьяўленнем сымптомаў і клінічным выздараўленьнем пацыентаў з COVID-19 у лёгкай форме звычайна складае два тыдні, дадалі ў САЗ.

«Мы ведаем, што некаторыя пацыенты прадэманстравалі ПЛР-станоўчую рэакцыю пасьля клінічнага выздараўленьня, але нам трэба правесьці сыстэматычны збор тэстаў у ачунялых пацыентаў, каб лепш зразумець, на працягу якога часу вірус застаецца ў арганізме», — гаворыцца ў паведамленьні САЗ.

Ці праўда, што навукоўцы знайшлі першы прэпарат, які зьмяншае сьмяротнасьць ад COVID-19?

Навукоўцы з Оксфардзкага ўнівэрсытэту заявілі 16 чэрвеня, што яны вызначылі першы прэпарат, які зьмяншае сьмяротнасьць ад заражэньня каранавірусам.

Прэпаратам аказаўся даволі танны стэроід — дэксамэтазон. Гэты лек зьменшыў сьмяротнасьць інфікаваных пацыентаў, якім рабілі штучную вэнтыляцыю лёгкіх, на траціну, а тых, якія атрымлівалі кісларод, — на 20 адсоткаў. Выпрабаваньні дэксамэтазону рабіліся на групе 6 тысяч пацыентаў, зь якіх 2 тысячы праходзілі штучную вэнтыляцыю лёгкіх або атрымлівалі кісларод.

Мэт Гэнкак, міністар аховы здароўя Вялікай Брытаніі, заявіў, што лекары Нацыянальнай службы аховы здароўя пачнуць лячыць пацыентаў гэтым лекам ужо 16 чэрвеня. Ён дадаў, што ўрад пачаў запасацца дэксамэтазонам некалькі месяцаў таму і цяпер мае 200 тысяч дозаў.

Як засьцерагчыся ад каранавірусу. Парады САЗ.

Большасьць людзей, якія хварэюць на COVID-19, маюць невыразныя сымптомы і папраўляюцца. Аднак здараюцца і больш сур’ёзныя выпадкі, зь цяжкімі праявамі хваробы. Вось парады Сусьветнай арганізацыі здароўя:

  • Мыйце рукі. Часта.
    Рэгулярна і вельмі старанна мыйце рукі са сродкам, які зьмяшчае сьпірт, альбо вадой з мылам.
  • Захоўвайце дыстанцыю.
    Старайцеся знаходзіцца на адлегласьці ня меней за 1 мэтар ад суразмоўцаў, якія кашляюць ці шморгаюць носам.
  • Не дакранайцеся да вачэй, носа і рота.
    На руках можа быць вірус, таму, калі вы дакраняцеся да сьлізістых паверхняў, ён можа трапіць у арганізм і вы захварэеце.
  • Прыкрывайце рот і нос локцем ці сурвэткай, калі кашляеце і чхаеце.
    Выкарыстаную сурвэтку трэба адразу выкінуць. Калі пры кашлі або чханьні прыкрываць нос і рот рукой, мікробы могуць патрапіць на вашы далоні, а затым на прадметы або людзей, да якіх вы дакраняцеся.
  • Калі ў вас тэмпература, кашаль ці вы цяжка дыхаеце, адразу зьвяртайцеся да доктара.
    Заставайцеся дома, калі пачуваецеся кепска. Зьвяртайцеся па мэдыцынскую дапамогу неадкладна і выконвайце парады лекараў. Так вы ачуняеце хутчэй і ня станеце крыніцай інфэкцыі для іншых.
У якіх выпадках належыць насіць маску і як ёю карыстацца — рэкамэндацыі САЗ.

САЗ адзначае, што маскі зьяўляюцца эфэктыўным сродкам засьцярогі толькі ў камбінацыі з рэгулярнай апрацоўкай рук сьпіртазьмяшчальным антысэптыкам або вадой з мылам.

  • перад тым як надзець маску, апрацуйце рукі сьпіртазьмяшчальным сродкам або вымыйце іх з мылам;
  • надзеньце маску так, каб яна закрывала нос і рот без шчылінаў паміж целам і маскай;
  • не дакранайцеся да маскі падчас выкарыстаньня; у выпадку дакрананьня апрацуйце рукі сьпіртазьмяшчальным сродкам або вымыйце іх з мылам;
  • як толькі маска становіцца сырой, замяніце яе новай, і не выкарыстоўвайце аднаразовыя маскі паўторна;
  • зьнімаючы маску, трымайце яе за гумкі ззаду і не кранайце пярэдняй часткі маскі; адразу выкіньце яе ў кантэйнэр для сьмецьця, які прыкрываецца; апрацуйце рукі сьпіртазьмяшчальным сродкам або вымыйце іх з мылам
Чаму мыла працуе лепей за іншыя сродкі дэзынфэкцыі?

Калі вы мыеце рукі з мылам, вы акружаеце любыя мікраарганізмы на скуры малекуламі мыла. Некаторыя малекулы мыла парушаюць хімічныя сувязі, якія дазваляюць бактэрыям, вірусам прыліпаць да паверхняў, здымаючы іх са скуры.

Калі вы апалоскваеце рукі, усе мікраарганізмы, якія былі пашкоджаныя, захопленыя і забітыя малекуламі мыла, змываюцца.

Паводле навукоўцаў, у цэлым сродкі для дэзынфэкцыі рук не такія надзейныя, як мыла. Санітарныя сродкі, якія маюць менш за 60 адсоткаў этанолу, дзейнічаюць аналягічна, перамагаючы бактэрыі і вірусы, дэстабілізуючы іх ліпідныя мэмбраны.

Але яны ня могуць так лёгка выдаліць мікраарганізмы з скуры як мыла, адзначае амэрыканскае выданьне і робіць выснову, што «збольшага мыцьцё рук зьяўляецца больш эфэктыўным, чым ачышчэньне дэзынфікуючымі сродкамі, бо дэзынфэкцыя на аснове сьпірту добрая ў тым выпадку, калі мыла і вада недаступныя».

Ці ратуюць сродкі для паласканьня рота ад каранавірусу?

Нават калі людзі пакрыюць унутраную частку рота хімічным рэчывам, што забівае каранавірус, значная колькасьць яго часьцінак ўсё роўна застаецца ў арганізьме, піша амэрыканская The New York Times.

У шэрагу правакацыйных загалоўкаў гучыць прывабная ідэя: вадкасьць для паласканьня рота можа «дэзактываваць» каранавірус і дапамагчы стрымаць яго распаўсюджваньне.

Крыніцай гэтых публікацый стала новае дасьледаваньне, якое паказала, што звычайны каранавірус, які выклікае прастуду, можа быць зьнішчаны ў лябараторыі, калі яго зьмясьціць у вадкасьць для паласканьня рота. Аўтары дасьледаваньня прыйшлі да высновы, што пратэставаныя імі прадукты «могуць забясьпечыць дадатковы ўзровень абароны ад новага каранавірусу».

Але сутнасьць у тым, піша The New York Times, што ў дасьледаваньні вывучаліся звычайныя каранавірусы, даўно вядомыя — тыя, што выклікаюць звычайную прастуду.

Навукоўцы сьцьвярджаюць, што нават калі б людзі вельмі старанна пакрылі ўнутраную частку рота ці носу хімічным рэчывам, якое забівае каранавірус, значная колькасьць вірусу ўсё роўна засталася б у арганізьме. Новы каранавірус пранікае ня толькі ў рот і нос, але таксама ў глыбокае горла і лёгкія, куды, як вядома, ніколі не трапляюць вадкасьці для паласканьня рота і носа.

Вірусы, якія ўжо схаваныя ўсярэдзіне клетак, таксама будуць абаронены ад хімікатаў хуткага дзеяньня, якія зьмяшчаюцца ў сродках для паласканьня рота.

Ці можа каранавірус выжываць на замарожаных прадуктах?

Жывы каранавірус выяўлены на ўпакоўках замарожаных прадуктаў у Кітаі. Улады краіны заяўляюць, што выпадкаў перадачы інфэкцыі спажыўцам не было, і рызыка таго, што гэта адбудзецца, невялікая, інфармуе брытанская The Guardian.

17 кастрычніка 2020 году Кітайскі цэнтар кантролю і прафіляктыкі захворваньняў (CDC) заявіў, што знайшоў сьляды жывога SARS-Cov-19 на зьнешняй упакоўцы замарожанай траскі ва ўсходнім прыбярэжным горадзе Ціндао. Гэта стала першым выпадкам, калі жывы каранавірус быў знойдзены на паверхні замарожаных тавараў. Дасьледчыкі шукалі крыніцу нядаўняй успышкі COVID-19, зьвязанай зь лякарняй у Ціндао.

Генэтычныя сьляды вірусу раней былі выяўленыя ва ўзорах замарожаных прадуктаў, але сам жывы вірус раней не знаходзілі.

«Было пацьверджана, што кантакт са зьнешнім бокам упакоўкі, заражанай новым каранавірусам, можа выклікаць інфэкцыю», — гаворыцца ў заяве агенцтва на яго вэб-сайце. У паведамленьні, аднак, ня ўказваецца паходжаньне партыі замарожаных прадуктаў.

CDC таксама паведаміў, што сярод 2,98 млн упаковак харчовых прадуктаў дасьледчыкі выявілі 22 узоры са станоўчым вынікам тэсту на прысутнасьць жывога каранавірусу.

Як перастаць дакранацца да твару і не заражаць сябе?

Адной задач падчас пандэміі каранавіруса стала навучаньне людзей часта мыць рукі і перастаць дакранацца да сьлізістых абалонак твару — вачэй, носа і рота. Якраз гэтыя часткі цела зьяўляюцца асноўнымі парталамі для пранікненьня ў арганізм новага каранавіруса.

Мы чухаем нос, расьціраем вочы, абапіраемся на падбародак, кратаем вусны, нават пастукваем пальцамі па зубах — у людзей ёсьць мноства спосабаў занесьці інфэкцыю.

Каб разарваць звычку дакранацца да твару, паспрабуйце выкарыстоўваць тканіну, калі вам трэба пачухаць нос ці пацерці вочы.

Нанясеньне касмэтыкі можа таксама зьменшыць колькасьць дотыкаў да твару, каб не размазаць яе. Адно з дасьледаваньняў паказала, што жанчыны дакраналіся да твару значна менш, калі яны мелі макіяж.

Іншае рашэньне: паспрабуйце вызначыць спускавыя мэханізмы для дакрананьняў да твару, напрыклад, сухую скуру ці сьверб у вачах, і выкарыстоўвайце ўвільгатняючыя крэмы або вочныя кроплі для лячэньня гэтых праяў.

Можа дапамагчы і нашэньне акуляраў як натуральнага бар’ера для дакрананьня да вачэй.

Ці дапамагае ад COVID-19 вітамін D?

Папярэднія вынікі дасьледаваньня, праведзенага навукоўцамі з Шпітальнага фонду каралевы Лізаветы і Ўнівэрсытэту Ўсходняй Ангельшчыны, зьвязваюць нізкі ўзровень вітаміну D са сьмяротнасьцю ад COVID-19 па ўсёй Эўропе.

Дасьледнікі вывучылі наяўную мэдычную літаратуру для каталягізацыі сярэдніх узроўняў вітаміну D сярод грамадзянаў 20 краінаў Эўропы, а затым параўналі дадзеныя з адноснай колькасьцю сьмерцяў ад COVID-19 у кожнай краіне.

Просты статыстычны тэст паказаў, што паміж лічбамі існуе даволі пераканаўчая карэляцыя: у папуляцыі зь нізкай сярэдняй канцэнтрацыяй вітаміну D назіраецца большая колькасьць сьмерцяў ад SARS-CoV-2.

Гэта, аднак, толькі папярэднія высновы, якія не прэтэндуюць на абсалютную дакладнасьць, бо, магчыма, людзі, якія маюць больш высокі ўзровень вітаміну D у целе, рабілі і нешта іншае, што дапамагала ім супрацьстаяць вірусу.

Чаму ўзровень вітаміну D важны пры каранавірусе?

Некаторыя навукоўцы лічаць, што ў людзей зь недахопам вітаміну D формы імунных рэакцый слабыя або анамальныя. Таму такія людзі больш адчувальнымі да цяжкіх форм COVID-19, піша амэрыканская газэта The New York Times.

У першыя месяцы мэдыкі заўважылі, што цяжкае працяканьне каранавіруснай інфэкцыі асабліва часта сустракаюцца сярод пажылых людзей, жыхароў дамоў састарэлых, афраамэрыканцаў і іншых меншасьцяў.

Арганізм сынтэзуе вітамін D праз прамое ўзьдзеяньне сонечных промняў, і людзі пажылога ўзросту, якія шмат часу праводзяць у закрытых памяшканьнях або маюць больш цёмную скуру, маюць і больш нізкі ўзровень гэтага вітаміну.

Атлусьценьне, яшчэ адзін фактар рызыкі разьвіцьця цяжкай формы COVID-19, таксама зьвязана зь нізкім узроўнем вітаміну D.

Мэдыкі Чыкаскага ўнівэрсытэту, які абслугоўвае пераважна чарнаскурых і гішпанамоўных жыхароў у паўднёвай частцы Чыкага, прааналізавалі мэдычныя дадзеныя больш за 4300 пацыентаў, якія прайшлі праверку на COVID-19 у сакавіку і пачатку красавіка.

Правёўшы кантроль над фактарамі, якія могуць паўплываць на ўзровень вітаміну D, напрыклад, узрост, раса і хранічныя хваробы, яны выявілі, што людзі, якія мелі дэфіцыт вітаміну D да пачатку пандэміі, на 77 адсоткаў больш схільныя да пазытыўных тэстаў на COVID-19 у параўнаньні зь людзьмі, у якіх зь вітамінам D усе было ў парадку.

Новы этыкет каранавіруснага сэзону: не абдымацца, не цалавацца, не рукацца.

Ва ўсім сьвеце людзі мяняюць свае штодзённыя звычкі на працы і дома, каб зьнізіць рызыку заражэньня каранавірусам і не дапусьціць яго далейшага распаўсюджваньня. Гэтыя зьмены адбываюцца пад уплывам парадаў і заклікаў мэдычных экспэртаў, публічных асобаў і ўладаў.

Тры перасьцярогі выглядаюць так: пазьбягайце пацісканьня рукі, адмоўцеся ад пацалункаў, не абдымайцеся.

Як тады вітацца?

У Пэкіне, сталіцы Кітаю, дзе пачалася ўспышка, білборды падказваюць людзям злучыць абедзьве свае рукі ў знак прывітаньня, а не паціскаць руку сустрэтага чалавека.

У Францыі экспэрт у пытаньнях ладу жыцьця Філіп Ліштфю кажа, што звычайны погляд чалавеку ў вочы можа быць дастатковым прывітаньнем.

У Аўстраліі Брэд Газард, міністар аховы здароўя Новага Паўднёвага Уэльсу, параіў людзям вітацца ня поціскам рукі, а паляпваньнем адзін аднаго па сьпіне.

У Іране было зробленае відэа сустрэчы трох сяброў, якія прытупваюць нагамі ў знак прывітаньня.

Як засьцерагчыся ад каранавірусу ў офісе, транспарце, краме. Тлумачыць доктар Салошкін. ВІДЭА.

Доктар-рэаніматоляг Зьміцер Салошкін паказаў, як падчас эпідэміі віруснага захворваньня паводзіць сябе ў грамадзкім транспарце і краме, як мыць рукі і карыстацца ліфтам, а таксама расказаў, якія сродкі дэзынфэкцыі варта мець пры сабе.

Ці праўда, што змываючы ўнітаз, можна заразіцца каранавірусам?

Новае дасьледаваньне паказвае, што змываньне ўнітазу можа генэраваць воблака аэразольных кропель, якое ўздымаецца амаль на мэтар.

Аэразольныя кроплі могуць затрымлівацца ў паветры дастаткова доўга, каб іх мог удыхнуць наступны наведнік агульнай прыбіральні. Кроплі таксама могуць падаць на паверхні і падлогу ў ванным пакоі.

Дрэнная навіна

Дасьледаваньне, апублікаванае ў аўторак 16 чэрвеня ў часопісе Physics of Fluids, прыводзіць доказы таго, што каранавірус можа перадавацца ня толькі праз дыхальныя кроплі, але і праз заражаныя вірусам экскрымэнты.

Навукоўцы выявілі жыцьцяздольныя вірусныя часьцінкі ў фэкаліях пацыентаў, а таксама сьляды віруснай РНК на унітазах і ракавінах ў шпіталях. Хоць экспэрымэнты паказваюць, што гэтыя часьцінкі зь меншай верагоднасьцю заразяць некага, чым аэразоль ад кашлю хворага.

Але ёсьць і добрыя навіны.

Па-першае, навукоўцы ня ведаюць, наколькі шмат вірусаў зьмяшчаецца ў аэразолі. Адпаведна і нельга адназначна сьцьвярджаць, што заражэньні ў прыбіральнях могуць мець эпідэміялягічнае значэньне. Па-другое, людзі, на шчасьце, могуць лёгка прадухіліць распаўсюджваньне інфэкцый у прыбіральні.

"Спачатку зачыніце вечка, а пасьля змывайце ўнітаз", — кажа адзін з аўтараў дасьледаваньня доктар Ван. Зрэшты ён прызнае, што гэта не заўсёды магчыма ў грамадзкіх прыбіральнях.

Як самастойна прайсьці карантын?

Многім людзям, якія кантактавалі з хворымі або самі захварэлі, даводзіцца цяпер праходзіць 14-дзённы хатні карантын. Сёньня такая мера ўведзена ў многіх эўрапейскіх краінах і ЗША.

Гэта можа быць складана і непрыемна, асабліва калі вы жывяце ў цесных памяшканьнях, калі ў вас ёсьць маленькія дзеці або пажылыя сваякі, пра якіх трэба дбаць. Вось некалькі парадаў:

Аддзяленьне. Калі вы патэнцыйна заразныя, важна аддзяліць сябе ад партнэра, дзяцей, старых і суседзяў па доме. Каб захаваць бясьпеку, нельга нават пагладжваць свайго сабаку ці ката, хоць лічыцца, што жывёлы каранавірус не пераносяць.

Для вас павінен быць вылучаны асобны пакой, ідэальна — і свой ванны пакой, бо кожная паверхня, да якой вы датыкаецеся, можа быць заразнай.

У вас не павінна быць наведнікаў, калі вы з кімсьці размаўляеце, той не павінен быць бліжэй, чым 1-2 мэтры ад вас.

Не карыстайцеся, у выпадку пільнай патрэбы, мэтро, аўтобусам, тралейбусам, трамваем ці таксі.

Калі вы едзеце да лекара ў сваім аўтамабілі з кімсьці са сваякоў, выкарыстоўвайце маску. Тое самае і пра кантактах дома. Калі маскі няма, можа выкарыстаць шалю ці хустку.

Паводле дадзеных Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, у Кітаі ад 70 да 80 працэнтаў выпадкаў перадачы віруса адбывалася ў сям’і. Тамтэйшыя органы ўлады былі вымушаныя стварыць ізалятары з тысячамі ложкаў у спартовых залях і крытых стадыёнах, каб дбаць пра самотных людзей або тых, хто падвяргаў рызыцы заражэньня членаў сваіх сямей.

Ці запавольвае камэнданцкая гадзіна распаўсюджваньне каранавірусу?

Многія краіны за год пандэміі ўводзілі камэнданцкую гадзіну, спадзеючыся запаволіць распаўсюджваньне каранавірусу. Шмат дзе яна дзейнічае і цяпер.

Дасьледчыкі прыйшлі да высновы, што камэнданцкая гадзіна і меры ізаляцыі аказалі парадаксальны эфэкт: гэтыя абмежаваньні зьменшылі распаўсюджваньне інфэкцыі ў супольнасьці, але павысілі рызыку заражэньня ў хатніх, сямейных умовах. Аўтары дасьледаваньня — навуковы супрацоўнік Нацыянальнага інстытуту аховы здароўя Кітаю Сунь Кайюань і яго калегі.

Джон Зэльнэр, эпідэміёляг зь Мічыганскага ўнівэрсытэту, кажа, што існуе занадта мала навуковых дадзеных, каб ведаць дакладна, наколькі эфэктыўная камэнданцкая гадзіна. Ён мяркуе, што такія прымусовыя меры рэдка спрацоўваюць у доўгатэрміновай пэрспэктыве.

«Што тычыцца камэнданцкай гадзіны, я думаю, што цяжка зразумець, які станоўчы ўплыў яна аказвае, — кажа доктар Зэльнэр. — Адна з рэчаў, якія мяне турбуюць адносна расплывістых ці дрэнна абгрунтаваных прадпісаньняў, заключаецца ў тым, што яны падрываюць давер, неабходны для іх выкананьня».

У такіх краінах, як Японія, дзе распаўсюджваньне COVID-19 нашмат ніжэйшае, чым у Злучаных Штатах і Эўропе, сакрэт, падобна, заключаецца ў тым, што насельніцтва прымае і выконвае захады сацыяльнага дыстанцыяваньня і носіць маскі, а не ў такіх абмежаваньнях, як камэнданцкая гадзіна, мяркуе доктар Зэльнэр.

Які насамрэч павінен быць пэрыяд ізаляцыі для людзей з COVID-19

Як паказвае новы аналіз, пацыенты звычайна найбольш заразныя за два дні да зьяўленьня першых сымптомаў і на працягу пяці дзён пасьля іх, піша амэрыканская The New York Times.

Разам з тым дасьледаваньні паказваюць, што некаторыя пацыенты, якія цяжка хворыя або маюць аслабленую імунную сыстэму, могуць вылучаць вірус на працягу 20 дзён. Іншыя экспэрымэнты паказалі, што нават у лёгкіх выпадках некаторыя пацыенты могуць вылучаць жывы вірус на працягу тыдня.

Зьвесткі, якія зьбіраюцца цяпер, ставяць улады па ўсім сьвеце перад цяжкім выбарам: ці варта чыноўнікам аховы здароўя скарачаць рэкамэндаваны час ізаляцыі, разумеючы, што ў выніку больш інфікаваных людзей будуць разам знаходзіцца на працы? Або варта выбіраць больш працяглыя пэрыяды, каб прадухіліць перадачу практычна ва ўсіх выпадках, нават калі гэта прынясе горшыя наступствы для эканомікі?

У верасьні Францыя скараціла неабходны пэрыяд ізаляцыі з 14 дзён да 7, а Нямеччына разглядае магчымасьць яго скарачэньня да 5 дзён. (Ізаляцыя прымяняецца да хворых; карантын — да тых, хто меў блізкі кантакт з хворым і сам можа захварэць.)

Але нават 10 дзён ізаляцыі могуць аказацца занадта доўгімі для многіх, лічаць экспэрты. Пацыенты могуць быць фінансава ня ў стане ізалявацца так доўга, або могуць не адчуваць сябе дастаткова хворымі, каб жадаць гэтага.

Лекары прыходзяць да высновы, што інтэнсіўная ізаляцыя на працягу першых пяці-сямі дзён хваробы можа прадухіліць тысячы новых інфэкцый.

Як справіцца са стрэсам падчас эпідэміі
  • Гэта нармальна адчуваць сум, стрэс, разгубленасьць, страх ці злосьць падчас крызісу. Вам можа дапамагчы гутарка зь людзьмі, якім вы давяраеце. Зьвяжыцеся зь сябрамі і сям’ёй.
  • Калі вам трэба заставацца дома, падтрымлівайце здаровы лад жыцьця — у тым ліку добрую дыету, сон, фізычныя практыкаваньні і сацыяльныя кантакты зь любімымі людзьмі дома альбо зь іншымі сваякамі і сябрамі праз электронную пошту і тэлефон.
  • Не выкарыстоўвайце курэньне, алькаголь ці іншыя наркотыкі, каб справіцца са сваімі эмоцыямі. Калі адчуваеце псыхалягічную перагрузку, паразмаўляйце з мэдыкам ці псыхолягам. Падрыхтуйце плян, куды зьвярнуцца, калі спатрэбіцца дапамога фізычнаму ці душэўнаму здароўю.
  • Даведайцеся факты. Зьбярыце інфармацыю, якая дапаможа вам правільна вызначыць рызыкі для сябе, каб вы змаглі зрабіць патрэбныя захады засьцярогі. Знайдзіце крыніцу інфармацыі, якой вы можаце давяраць — да прыкладу, сайт Сусьветнай арганізацыі здароўя ці мясцовай альбо агульнадзяржаўнай установы ў сфэры аховы здароўя.
Ці сапраўды пандэмія выклікала рост вагі па ўсім сьвеце?

Глябальнае дасьледаваньне пацьвердзіла, што падчас пандэміі людзі больш ядуць нездаровай ежы, менш займаюцца фізычнымі практыкаваньнямі, больш нэрвуюцца і менш сьпяць. Пра гэта піша The New York Times.

Глябальнае апытаньне, праведзенае раней сёлета, пацьвердзіла, што пандэмія каранавірусу і зьвязаныя зь ёй абмежаваньні прывялі да рэзкіх зьменаў у паводзінах жыхароў плянэты. Людзі ва ўсім сьвеце скарацілі фізычную актыўнасьць і пачалі есьці больш нездаровай ежы. Пандэмія таксама падвысіла ўзровень трывожнасьці і парушыла сон. Асабліва дрэнна сытуацыя адбілася на тых, хто пакутуе ад атлусьценьня і ўжо сутыкаецца з падвышанай рызыкай для здароўя.

З красавіка да пачатку траўня каля 7750 чалавек, большасьць зь якіх жывуць у ЗША, а таксама ў такіх краінах, як Канада, Аўстралія і Вялікабрытанія, прайшлі апытаньне. Сярэдні ўзрост рэспандэнтаў — 51 год, большасьць з іх — жанчыны. Каля траціны людзей мелі залішнюю вагу, траціна — атлусьценьне, яшчэ траціна — нармальную вагу.

Каля 27 адсоткаў апытаных заявілі, што павялічылі вагу пасьля таго, як набылі моц першапачатковыя карантынныя абмежаваньні.

Каля 17 працэнтаў паведамілі, што схуднелі — нядзіўна, што гэта былі людзі, якія павысілі ўзровень фізычнай актыўнасьці і палепшылі харчаваньне пасьля пачатку пандэміі.

Якая фізычная нагрузка дапаможа пераадолець наступствы карантыну?

Раней лічылася, што мінімальная фізычная нагрузка для захаваньня фізычнай актыўнасьці і даўгалецьця складала прыкладна 35 хвілін у дзень хуткай хады ці іншых ўмераных заняткаў, піша The New York Times.

Згодна з новым дасьледаваньнем таго, як бязьдзейнасьць і фізычныя практыкаваньні ўплываюць на працягласьць жыцьця, хада ня менш за 11 хвілін у дзень можа зьменшыць непажаданыя наступствы для здароўя ад доўгага сядзеньня.

Гэта асабліва актуальна ў часы карантыну па ўсім сьвеце і пераходу на дыстанцыйную працу і навучаньне.

Для большасьці людзей доўгае сядзеньне — звычайная справа, асабліва цяпер, калі мы сутыкаемся з дзьвюма праблемамі: абмежаваньнямі, зьвязанымі з COVID-19, і кароткімі халоднымі зімовымі днямі. Нядаўнія дасьледаваньні паводзін людзей з пачатку пандэміі паказалі, што большасьць з нас менш трэніруецца і больш сядзіць, чым год таму.

Вынікі новага дасьледаваньня былі апублікаваныя на мінулым тыдні ў спэцыяльным выпуску British Journal of Sports Medicine, прысьвечаным абноўленым рэкамэндацыям Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя ў галіне фізычнай актыўнасьці.

Навукоўцы сабралі высновы дзевяці нядаўніх дасьледаваньняў, у якіх удзельнічалі амаль 50 000 мужчын і жанчын сярэдняга і старэйшага веку, якія жывуць у Эўропе і ЗША.

Аказалася, што людзі, якія ўваходзяць у верхнюю траціну паводле працягласьці сядзеньня і ніжнюю траціну паводле актыўнасьці, маюць прыкладна на 260 адсоткаў большую верагоднасьць заўчаснай сьмерці.

Працягваючы аналізаваць лічбы і лад жыцьця ўдзельнікаў, дасьледчыкі прыйшлі да высновы, што аптымальны час для фізычнай актыўнасьці і даўгалецьця, верагодна, складае прыкладна 35 хвілін у дзень хуткай хады ці іншых памяркоўных відаў дзейнасьці.

Выпадзеньне валасоў можа быць яшчэ адным сьледзтвам пандэміі.

Валасы губляюць як тыя, хто хварэў, так і тыя, хто не хварэў

У звычайны час некаторыя людзі губляюць прыкметную колькасьць валасоў пасьля моцнага стрэсу, такога як хвароба, сур’ёзная апэрацыя або эмацыйная траўма.

Цяпер, паводле лекараў, у многіх пацыентаў, што выздаравелі ад Covid-19, выпадзеньне валасоў назіраецца не з прычыны самога вірусу, але з прычыны фізіялягічнага стрэсу, зьвязанага з барацьбой зь ім.

Многія людзі, якія ніколі не заражаліся вірусам, таксама губляюць валасы з прычыны эмацыйнага стрэсу праз страту працы, фінансавых праблем, сьмерці членаў сям’і ці іншых разбуральных падзей, выкліканых пандэміяй.

"Гэтую пандэмію суправаджае мноства стрэсаў, і мы ўсё яшчэ назіраем выпадзеньне валасоў, таму што большая частка стрэсу не прайшла, — сказала доктар Шылпі Гэтарпал, дацэнт дэрматалёгіі клінікі Кліўлэнда.

У ліпеньскім апытаньні ў ЗША пра сымптомы пост-Covid сярод 1567-мі тых, хто выжыў, 423 чалавека паведамілі аб незвычайным выпадзеньні валасоў. Такую статыстыку прыводзіць група Survivor Corps і Наталі Ламбэрт, дацэнт-дасьледчык Медычнай школы Ўнівэрсытэту Індыяны, якая дапамагла правесьці апытаньне.

Лекары кажуць, што для большасьці пацыентаў гэты стан павінен быць часовым, але можа доўжыцца некалькі месяцаў.

У траціны пацыентаў з COVID-19 мяняецца псыхічны стан.

Згодна з новым дасьледаваньнем, у шпіталізаваных пацыентаў назіраліся прыкметы пагаршэньня нэўралягічнай функцыі — ад дэзарыентацыі да каматознай неўспрымальнасьці, піша The New York Times.

Амаль траціна шпіталізаваных пацыентаў з COVID-19 зазнавала якія-небудзь зьмены псыхічнай функцыі — такі вынік найбольшага на сёньня дасьледаваньня нэўралягічных сымптомаў у пацыентаў з каранавірусам у сыстэме амэрыканскіх шпіталяў.

Паводле дасьледаваньня, апублікаванага днямі ў Annals of Clinical and Translational Neurology, пацыенты са зьмененай псыхічнай функцыяй мелі значна горшыя мэдычныя вынікі. У ходзе дасьледаваньня вывучылі запісы першых 509 пацыентаў з каранавірусам, шпіталізаваных з 5 сакавіка па 6 красавіка ў дзесяці шпіталях сыстэмы аховы здароўя Northwestern Medicine ў раёне Чыкага.

Гэтыя пацыенты заставаліся ў шпіталі ўтрая даўжэй, чым пацыенты без псыхічных разладаў.

Як доўга могуць захоўвацца адмоўныя наступствы каранавірусу?

У верасьнёвым нумары часопісу The Lancet міжнародная група інфэкцыяністаў прызнала:

«Мы ня ведаем, што сказаць нашым пацыентам, калі яны пытаюцца пра ход і прагноз хваробы і самаадчуваньня».

Лекары дагэтуль ня ведаюць дакладна, ці выклікае COVID-19 дыябэт або іншыя парушэньні абмену рэчываў і ці застанецца ў пацыентаў паражэньне тканак лёгкіх? Таксама няясна, якія менавіта з доўгатэрміновых адмоўных сымптомаў зьвязаныя з хваробай, а якія са стрэсам і трывогай.

Наогул, лекары кажуць, што пра каранавірус усё яшчэ больш невядомага, чым вядомага.

Зь вядомага, напрыклад, такі факт: чалавеку не абавязкова мець цяжкую форму захворваньня, каб сымптомы захоўваліся месяцамі, а, можа, і гадамі.

COVID-19 можа пашкодзіць лёгкія, сэрца і мозг, павялічыўшы рызыку хранічных праблем са здароўем. Празь некалькі месяцаў пасьля выздараўленьня тэсты паказваюць на ўстойлівае пашкоджаньне сардэчнай цягліцы нават у людзей, у якіх былі толькі лёгкія сымптомы хваробы. Лічыцца, што гэта адбываецца праз дробныя тромбы, якія блякуюць капіляры ў сэрцы і назаўсёды пашкоджваюць сардэчную цягліцу.

COVID-19 таксама можа аслабіць крывяносныя судзіны і пашкодзіць ныркі і печань. Каранавірус здольны разбураць альвэолы (паветраныя мяшэчкі) у лёгкіх, што выклікае праблемы з дыханьнем, шнары і ператварэньне тканкі лёгкіх у злучальную.

Як дапамагчы дзецям справіцца са стрэсам падчас эпідэміі. Парады САЗ.
  • У цяжкія часы дзецям патрэбныя дадатковая любоў і ўвага. Памятайце, што трэба выслухаць вашых дзяцей, размаўляць зь імі ласкава і абнадзеіць іх. Калі магчыма, стварыце дзецям умовы для гульні і адпачынку.
  • Пастарайцеся, каб дзеці заставаліся з бацькамі і сямʼёй, і пазьбягайце разлучаць дзяцей і іх апекуноў, наколькі гэта магчыма. Калі здараецца такая разлука (напрыклад, пры шпіталізацыі) забясьпечце рэгулярныя кантакты (напрыклад, праз тэлефон) і заспакойваньне.
  • Як толькі магчыма, захоўвайце звычайны лад жыцьця і расклад, ці дапамажыце стварыць новыя звычкі ў новым асяродзьдзі, у тым ліку што тычыцца школы/навучаньня, а таксама часу для бясьпечных гульняў і адпачынку.
Ці можна цяжарных жанчын прышчапляць ад COVID-19?

Цяжарныя жанчыны могуць бясьпечна атрымліваць вакцыны супраць каранавіруснай інфэкцыі. Такое рашэньне Сусьветная арганізацыя здароўя прынялаа 29 студзеньня 2021 году.

Вакцыны, вырабленыя Pfizer-BioNTech і Moderna, хоць і не тэставаліся на цяжарных жанчынах, не паказалі якіх-небудзь шкодных эфэктаў у дасьледаваньнях на жывёлах. Міжнародныя экспэрты лічаць, што тэхналёгія, якую выкарыстоўваюць у вакцынах, агулам бясьпечная.

Новая фармулёўка САЗ адлюстроўвае гэтую інфармацыю:

«Зыходзячы з таго, што мы ведаем пра гэты тып вакцын, у нас няма якіх-небудзь канкрэтных падстаў меркаваць, што існуюць пэўныя рызыкі, большыя, чым перавагі ад вакцынацыі цяжарных».

Цяжарныя жанчыны традыцыйна выключаюцца з клінічных выпрабаваньняў, што стварае недахоп навуковых дадзеных адносна бясьпекі лекаў і вакцын для жанчын і іх будучых дзяцей. Вакцыны звычайна лічацца бясьпечнымі, і з 1960-х гадоў лекары настойліва рэкамэндуюць імунізаваць цяжарных жанчын ад грыпу і іншых інфэкцыйных хваробаў нават пры адсутнасьці строгіх клінічных выпрабаваньняў.

Паводле новых заяў прадстаўніка кампаніі Pfizer, яна ў найбліжэйшыя некалькі месяцаў будзе тэставаць сваю вакцыну на цяжарных жанчынах.

Таксама і Moderna плянуе стварыць рэгістар для назіраньня за пабочнымі эфэктамі ў жанчын, якія атрымалі вакцыну гэтай кампаніі.

Чаму жанчыны цяжэй пераносяць вакцыну ад каранавірусу?

Мужчыны і жанчыны па-рознаму рэагуюць на многія віды вакцын. Верагодна, гэта зьвязана з цэлым шэрагам фактараў, уключаючы гармоны, гены і дазіроўку.

У дасьледаваньні, апублікаваным у мінулым месяцы, навукоўцы з амэрыканскіх Цэнтраў кантролю і прафіляктыкі хваробаў (CDC) прааналізавалі зьвесткі аб рэакцыі на першыя 13,7 мільёна доз вакцыны супраць COVID-19, уведзеныя амэрыканцам. Пабочныя эфэкты ў 79,1% выпадкаў назіраліся ў жанчын, хоць іх колькасьць сярод прышчэпленых амэрыканцаў склала 61,2%.

Амаль усе рэдкія анафіляктычныя рэакцыі таксама мелі месца ў жанчын. Паводле CDC, усе 19 чалавек, у якіх назіралася такая рэакцыя на вакцыну Moderna, былі жанчынамі. Таксама жанчынамі былі і 44 з 47 пацыентаў, у якіх узьнік анафіляктычны шок пасьля ўвядзеньня вакцыны Pfizer.

Але пабочныя эфэкты звычайна лёгкія і непрацяглыя. Гэтыя фізычныя рэакцыі — прыкмета таго, што вакцына працуе, што «ў вас фармуецца ўстойлівы імунны адказ, і ў выніку вы, хутчэй за ўсё, будзеце абароненыя», — кажа доктарка Кляйн.

Але чаму ўзьнікаюць гэтыя гендэрныя адрозьненьні? Частковы адказ можа хавацца ў тым, што ў мужчын і жанчын розны імунітэт і розная генэтыка.

Дасьледаваньні паказваюць, што ў параўнаньні са сваімі аднагодкамі-мужчынамі арганізм жанчын і дзяўчынак вытварае больш — часам у два разы болей — антыцелаў у адказ на вакцыны ад грыпу, MMR, жоўтай ліхаманкі, шаленства і гепатытаў A і B.

Генэтычныя адрозьненьні паміж мужчынамі і жанчынамі таксама могуць уплываць на імунітэт. Многія гены, зьвязаныя з імунітэтам, знаходзяцца на Х-храмасоме, якіх у жанчын дзьве копіі, а ў мужчын толькі адна. Раней імунолягі лічылі, што ў жанчын уключаная толькі адна Х-храмасома, а другая інактываваная. Але дасьледаваньні цяпер паказваюць, што 15 працэнтаў генаў пазьбягаюць гэтай інактывацыі і ў большай ступені экспрэсуюцца ў жанчын.

Гэтыя ўстойлівыя імунныя рэакцыі дапамагаюць растлумачыць, чаму 80 працэнтаў выпадкаў аўтаімунных хваробаў прыпадае на жанчын. «У жанчын вышэйшы імунітэт і да нас саміх, і да антыгену вакцыны, і да вірусу», — кажа доктарка Кляйн.

Чаму дзеці менш хварэюць на COVID-19?

Дзеці, якія ніколі не хварэлі на COVID-19, могуць мець антыцелы, што абараняюць іх ад гэтай хваробы, піша The New York Times.

Новае брытанскае дасьледаваньне паказала, што пры некаторых прастудных захворваньнях могуць заставацца антыцелы супраць новага каранавірусу. Гэты, магчыма, тлумачыцца факт, што дзеці больш абароненыя, чым дарослыя.

Гэта была вялікая загадка пандэміі: чаму ў дзяцей менш шанцаў, чым у дарослых, заразіцца новым каранавірусам, а ў выпадку заражэньня — менш шанцаў захварэць?

Магчымая прычына можа заключацца ў тым, што ў многіх дзяцей ужо ёсьць антыцелы да іншых каранавірусаў, мяркуюць дасьледнікі з Інстытуту Фрэнсіса Крыка ў Лёндане.

Прыкладна кожная пятая прастуда ў дзяцей выклікаецца вірусамі з гэтай сям’і. Антыцелы да тых вірусаў таксама могуць блякаваць новы каранавірус, што выклікаў цяперашнюю пандэмію — SARS-CoV-2.

Як не пераядаць праз стрэс ад сядзеньня дома?

Ежа можа стаць адным з самых простых і хуткіх спосабаў палепшыць настрой у стрэсавы час, таму часта людзі шукаюць паратунак ад стрэсу ў лядоўні. Экспэрты засьцерагаюць, што эмацыйнае ўжываньне вялікай колькасьці ежы зь невялікім утрыманьнем карысных рэчываў можа аслабіць нашу імунную сыстэму.

Каб спыніць эмацыянальнае харчаваньне, запытайцеся ў сябе, перш чым нешта зьесьці: «Ці я буду есьці, таму што я галодны, ці таму, што адчуваю стрэс альбо сум?» Калі адказ апошні, зьвярніцеся да іншых крыніцаў камфорту: дыхальных практыкаваньняў, руху, духоўных практык, сацыяльных узаемадзеяньняў, хобі ці часу на прыродзе. Варта прытрымлівайцеся звычайнага графіку прыёму ежы (двойчы ці тройчы на дзень), нават калі мяняецца распарадак дня. Апрача таго, трэба піць шмат вады, каб пазьбегнуць абязводжваньня.

Калі няма магчымасьці набыць сьвежыя прадукты, купляйце замарожаныя прадукты, а не кансэрвы. Замарожаная ежа захоўваецца амаль у арыгінальным стане і звычайна мала ўзаемадзейнічае з плястыкам, у якім захоўваецца, тым часам як у кансэрвах ежа кантактуе мэталічнай ёмкасьцю і плястыфікатарам, які выкарыстоўваецца для ўшчыльненьня. Кансэрваваныя харчы звычайна захоўваюцца ў растворы з высокім утрыманьнем солі альбо цукру.

Выкарыстоўвайце спэцыі для зьніжэньня запаленьняў, выкліканых стрэсам, і ўжывайце прадукты з вітамінам С для ўмацаваньня імуннай сыстэмы.

Лукашэнка параіў есьці тлустае «супраць каранавіруса». САЗ раіць адваротнае.

Аляксандар Лукашэнка даў чарговую параду супраць каранавірусу. Да трактароў, хакею, лазьні і гарэлкі дадалася тлустая ежа.

Аднак Сусьветная арганізацыя здароўя (WHO) раіць у час пандэміі каранавіруса пазьбягаць тлустай ежы, а таксама занадта салодкага або салёнага рацыёну, каб зьменшыць рызыку залішняй вагі (якую сярод іншага зьвязваюць з дадатковымі пагрозамі ў выпадку інфэкцыі), праблемаў з сэрцам, інсультаў, дыябэту і раку.

WHO заклікае спажываць умераную колькасьць тлушчаў і алеяў, аддаваць перавагу ненасычаным тлушчам (рыбе, соі, аліўкавым, сланечнікавым і кукурузным алеям, а ня тлустаму мясу, маслу, сыру, какосаваму або пальмаваму алею). Зь мяса раяць аддаваць перавагу «беламу» (птушынаму), а не «чырвонаму», з малочных прадуктаў — нізкай тлушчавасьці або абястлушчаныя.

Фаст-фуду, піцаў і іншай «вулічнай» і «рэстараннай» ежы, багатай на тлушчы, таксама рэкамэндуюць пазьбягаць. Каб перакусіць, WHO раіць сьвежую садавіну і гародніну замест тлустага або салодкага.

Як займацца сэксам у часы каранавірусу?

Ці распаўсюджваецца COVID-19 полавым шляхам? Няма доказаў, што COVID-19 можа перадавацца вагінальным або анальным шляхам. Аднак пацалункі — вельмі распаўсюджаная практыка падчас сэксуальнага акту, і вірус можа перадавацца празь сьліну. Таму калі вы ці ваш партнэр заражаны COVID-19, трымайцеся на адлегласьці адно ад аднаго.

Калі вы жывяце са сталым сэксуальным партнэрам і ў вас няма ніякіх сымптомаў, сэкс можа стаць сапраўды выдатным спосабам весела правесьці час і зьняць напружаньне ў гэтыя трывожныя дні, тыдні і месяцы.

Што да новых сэксуальных партнэраў, дык зь імі варта пачакаць. Блізкія кантакты зь людзьмі па-за домам варта абмежаваць да мінімуму, але іншыя формы праяўленьня эратызму, такія як сэксэмэскі, відэа-званкі, чытаньне эротыкі і мастурбацыя, па-ранейшаму застаюцца варыянтамі.

Як захаваць спакой падчас пандэміі?

Ня трэба панікаваць. Варта абмежаваць чытаньне інтэрнэту і сацыяльных сетак. Там, вядома, ёсьць і каштоўныя парады, аб’ектыўная інфармацыя. Але ўразьліваму чалавеку лепш не чытаць, да прыкладу, колькі памерла ад каранавірусу за апошнія суткі ў Італіі. Абмежаваць доступ да эмацыйна нагружаных навінаў, да нэгатыву. Варта чытаць парады, карысныя рэчы, а менш гартаць навінныя сайты.

Калі ў галаве зашмат трывожных думак, а гэта стварае ў целе фізычнае напружаньне, найлепшы шлях — рабіць штосьці фізычна: трэнаваць прэс, таньчыць, скакаць пад музыку. Ёсьць цудоўнае практыкаваньне, якое называецца «пральная машына»: 5 хвілін рукамі, нагамі і целам вырабляць тое, што робіць кашуля ў пральнай машыне. Гэтыя хаатычныя рухі здымаюць напружаньне зь цела.

Як зьменшыць небясьпеку заразіцца каранавірусам у гасьцях?

Свае парады наконт гэтага дае ў газэце The New York Times Эрын Бромаж, прафэсар біялёгіі ва Ўнівэрсытэце штату Масачусэтс. Ягоны блог «Рызыкі — ведай іх — пазьбягай іх» прагледзелі больш за 17,5 мільёна чалавек.

На самым пачатку Эрын Бромаж адзначае, што ён наагул ня раіць хадзіць у госьці да сяброў і знаёмых, пакуль статыстыка заражэньня каранавірусам SARS-CoV-2 у вашай мясцовасьці ня пойдзе на «значны» спад.

Але калі вы ўсё ж гатовыя пайсьці ў госьці ці прыняць іх дома, то варта:

  • запрашаць толькі сваякоў;
  • калі нельга абысьціся толькі сямейнікамі, запрашаць як мага менш іншых людзей;
  • рабіць гасьціну ў адкрытай прасторы, а не ў памяшканьні;
  • паставіць два сталы — адзін для сям’і, другі для астатніх гасьцей;
  • карыстацца аднаразовымі сталовымі прыборамі і посудам, калі гэта магчыма;
  • забясьпечыць свабодны і зручны доступ да месца, дзе можна мыць рукі;
  • пераканаць гасьцей, каб прыйшлі са сваёй ежай, за выняткам смажаніны;
  • не падаваць ежы, якую трэба набіраць рукамі;
  • падаваць ежу з грыля;
  • захоўваць фізычную адлегласьць;
  • для даўжэйшых размоваў надзяваць маскі;
  • пастарацца даць занятак дзецям, каб тыя як мага менш сутыкаліся з дарослымі гасьцямі.
Як унукам у пандэмію пабачыцца з бабуляй і дзядулем?

Пандэмія аддзяліла многіх бабуль і дзядуляў ад унукаў. Газэта The New York Times сабрала парады спэцыялістаў, як бясьпечна арганізаваць сустрэчы найстарэйшага і наймалодшага пакаленьняў адной сям’і.

Спэцыялісты раяць найперш ацаніць кантакты кожнага члена сям’і. Калі была рызыка заражэньня, то ідэальна наедваць старэйшых пасьля 14-дзённага карантыну.

Сустрэчы лепш праводзіць на адкрытым паветры. Рызыка перадачы вірусу на вуліцы значна ніжэйшая, чым у памяшканьні. Кожны чалавек павінен вымыць рукі і трымацца на адлегласьці два мэтры адзін ад аднаго.

Нават на сьвежым паветры ўсе людзі ва ўзросьце ад двух гадоў, а ня толькі бабуля і дзядуля, павінны насіць маскі.

Дзеці часьцей згаджаюцца надзець маску, калі вы растлумачыце ім, што яны абараняюць любімага чалавека.

Што рабіць, калі фізычны кантакт адбыўся? Найперш, не панікаваць. Кароткія сустрэчы не ствараюць вялікай рызыкі. Ня трэба выклікаць празьмерны страх у дзяцей.

Калі бабуля і дзядуля маюць на тварах маскі, хуткія абдымкі дзіцяці вакол іх таліі ці каленяў, а таксама тварам як мага далей адзін ад аднаго, ствараюць, паводле экспэртаў, вельмі малую рызыку.

Ці сапраўды навукоўцы вынайшлі штучныя малекулы — забойцы каранавірусу?

З дапамогай кампутарных альгарытмаў дасьледчыкі з нуля распрацавалі пратэіны, якія могуць перамагаць каранавірус у лябараторных жывёл, піша The New York Times.

Каранавірус можа быць новым, але прырода даўно дала людзям інструмэнты для яго распазнаньня, прынамсі ў мікраскапічным маштабе: антыцелы, Y-падобныя імунныя бялкі (пратэіны), якія могуць чапляцца за патагены і блякаваць іх пранікненьне ў клеткі.

Выкарыстоўваючы вылічальныя інструмэнты, група дасьледчыкаў з Вашынгтонскага ўнівэрсытэту распрацавала і пабудавала з нуля малекулу, якая, калі супрацьстаіць каранаавірусу ў лябараторыі, можа атакаваць і ізаляваць яго ня горш за антыцелы. Калі малекула трапляе ў насы мышэй і хамякоў, яна абараняе жывёл ад сур’ёзных захворваньняў.

Гэтая малекула, названая міні-байндэр (міні-зьвязка) праз яе здольнасьць зьвязвацца з каранавірусам, зьяўляецца мініятурнай і досыць стабільнай, каб яе можна было масава адпраўляць у арганізм чалавека. Для вытворчасьці гэтых міні-зьвязак могуць быць створаныя бактэрыі, што патэнцыйна зробіць іх ня толькі эфэктыўнымі, але таксама таннымі і зручнымі.

Прадукт вашынгтонскай каманды ўсё яшчэ знаходзіцца на вельмі раньняй стадыі распрацоўкі і ў найбліжэйшы час ня зьявіцца на рынку. Але пакуль «гэта выглядае вельмі шматабяцальна», — кажа Лорын Картэр, адна з удзельніц праекту, які ўзначальвае біяхімік Дэвід Бэйкер. У рэшце рэшт, здаровыя людзі змогуць самастойна ўводзіць міні-зьвязкі ў выглядзе назальнага спрэю і патэнцыйна стрымліваць любыя ўваходныя часьцінкі каранавірусу.

Ці сапраўды каранавірус бясшкодны для маладых людзей?

Новае дасьледаваньне паказала, што ліпень, магчыма, стаў самым сьмяротным месяцам для моладзі ў сучаснай гісторыі ЗША. Пра гэта ў The New York Times пішуць тры вядомыя амэрыканскія лекары і навукоўцы — Рашэль Валэнскі, Гарлан Крумгольц і Джэрэмі Фаўст.

У дасьледаваньні, апублікаваным у сераду ў Journal of the American Medical Association, аўтарамі якога зьяўляюцца згаданыя тры лекары, было выяўлена, што сярод дарослага насельніцтва ЗША ва ўзросьце ад 25 да 44 гадоў з сакавіка па канец ліпеня было амаль на 12 000 сьмерцяў больш, чым чакалася, зыходзячы з гістарычных нормаў.

Насамрэч ліпень аказаўся самым сьмяротным месяцам сярод гэтай узроставай групы ў сучаснай гісторыі Амэрыкі. За апошнія 20 гадоў кожны ліпень паміралі ў сярэднім 11 000 маладых амэрыканцаў. Сёлета колькасьць такіх сьмерцяў перавысіла 16 000.

Падобныя тэндэнцыі працягваліся і гэтай восеньню. Зыходзячы з папярэдніх лічбаў, у 2020 годзе прагназавалася, што з гэтай дэмаграфічнай групы памруць каля 154 000 чалавек. Але ЗША перавысілі гэтую колькасьць ужо ў сярэдзіне лістапада. Нават калі паказьнікі сьмяротнасьці раптам вернуцца да нормы ў сьнежні — а вядома, што гэтага не адбудзецца, пішуць аўтары — да канца 2020 году чакаецца больш за 170 тысяч сьмерцяў сярод дарослага насельніцтва ЗША з гэтай дэмаграфічнай групы.

На думку лекараў, трэба неадкладна зьмяніць інфармацыйную палітыку і рэкамэндацыі. Патрэбна тлумачальная праца ў найбліжэйшыя тыдні і месяцы. Трэба казаць маладым людзям, што яны моцна рызыкуюць, што ім трэба насіць маскі і рабіць больш для сацыяльнага дыстанцыяваньня.

Варыянт брытанскага каранавірусу: што мы ведаем пра яго?

Нядаўна ідэнтыфікаваны ў Вялікай Брытаніі новы варыянт вірусу SARS-CoV-2 аказаўся больш заразным, чым ранейшыя. The New York Times сабрала тое, што на сёньня ведаюць навукоўцы.

Ці зьяўляецца брытанскі варыянт свайго роду новым супэрвірусам? Не. Гэта ўсяго толькі адна разнавіднасьць сярод многіх, якія ўзьніклі, калі каранавірус SARS-CoV-2 распаўсюдзіўся па ўсім сьвеце. Мутацыі ўзьнікаюць па меры рэплікацыі вірусу, і гэты варыянт, вядомы як B.1.1.7, набыў свой уласны адметны набор іх.

Што ў гэтым незвычайнага? Гэты варыянт прыцягнуў увагу дасьледнікаў у сьнежні, калі стаў часьцей выяўляцца ва ўзорах у некаторых частках паўднёвай Ангельшчыны. Але аказалася, што некаторыя з гэтых аналізаў адабралі ў хворых яшчэ ў верасьні.

Калі навукоўцы ўважліва вывучылі геном новага штаму, яны былі ўражаныя адносна вялікай колькасьцю мутацый — усяго іх 23. Большасьць мутацый, якія ўзьнікаюць у каранавірусе, альбо шкодныя для вірусу, альбо тым ці іншым чынам ня дзейнічаюць. Але некаторыя мутацыі ў B.1.1.7 выглядалі так, як быццам яны патэнцыйна могуць паўплываць на распаўсюджваньне вірусу.

Ці сапраўды ён больш заразны? Падобна, так. У ходзе папярэдняй працы дасьледнікі з Вялікабрытаніі выявілі, што вірус хутка распаўсюджваецца ў некаторых частках паўднёвай Ангельшчыны, выцясьняючы іншыя варыянты, якія цыркулявалі там на працягу некалькіх месяцаў.

Тым ня менш, рост распаўсюджанасьці адной лініі вірусу не зьяўляецца доказам таго, што ён пашыраецца хутчэй за іншыя. Проста дзякуючы посьпеху ён мог атрымаць больш шырокае распаўсюджаньне. Напрыклад, новы варыянт можа пачацца ў цэнтры шматлюднага гораду, дзе перадача лёгкая, што дазваляе ствараць больш копій самога сябе.

Што вядома пра бразыльскі варыянт каранавірусу P1?

Два новыя варыянты каранавірусу былі выяўленыя ў Бразыліі або ў людзей, якія прыехалі адтуль. Варыянты атрымалі назвы P1 і P2. Пра тое, чым яны небясьпечныя, піша брытанская The Guardian.

Абодва варыянты падобныя, але менавіта P1 выклікае трывогу ў Вялікабрытаніі пасьля выяўленьня шасьці выпадкаў — тры ў Ангельшчыне і тры ў Шатляндыі.

Кансультатыўная група Вялікабрытаніі ў справе новых рэсьпіратарных вірусаў (Nervtag) назвала P1 «варыянтам, які выклікае заклапочанасьць». Гэты вірус больш хутка перадаецца (як і варыянт «Кент» B118) і можа быць здольны процістаяць антыгенам. Іншымі словамі, вакцыны, распрацаваныя супраць звычайнага каранавірусу, могуць ня вельмі добра супраць яго працаваць, а людзі, у якіх былі антыцелы пасьля перанесенага COVID-19, могуць ня мець супраць гэтага варыянту натуральнага імунітэту.

Nervtag паведамляе, што P1 «мае 17 унікальных амінакіслотных замен, тры прагалы, чатыры сынанімічныя мутацыі і адну ўстаўку 4nt». Усе варыянты гэтага штаму маюць шэраг мутацый, але сярод іх асноўную трывогу выклікаюць K417T, E484K і N501Y.

Больш за ўсё турбуе мутацыя E484K. Яна таксама адносіцца да так званага паўднёваафрыканскага варыянту, які мае амаль ідэнтычныя зьмены ў спайкавым бялку. З гэтай прычыны ў Вялікабрытаніі цяпер праводзяць пільныя дасьледаваньні і проціэпідэмічныя захады ўсюды, дзе гэты варыянт знаходзяць.

Ёсьць таксама выпадкі, калі кенцкі варыянт, які за межамі Брытаніі называюць брытанскім, і які вядомы сваім хуткім распаўсюджваньнем, атрымаў мутацыю E484K. Лічыцца, што такая мутацыя дае гэтым штамам некаторую здольнасьць абыходзіць вакцынацыю. Гэта зьніжае эфэктыўнасьць вакцыны, але не выключае яе ўзьдзеяньне цалкам.

Ці сапраўды мутацыі каранавірусу робяць вакцыны менш эфэктыўнымі?

У апошнія тыдні навукоўцы забілі трывогу з нагоды новых варыянтаў каранавірусу, якія нясуць у сабе некалькі дробных мутацый. І гэтыя мутацыі, падобна, робяць вакцыны менш эфэктыўнымі.

Але заклапочанасьць навукоўцаў выклікаюць ня толькі невялікія генэтычныя зьмены. Высьветлілася, новы каранавірус мае схільнасьць зьмешваць вялікія фрагмэнты свайго геному падчас капіяваньня самога сябе. У адрозьненьне ад невялікіх мутацый, падобных да памылак друку, зьява, якая называецца рэкамбінацыяй, нагадвае вялікую памылку капіяваньня, пры якой другая палова прапановы цалкам перазапісваецца паводле крыху іншай вэрсіі.

Мноства новых дасьледаваньняў паказваюць, што рэкамбінацыя можа дазволіць вірусу зьмяняцца небясьпечным чынам.

Кампутарны аналіз паказаў, што за апошнія пару стагодзьдзяў эвалюцыі вірусаў у шматлікіх працэсах рэкамбінацыі былі задзейнічаныя сэгмэнты, што ўтвараюць спайкавы бялок, які дапамагае вірусу пранікаць у клеткі чалавека. У навукоўцаў гэта выклікае трывогу, бо гэта можа быць мэханізмам, пры дапамозе якога адзін вірус забясьпечвае іншы вірус зброяй для заражэньня людзей.

Тэарэтычна такія працэсы могуць прывесьці да зьменаў, якія зробяць вакцыны менш эфэктыўнымі.

Ці сапраўды новая недарагая вакцына можа ўратаваць сьвет ад каранавірусу?

Новая формула вакцыны, якая праходзіць клінічныя выпрабаваньні ў Бразыліі, Мэксыцы, Тайляндзе і Віетнаме, можа зьмяніць барацьбу з пандэміяй, піша The New York Times.

Вакцына, якая атрымала назву NDV-HXP-S, зьяўляецца першай вакцынай у клінічных выпрабаваньнях, у якой выкарыстоўваецца новы малекулярны дызайн, які, як чакаецца, дасьць магчымасьць выпрацоўваць больш моцныя антыцелы, чым вакцыны цяперашняга пакаленьня. І гэтую новую вакцыну зрабіць значна прасьцей.

Існыя вакцыны такіх кампаній, як Pfizer і Johnson & Johnson, мусяць вырабляцца на спэцыялізаваных заводах з выкарыстаньнем цяжкадаступных інгрэдыентаў. Новую вакцыну можна масава вырабляць у курыных яйках — так, як гэта штогод адбываецца зь мільярдамі дозаў вакцын супраць грыпу на заводах ва ўсім сьвеце.

Калі вакцына NDV-HXP-S акажацца бясьпечнай і эфэктыўнай, вытворцы вакцын ад грыпу змогуць вырабляць больш за мільярд дозаў вакцыны за год. Краіны зь нізкім і сярэднім узроўнем даходаў, якія цяпер змагаюцца за атрыманьне вакцын з багацейшых краін, могуць займець магчымасьць вырабляць вакцыну NDV-HXP-S для сябе або набываць яе па нізкай цане ў суседзяў.

Аднак спачатку клінічныя выпрабаваньні павінны даказаць, што NDV-HXP-S сапраўды працуе для людзей. Першы этап клінічных выпрабаваньняў завершыцца ў ліпені сёлета, а заключны этап будзе доўжыцца яшчэ некалькі месяцаў. Але экспэрымэнты з прышчэпленымі жывёламі даюць надзею на добрыя пэрспэктывы.

Ці сапраўды людзям, якія перанесьлі COVID-19, дастаткова адной дозы вакцыны, каб атрымаць імунітэт ад розных каранавірусаў?

Новыя дасьледаваньні паказваюць, што адна прышчэпка вакцыны можа значна павысіць ўзровень антыцелаў у тых, хто ўжо хварэў на каранавірус.

Навукоўцы высьветлілі, што такім людзям дастаткова адной дозы вакцыны, каб колькасьць антыцелаў у іх дасягнула ўзроўню, здольнага зьнішчыць як новы каранавірус, так і некаторыя іншыя яго варыянты.

Гэтыя вынікі карэлююцца з высновамі двух іншых дасьледаваньняў, апублікаваных за апошнія некалькі тыдняў. Узятыя разам, яны паказваюць, што людзям якія перанесьлі COVID-19, прышчэпкі рабіць трэба, але дастаткова адной дозы.

«Думаю, гэта сапраўды важкае абгрунтаваньне, чаму ачунялых ад COVID-19 людзей, трэба прышчапляць», — кажа імуноляг з Унівэрсытэту Таронта Джэніфэр Гомэрман.

Імунны адказ чалавека на натуральную інфэкцыю моцна адрозьніваецца. У большасьці людзей выпрацоўваецца вялікая колькасьць антыцелаў, якія захоўваюцца на працягу многіх месяцаў. Але некаторыя хворыя на COVID-19, у якіх былі лёгкія сымптомы або іх наогул не было, выпрацоўваюць мала антыцелаў, да таго ж колькасьць іх хутка падае да ўзроўню, які аналізы нават не фіксуюць.

У апошнім дасьледаваньні, якое яшчэ не апублікавалі ў навуковым часопісе, былі прааналізаваныя ўзоры крыві людзей, што перанесьлі COVID-19. Вынікі паказалі, што імунная сыстэма гэтых людзей можа ня даць рады варыянту каранавірусу, які ўпершыню быў выяўлены ў Паўднёвай Афрыцы і атрымаў назву B.1.351.

Але адна іньекцыя вакцыны Pfizer-BioNTech або Moderna значна зьмяняе карціну. Адна доза вакцыны павялічвае колькасьць антыцелаў у крыві тых, хто хварэў на каранавірус, у тысячу разоў.

Ці праўда, што дзьве маскі на твары лепшыя чым адна?

Навукоўцы амэрыканскіх Цэнтраў кантролю і прафіляктыкі захворваньняў (CDC) параўналі эфэктыўнасьць дзьвюх і адной маскі для засьцярогі ад каранавірусу.

Вынікі аднаго экспэрымэнту паказалі, што мэдычная маска блякуе 42 % часьцінак ад сымуляванага кашлю, а тканевая маска — 44,3 %.

Калі ж выкарыстоўваць іх разам, то такая камбінацыя затрымлівае 92,5% часьцінак макроты ад кашлю.

У іншым экспэрымэнце дасьледчыкі спрабавалі сымуляваць распаўсюджваньне каранавірусу падчас дыханьня, калі адзін або два чалавека насілі маскі належным чынам.

У першым сцэнары, калі толькі адна крыніца аэразоляў насіла маску, аказалася, што ўзьдзеяньне каранавірусу зьменшылася на 82,2% пры падвоенай хірургічнай масцы, і на 62,9% пры шчыльна падагнанай і завязанай адной масцы.

Колькі людзей павінны захварэць, каб узьнік калектыўны імунітэт да COVID-19?

Навукоўцы першапачаткова лічылі, што ад 60 да 70 адсоткаў насельніцтва павінны мець устойлівасьць да каранавірусу, каб пандэмія скончылася. Цяпер амэрыканскі інфэкцыяніст Энтані Фаўчы і іншыя лекары сталі павялічваць гэтую лічбу, піша The New York Times.

Ад пачатку пандэміі лічба перахварэлых у 60-70 адсоткаў для калектыўнага імунітэту агучваецца Сусьветнай арганізацыяй здароўя і часта паўтараецца пры абмеркаваньні будучыні пандэміі.

Нядаўна чалавек, да якога мільёны амэрыканцаў і людзей зь іншых краін зьвяртаюцца па параду — доктар Энтані Фаўчы, пачаў паступова павышаць ацэнку лічбаў калектыўнага імунітэту.

У першыя дні пандэміі Фаўчы прыводзіў тыя ж ацэнкі, што і большасьць экспэртаў — ад 60 да 70 адсоткаў. Каля месяца таму ў тэлеінтэрвію Фаўчы сказаў пра 70-75 адсоткаў. А на мінулым тыдні ў інтэрвію CNBC News Фаўчы ўжо заявіў пра 75-85 адсоткаў.

Паводле амэрыканскіх інфэкцыяністаў, раньнія прагнозы наконт 60-70 адсоткаў былі занадта нізкія. Цяпер вірус робіцца ўсё больш кантагіёзным (г. зн. усё больш лёгкім у перадачы), таму спатрэбіцца больш высокі калектыўны імунітэт, каб спыніць хваробу.

Таму спэцыялісты ўсё больш схіляюцца да высновы, што ўзровень калектыўнага імунітэту, неабходны для спыненьня пандэміі COVID-19, можа складаць 85, 90 і болей адсоткаў. І ўсё больш надзей ускладаецца на вакцыну.

Новае дасьледаваньне паказала, што ліпень, магчыма, стаў самым сьмяротным

Ці сапраўды лекары навучыліся прадказваць цяжкасьць каранавіруснай інфэкцыі?

Дзесяткі дасьледчых прац, апублікаваных за апошнія некалькі месяцаў, паказалі, што людзі, чые целы кішаць каранавірусам, часьцей хварэюць і з большай верагоднасьцю паміраюць, у параўнаньні з тымі, хто нясе ў сабе значна менш вірусу.

Вынікі паказваюць, што веданьне так званай віруснай нагрузкі — колькасьці вірусу ў арганізьме — можа дапамагчы лекарам спрагназаваць ход хваробы пацыента. Гэта дапамагае ім вылучаць тых, каму кіслародная дапамога можа спатрэбіцца, напрыклад, толькі раз на дзень, і тых, каму яна будзе патрэбная пастаянна. Пацыентаў з большай віруснай нагрузкай трэба даглядаць больш пільна, — кажа доктар Дэніэл Грыфін, лекар-інфэкцыяніст з Калюмбійскага ўнівэрсытэту ў Нью-Ёрку.

Дасьледнікі з Weill Cornell Medicine ў Нью-Ёрку зафіксавалі вірусную нагрузку ў больш чым 3000 шпіталізаваных пацыентаў з COVID-19 у дзень іх шпіталізацыі. Лекары выявілі, што 40% пацыентаў з высокай віруснай нагрузкай — чые тэсты былі станоўчымі пры Ct 25 або ніжэй — памерлі падчас знаходжаньня ў шпіталі, у параўнаньні з 15% пацыентаў з станоўчымі тэстамі пры больш высокім Ct і, як мяркуецца, больш нізкай віруснай нагрузцы.

У іншым дасьледаваньні Дэпартамэнт грамадзкага здароўя Нэвады выявіў, што сярэдняе значэньне Ct складае 23,4 у людзей, якія памерлі ад COVID-19, у параўнаньні з 27,5 у тых, хто перажыў хваробу. У бессымптомных людзей сярэдні паказьнік склаў 29,6, што сьведчыць аб тым, што яны несьлі значна менш вірусу, чым дзьве іншыя групы.

Можа здацца, што гэтыя лічбы адрозьніваюцца вельмі нязначна, але яны адпавядаюць мільёнам вірусных часьцінак. "Гэта ня тонкія адрозьненьні, — кажа доктар Грэнінгер. Дасьледаваньне, праведзенае ў яго лябараторыі, паказала, што ў пацыентаў з Ct менш за 22 шанцы памерці на працягу 30 дзён больш чым у чатыры разы вышэйшыя, чым у пацыентаў зь меншай віруснай нагрузкай.

Ці сапраўды плязма крыві зьніжае рызыку цяжкай формы COVID-19 пры раньнім увядзеньні?

У 2020 годзе тысячы людзей атрымлівалі плязму ў якасьці экспэрымэнтальнага лячэньня COVID-19. Новае дасьледаваньне паказвае, што гэта працуе, але толькі пры ўвядзеньні на працягу некалькіх дзён пасьля пачатку хваробы, піша The New York Times.

Невялікае, але дбайнае клінічнае дасьледаваньне ў Аргентыне паказала, што плязма крыві ачунялых пацыентаў з COVID-19 можа ўберагчы пажылых людзей ад сур’ёзнага цячэньня каранавіруснай інфэкцыі — калі яны атрымаюць тэрапію на працягу некалькіх дзён пасьля пачатку хваробы.

Вынікі, апублікаваныя ў сераду 6 студзеня ў New England Journal of Medicine, зьяўляюцца аднымі зь першых, якія канчаткова паказваюць на станоўчыя эфэкты лячэньня плязмай.

Новае дасьледаваньне, праведзенае доктарам Фэрнанда Полакам, пэдыятрычным лекарам-інфэкцыяністам і навуковым дырэктарам Фонду немаўляці ў Аргентыне, праліла сьвятло на абставіны, пры якіх плязма дае станоўчы эфэкт.

Дасьледаваньне паказала, што ў 80 чалавек увядзеньне плязмы на 48 адсоткаў зьнізіла рызыку разьвіцьця цяжкай хваробы COVID-19, у параўнаньні зь іншай групай з 80 чалавек, якія замест гэтага атрымлівалі фізіялягічны раствор.

Дык ці змагаецца вітамін D з COVID-19?

Брытанская газэта The Guardian апублікавала агляд, як на працягу 2020 году мянялася стаўленьне брытанскіх лекараў да вітаміну D і яго ролі ў барацьбе з каранавірусам.

Газэта піша, што сёньня большасьць навукоўцаў схіляецца да думкі, што вітамін D — гэта танны і шырока даступны харчовы дадатак, які можа дапамагчы нам абараніцца ад вірусу.

Францускае экспэрымэнтальнае дасьледаваньне, праведзенае ў доме састарэлых з удзелам 66 чалавек, паказала, што рэгулярны прыём вітаміну D «зьвязаны зь менш цяжкім COVID-19 і лепшай выжывальнасьцю».

Дасьледаваньне з удзелам 200 чалавек у Паўднёвай Карэі паказала, што дэфіцыт вітаміну D можа «зьнізіць імунную абарону супраць COVID-19 і выклікаць прагрэсаваньне хваробы да цяжкай формы».

Але ўсе кропкі на «і» былі пастаўленыя ў пачатку верасьня 2020 году, калі гішпанскае дасьледаваньне прынесла фактычна неабвержныя доказы таго, што нізкі ўзровень вітаміну D адыгрывае ключавую ролю ў павышэньні ўзроўню сьмяротнасьці ад COVID-19.

Там 50 пацыентаў атрымлівалі высокую дозу вітаміну D, а яшчэ 26 пацыентаў не атрымлівалі гэтае пажыўнае рэчыва. Палова пацыентаў, якім не давалі вітамін D, была зьмешчана ў рэанімацыю, а два зь іх пазьней памерлі. Толькі адзін пацыент зь ліку тых, што атрымлівалі вітамін D, запатрабаваў шпіталізацыі ў аддзяленьне інтэнсіўнай тэрапіі, але пазьней ўсе яны былі выпісаныя без далейшых ускладненьняў.

Ці праўда, што брытанскі варыянт каранавірусу больш сьмертаносны?

Новае дасьледаваньне паказвае, што брытанскі варыянт каранавірусу «верагодна» зьвязаны з больш высокай рызыкай шпіталізацыі і сьмерці, піша The New York Times.

Паводле нядаўніх ацэнак, гэты варыянт распаўсюдзіўся прынамсі ў 82 краінах і перадаецца на 35-45% лягчэй, чым іншыя варыянты. Амэрыканскія афіцыйныя асобы выказалі здагадку, што да сакавіка гэты варыянт можа стаць асноўнай крыніцай заражэньня ў ЗША. Такі ж самы прагноз раней зрабілі і ўлады Чэхіі.

Наколькі рызыка большая? Агульная выснова — гэта прыкладна на 40-60 % большая рызыка шпіталізацыі і сьмерці, — заявіў эпідэміёляг і навуковы дарадца брытанскага ўраду Ніл Фэргюсан. Навуковец лічыць, што нават самыя жорсткія абмежаваньні апраўданыя.

Нядаўняе дасьледаваньне Лёнданскай школы гігіены і трапічнай мэдыцыны, на якое абапіраліся дзяржаўныя навукоўцы, дало прыблізныя ацэнкі эфэкту новага варыянту каранавірусу. Лекары вывучылі 3382 выпадкі сьмерці, зь іх 1722 у людзей, інфікаваных новым варыянтам, і ацанілі, што рызыка сьмерці зь ім на 58 адсоткаў вышэй.

Напрыклад, для мужчын ад 55 да 69 гадоў гэта павысіла агульную рызыка сьмерці з 0,6% да 0,9%. Для жанчын гэтай узроставай групы рызыка сьмерці вырасла з 0,2 да 0,3 працэнта.

Ці сапраўды брытанскі штам не прыводзіць да больш цяжкай формы COVID-19, як думалі дагэтуль?

Варыянт каранавірусу, які ўпершыню быў выяўлены ў Вялікай Брытаніі ў канцы 2020 году, так званы брытанскі штам, не прыводзіць да больш цяжкіх формаў COVID-19.

Да такіх высноў прыйшлі аўтары дасьледаваньняў, вынікі які апублікаваныя ў мэдычных часопісах The Lancet Infectious Diseases і The Lancet Public Health.

Артыкул у The Lancet Infectious Diseases заснаваны на назіраньні ў дзьвюх лёнданскіх шпіталях. Дасьледнікі вывучылі дадзеныя 341 пацыента. Сярод тых, хто заразіўся брытанскім штамам, хвароба працякала ў цяжкай форме або прывяла да сьмяротнага зыходу ў 36% выпадкаў. А сярод хворых, у якіх знайшлі іншы варыянт узбуджальніка інфэкцыі, гэты паказьнік склаў 38 працэнтаў.

Апісанае ў The Lancet Public Health дасьледаваньне грунтуецца на значна большай выбарцы — амаль 37 тысяч чалавек. Пры гэтым аўтары абодвух дасьледаваньняў пацьвердзілі, што выяўленая ў Вялікай Брытаніі мутацыя прыкладна ў 1,35 раза больш заразная, чым першапачатковы варыянт.

Мутацыі каранавірусу сталі сур’ёзнай праблемай з восені мінулага году, калі навукоўцы паведамілі аб зьяўленьні ў Вялікай Брытаніі новага, больш небясьпечны штаму SARS-CoV-2. Пазьней стала вядома пра паўднёваафрыканскі і бразыльскі штамы.

На брытанскі штам, паводле ацэнак экспэртаў, прыпадае цяпер каля паловы заражэньняў у Эўропе. У Сусьветнай арганізацыі здароўя прыйшлі да высновы, што новыя варыянты вірусаў заразьнейшыя, але ня больш сьмяротныя, а існыя вакцыны супраць іх эфэктыўныя.

Навукоўцы здагадаліся, адкуль бяруцца новыя варыянты каранавірусу

Як піша амэрыканская газэта The New York Times, новыя варыянты вірусаў, верагодна, разьвіваюцца ў людзей са слабой імуннай сыстэмай.

Паводле газэты, зьяўляецца ўсё больш дадзеных аб тым, што людзі з ракам і іншымі захворваньнямі, якія аслабляюць імунную сыстэму, могуць быць інкубатарамі мутантных вірусаў.

Варыянт каранавірусу, выяўлены ў Вялікай Брытаніі ў канцы мінулага году, шакаваў мэдыкаў шмат зь якіх прычын. Гэта адбылося ў той момант, калі вакцыны дазволілі нарэшце ўбачыць блізкі канец пандэміі. І раптам зьявілася пагроза, якая можа разьвеяць гэтыя надзеі.

Брытанскі варыянт аказаўся значна больш заразны, чым папярэднія. Гэта прывяло да хуткага павелічэньня колькасьці шпіталізацыяў. Але для навукоўцаў самым дзіўным стала тое, што ў брытанскім варыянце сабралася вялікая колькасьць мутацый, для якіх у іншых умовах вірусу спатрэбілася б вельмі шмат часу.

Звычайна каранавірус набывае мутацыі павольна, але стабільна — прыкладна дзьве ў месяц. Але брытанскі варыянт, названы B.1.1.7, набыў 23 мутацыі, якіх не было ў вірусе, упершыню ідэнтыфікаваным у Кітаі. 17 з гэтых мутацый узьніклі адразу пасьля таго, як брытанскі варыянт адышоў ад свайго апошняга продка.

Экспэрты кажуць, што ёсьць толькі адна добрая гіпотэза пра тое, як гэта адбылося: у нейкі момант вірус павінен быў заразіць некага са слабой імуннай сыстэмай, што дазволіла яму адаптавацца і разьвівацца на працягу некалькіх месяцаў унутры таго чалавека, перш чым перадацца іншым.

Чаму прышчэпленыя людзі заражаюцца каранавірусам?

Выпадкі заражэньня прышчэпленых людзей, хоць яны і рэдкія, нагадваюць пра тое, што такія людзі павінны насіць маскі і што вірус усё яшчэ шырока цыркулюе. Пра гэта піша The New York Times.

Выпадкі прарыву імуннай абароны, хоць і даволі рэдкія, — сур’ёзны напамін, што прышчэпленыя людзі не абароненыя на 100%, асабліва калі вірус працягвае шырока распаўсюджвацца.

Разам з тым навукоўцы зьвяртаюць увагу на тое, што ўсе, хто захварэў пасьля вакцынацыі, мелі лёгкія сымптомы COVID-19 або ня мелі іх наогул — вірус у іх быў знойдзены шляхам тэставаньня.

Паводле доктара Дэвіда Ўола з Унівэрсытэту Паўночнай Караліны, гэта сьведчыць, што вакцыны робяць менавіта тое, што і павінны рабіць — прадухіляюць захворваньне людзей або яго цяжкія формы, нават калі яны ня цалкам блякуюць вірус.

Цяпер пытаньне ў тым, наколькі эфэктыўныя вакцыны для людзей, чые імунныя сыстэмы моцна аслабленыя хваробай ці лекамі. Паводле доктара Ўільяма Шафнэра з Унівэрсытэту Вандэрбільта, выпадкі заражэньняў пасьля вакцынацыі могуць азначаць, што арганізм людзей з аслабленым імунітэтам ня можа даць надзейную рэакцыю на вакцыну.

Што трэба рабіць, каб не заразіцца новымі варыянтамі каранавірусу?

З ростам колькасьці прышчэпленых людзей расьце і колькасьць тых, хто не зьяўляецца ў пункты вакцынацыі для атрыманьня другой дозы вакцыны.

Пра тое, чаму гэтага рабіць ня варта, піша амэрыканская The New York Times.

Сёньня ў сьвеце налічваецца некалькі мільёнаў чалавек, якія зрабілі першую прышчыпку вакцыны ад каранавірусу і празь некалькі тыдняў не зьявіліся рабіць другую.

Другая прышчэпка вакцыны дае людзям больш абароны, чым яны думаюць. Прычыны, зь якіх людзі прапускаюць другую іньекцыю вакцыны, адрозьніваюцца. Некаторыя кажуць, што іх турбуюць пабочныя эфэкты, якія, паводле шматлікіх паведамленьняў, узмацняюцца пасьля другой дозы. Нехта проста не знаходзіць часу. А праведзенае нядаўна ў ЗША дасьледаваньне паказала, што многія людзі проста не абазнаныя і думаюць, што адной прышчэпкі дастаткова.

Лекары не стамляюцца пераконваць пацыентаў, што калі яны атрымаюць дзьве дозы вакцыны, гэта будзе дадатковаю абаронаю ад новых варыянтаў вірусу, якія цяпер цыркулююць па ўсім сьвеце. Нават з практычнага пункту гледжаньня пропуск другой прышчэпкі можа стварыць праблемы ў будучыні, калі на працоўных месцах, ва ўнівэрсытэцкіх аўдыторыях, на авіялініях і пагранічных пераходах спатрэбіцца пацьверджаньне аб поўнай вакцынацыі.

Экспэрты кажуць, што другая доза індуцыруе ўзровень антыцелаў прыкладна ў 10 разоў вышэйшы, чым першая доза, акрамя таго, другая доза выклікае клеткавы імунітэт, які стварае ня толькі больш працяглую абарону, але і лепшую абарону ад варыянтных штамаў.

Чаму нельга прапускаць другую прышчэпку ад COVID-19?

Выпадкі заражэньня прышчэпленых людзей, хоць яны і рэдкія, нагадваюць пра тое, што такія людзі павінны насіць маскі і што вірус усё яшчэ шырока цыркулюе. Пра гэта піша The New York Times.

Выпадкі прарыву імуннай абароны, хоць і даволі рэдкія, — сур’ёзны напамін, што прышчэпленыя людзі не абароненыя на 100%, асабліва калі вірус працягвае шырока распаўсюджвацца.

Разам з тым навукоўцы зьвяртаюць увагу на тое, што ўсе, хто захварэў пасьля вакцынацыі, мелі лёгкія сымптомы COVID-19 або ня мелі іх наогул — вірус у іх быў знойдзены шляхам тэставаньня.

Паводле доктара Дэвіда Ўола з Унівэрсытэту Паўночнай Караліны, гэта сьведчыць, што вакцыны робяць менавіта тое, што і павінны рабіць — прадухіляюць захворваньне людзей або яго цяжкія формы, нават калі яны ня цалкам блякуюць вірус.

Цяпер пытаньне ў тым, наколькі эфэктыўныя вакцыны для людзей, чые імунныя сыстэмы моцна аслабленыя хваробай ці лекамі. Паводле доктара Ўільяма Шафнэра з Унівэрсытэту Вандэрбільта, выпадкі заражэньняў пасьля вакцынацыі могуць азначаць, што арганізм людзей з аслабленым імунітэтам ня можа даць надзейную рэакцыю на вакцыну.

Ці праўда, што існуе адзіны тэст на каранавірус і 20 іншых узбуджальнікаў?

Ведаць пра тое, што менавіта выклікала ў пацыента насмарк ці кашаль, лекарам цяпер трэба больш, чым калі-небудзь раней.

Ужо вясной 2020 году паўстала вострая мэдычная праблема хуткай дыягностыкі і адрозьненьня каранавіруснай інфэкцыі ад іншых, бо яны вымагаюць розных мэтадаў лячэньня і выкарыстаньня розных лекаў.

Таму над распрацоўкай новых новых вэрсій квад-тэстаў пачалі працу многія кампаніі па ўсім сьвеце.

Напрыклад, нядаўна кампанія Roche атрымала дазвол на экстранае выкарыстаньне тэсту, які адначасова шукае каранавірус і грып A і B.

Некаторыя з распрацаваных там камбінаваных тэстаў выяўляюць больш за дзесяць розных рэсьпіратарных патагенаў адначасова з выкарыстаньнем мэтады ПЛР. Гэтыя мультытэсты асабліва карысныя пры дыягностыцы захворваньняў у людзей са слабой імуннай сыстэмай, таму што яны дазваляюць лекарам хутка вызначыць, які патаген выклікае хваробу, перш чым будзе занадта позна пачынаць правільнае лячэньне.

Француская кампанія bioMérieux прадае тэст, які адначасова шукае каранавірус і яшчэ 21 іншы вірус і бактэрыю. А нядаўна Roche купіла кампанію, якая сканструявала прыбор, здольны выявіць больш за 20 патагенаў за адзін раз.

Ці сапраўды прышчэпкі цяжарных ад COVID-19 абараняюць і немаўлят?

Паводле апошніх дасьледаваньняў, прышчэпкі ад каранавірусу могуць быць карысныя для немаўлят і, падобна, ня шкодзяць пляцэнце, паведамляе The New York Times.

Калі вакцыны супраць каранавірусу былі ўпершыню дазволеныя ў сьнежні летась, лекары мала ведалі, як прышчэпкі дзейнічаюць на цяжарных жанчын, бо цяжарныя ня бралі ўдзелу ў экспэрымэнтах.

З тых часоў навукоўцы назапасілі аб’ём доказаў (які ўвесь час расьце), што вакцыны бясьпечныя і эфэктыўныя для цяжарных. Папярэднія вынікі двух новых дасьледаваньняў гэта пацьвярджаюць.

Паводле дасьледаваньня, апублікаванага ў Journal of the American Medical Association (JAMA) у чацьвер, вакцыны Pfizer-BioNTech і Moderna выклікаюць устойлівы імунны адказ у цяжарных і кормячых жанчын. Вынікі паказваюць, што вакцынаваныя жанчыны могуць перадаваць ахоўныя антыцелы эмбрыёну праз крывацёк і немаўлятам праз грудное малако.

У другім дасьледаваньні, апублікаваным у аўторак у часопісе Obstetrics & Gynecology (Акушэрства і гінэкалёгія), дасьледчыкі ня выявілі доказаў таго, што вакцыны Pfizer або Moderna шкодзяць пляцэнце падчас цяжарнасьці.

Цяпер, кажуць лекары, можна замяніць канцэпцыю «давайце абаронім цяжарных ад вакцыны» на «давайце абаронім цяжарных і немаўлят з дапамогай вакцыны».

Ці сапраўды дакладныя дадзеныя пра пандэмію дае... каналізацыя?

Каранавірус можа ператварыць назіраньне за сьцёкавымі водамі ў звычайную практыку грамадзкай аховы здароўя, піша амэрыканская газэта The New York Times.

Доктар Марк Джонсан, вірусоляг з Унівэрсытэту Місуры, правёў большую частку 2020 году, зьбіраючы сьцёкавыя воды з усяго штату і аналізуючы іх на наяўнасьць фрагмэнтаў каранавірусу. Людзі з COVID-19 вылучаюць вірус з экскрэмэнтамі. Джонсан заўважыў, што калі каранавірус распаўсюдзіўся па Місуры, усё больш яго стала зьяўляцца ў сьцёкавых водах.

У студзені 2021 году доктар Джонсан выявіў ва ўзорах вады сьляды штаму B.1.1.7 — больш небясьпечнага варыянту, які ўпершыню быў выяўлены ў Вялікабрытаніі. Афіцыйна ў Місуры пацьверджаных выпадкаў B.1.1.7 не было, але сьцёкавыя воды паказвалі, што гэты варыянт у штаце зьявіўся. Да канца студзеня ўзровень B.1.1.7 у пробах вады з каналізацыі рэзка павысіўся, а ў пачатку лютага штат нарэшце выявіў першы выпадак захворваньня ад B.1.1.7.

Выкарыстоўваючы ўзоры сьцёкавых вод, доктар Джонсан змог зазірнуць у будучыню Місуры з каранавірусам. «Не магу паверыць, наколькі добра гэта працуе, — кажа ён. — Я адчуваю сябе аракулам».

Доктар Джонсан — адзін з многіх навукоўцаў, якія летась далучыліся да раней маргінальнай галіны эпідэміялёгіі сьцёкавых вод. Згодна з глябальным каталёгам праектаў COVID-19 Poops Dashboard, дасьледчыкі ў 54 краінах цяпер адсочваюць каранавірус ў сьцёкавых водах.

Як дзейнічае страхоўка ў сувязі з пандэміяй каранавірусу?

У беларускай дзяржаўнай кампаніі «Белдзяржстрах» патлумачылі, што ў выпадку заражэньня каранавірусам за мяжой аплачваюцца паслугі «хуткай» і лекаваньне.

Тэст на выяўленьне вірусу, зьмяшчэньне ў карантын, вяртаньне на радзіму пасьля карантыну, вакцынацыя ад вірусных захворваньняў і іншыя прафіляктычныя меры (у тым ліку набыцьцё масак і антысэпыкаў)ня лічацца страхавымі выпадкамі і не кампэнсуюцца.

Пры страхоўцы адмены паездкі кампэнсуюць выдаткі, калі ўладальнік страхоўкі ці яго непаўналетняе дзіця заразіліся каранавірусам і былі шпіталізаваныя, альбо калі пэрыяд шпіталізацыі завяршаецца менш чым за 3 дні да дня пачатку паездкі,

Не пакрываюць выдаткі пры зьмяшчэньні ў карантын у сувязі з каранавірусам

Ці могуць вам адмовіць зрабіць тэст? Прымусова шпіталізаваць на карантын?

Так, дактары маюць права адмовіць у тэсьце на каранавірус. У пратаколе Міністэрства здароўя апісаныя выпадкі, у якіх доктар мусіць прызначыць тэст. Калі таго канкрэтнага выпадку няма ў пратаколе, чалавек ня можа патрабаваць, каб яму зрабілі тэст. У камэрцыйных мэдычных цэнтрах тэстаў на каранавірус няма — дзяржава не дазваляе самастойна здаць тэсты ў сытуацыі, калі колькасьць тэстаў абмежаваная.

Ці мае права брыгада мэдыкаў, якая прыехала, каб ізаляваць кантакты першага ўзроўню, забраць чалавека ў шпіталь на карантын прымусова? Не, нават унясеньне каранавірусу ў сьпіс небясьпечных захворваньняў не дае мэдычным службам паўнамоцтваў прымусова ізаляваць асобаў першага кантакту з хворым. Тут усё заснавана на сьвядомасьці і сацыяльнай адказнасьці саміх грамадзянаў.

Дыстанцыйная праца падчас пандэміі: што будзе з заробкамі, выходнымі і працоўным стажам?

28 студзеня 2020 году ўступіла ў дзеяньне новая рэдакцыя Працоўнага кодэксу Беларусі, у якім упершыню ўведзены разьдзел аб дыстанцыйнай працы. Такая праца цяпер дазволеная са згоды працадаўцы пры заключэньні дадатковай дамовы да асноўнай працоўнай дамовы. Пры гэтым работніку гарантуецца захаваньне ўсіх ягоных правоў: ён ня страчвае заробку і працоўнага стажу, а ў выпадку хваробы будзе мець аплачаны бальнічны ліст;

А вось для сытуацыі, калі работнік апынуўся на карантыне не па сваёй волі, прававая база яшчэ не распрацаваная. Калі чалавек захварэе, яму дадуць бюлетэнь і паводле яго аплацяць непрацоўныя дні, але калі падазрэньні на хваробу не пацьвердзяцца, дык ніякая мэдыцынская ўстанова бюлетэню ня выдасьць. Юрыдычныя падставы для вырашэньня гэткіх праблемаў магла б стварыць надзвычайная сытуацыя — абвяшчэньне ў краіне карантыну.

Як урад Беларусі кампэнсуе фінансавыя страты тым, хто на карантыне або ў службовай паездцы за мяжой?

Паводле пастановы Савету Міністраў № 194, калі работнік ня можа вярнуцца ў Беларусь са службовай камандзіроўкі ў краіну, дзе рэгіструюцца выпадкі заражэньня каранавірусам, тэрмін яго службовай камандзіроўкі падаўжаецца да дня прыбыцьця ў Беларусь (уключна).

Рашэньне распаўсюджваецца таксама на тых, хто адправіўся за мяжу на навучаньне (стажыроўку, сэмінар, канфэрэнцыю і іншыя мерапрыемствы, зьвязаныя з павышэньнем кваліфікацыі), на вайскоўцаў і супрацоўнікаў ваенізаваных арганізацый, якія маюць спэцыяльнае званьне.

За імі мусяць захавацца месца працы і пасада, а таксама пакрываюцца выдаткі ў камандзіроўцы ў адпаведнасьці з заканадаўствам.

Пастанова тычыцца і выпадкаў 14-дзённай самаізаляцыі.

З дня падаўжэньня службовай камандзіроўкі да прыбыцьця ў Беларусь, а таксама пры немагчымасьці выконваць працу па працоўнай дамове падчас самаізаляцыі па прыезьдзе ў Беларусь работнікам павінны выплачваць заробак (грашовае забесьпячэньне) у памеры не ніжэй за дзьве траціны ўстаноўленай ім тарыфнай стаўкі (ці тарыфнага акладу, акладу, калі іншае ня вызначана калектыўнай дамовай).

Ці праўда, што нягледзячы на эканамічныя страты, локдаўн выратаваў мільёны жыцьцяў?

У той час, як краіны паступова адкрываюць сваю эканоміку пасьля месячных абмежаваньняў, новыя навуковыя дасьледаваньні сьведчаць, што першапачатковае спыненьне працы ў сьвеце і карантынныя абмежаваньні выратавалі мільёны жыцьцяў.

Крытыкі карантынных захадаў па-ранейшаму цьвердзяць, што жорсткі локдаўн таксама нясе небясьпеку для здароўя — ад праблем зь лячэньнем пацыентаў зь іншымі хваробамі да павелічэньня суіцыдаў, хатняга гвалту, беспрацоўя, галечы і недаяданьня. Да іншых недахопаў локдаўну адносяць пашырэньне эканамічнай няроўнасьці, перапыненьне адукацыі і няўпэўненасьць людзей у будучыні.

Апошнія дасьледаваньні ў Брытаніі і ЗША робяць выснову, што своечасовае ўвядзеньне каранавірусных абмежаваньняў у пачатку распаўсюджваньня хваробы было правільным у пляне выратаваньня жыцьцяў і аховы здароўя людзей.

Адно з дасьледаваньняў, апублікаваных у часопісе Nature навукоўцамі з Імпэрскага каледжу ў Лёндане, паказала, што карантынныя захады і сацыяльнае дыстанцыяваньне да 4 траўня прадухіліла каля 3 мільёнаў сьмерцяў у 11 эўрапейскіх краінах — у Італіі, Гішпаніі, Францыі, Нямеччыне, Вялікабрытаніі, Бэльгіі, Аўстрыі, Даніі, Нарвэгіі, Швайцарыі і Швэцыі.

Ці высокая імавернасьць заразіцца COVID-19 у чарзе на перадвыбарчым пікеце?

Сытуацыю на просьбу Свабоды камэнтуе кандыдат мэдычных навук, былая загадчыца катэдры дзіцячых інфэкцыйных хваробаў Менскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Іна Германенка.

На думку спэцыяліста, на сьвежым паветры рызыка заражэньня значна меншая, чым пры паездцы ў грамадзкім транспарце ці пры непасрэдным кантакце бяз сродкаў засьцярогі.

Асноўная праблема і асноўная рызыка для заражэньня каранавірусам — калі ўзьнікае аэразоль з найдрабнейшых кропелек сьліны і трапляе на рызыкоўныя месцы. Гэта сьлізістая абалонка носа, горла і вачэй.

Цяпер мэдыкі ўжо ведаюць, што найбольш рызыкоўна блізка кантактаваць з хворым чалавекам — на адлегласьці менш як паўтара-два мэтры. І вось якраз у транспарце гэты аэразоль можа захоўвацца значна даўжэй, чым на адкрытым паветры. Даказана, што ў закрытым памяшканьні аэразоль можа заставацца ў паветры прынамсі 30 хвілін. А вось на вуліцы ён так доўга ў паветры не трымаецца — там вецер, рух людзей і машын.

Так што стаяць у чэргах на адкрытым паветры — гэта значна меншая рызыка, чым ехаць у грамадзкім транспарце або, напрыклад, знаходзіцца ў краме.

Зь іншага боку, калі людзі ў чарзе да перадвыбарчага пікету стаяць побач адзін з адным і размаўляюць паміж сабой бяз сродкаў засьцярогі, то рызыка заражэньня існуе. Бо гэта дастаткова блізкі кантакт. Людзі павінны трымаць дыстанцыю і надзяваць маскі, калі яны размаўляюць паміж сабой.

Калі ж гаварыць пра кантактную перадачу вірусу праз рукі — калі чалавек бярэцца за ручку дзьвярэй ці за іншыя прадметы, да якіх мог дакрануцца хворы чалавек, то тут, натуральна, рызыка існуе. Трэба заўсёды апрацоўваць рукі дэзынфэкцыйнымі сродкамі або мыць іх з мылам, а да таго — не дакранацца да твару, ня церці вачэй і г. д.

Наколькі небясьпечныя вулічныя пратэсты і масавыя акцыі падчас пандэміі COVID-19?

На гэтае пытаньне, зададзенае брытанскім выданьнем The Guardian у сувязі з масавымі пратэстамі ў ЗША пасьля сьмерці афраамэрыканца Джорджа Флойда падчас затрыманьня паліцыяй, адказваюць тры амэрыканскія мэдычныя экспэрты.

Гэта Джорджэс Бэнджамін (дырэктар Амэрыканскай асацыяцыі аховы здароўя), Лорэн Паўэл (кіраўніца арганізацыі Time’s Up Healthcare), Кімбэрлі Сью (мэдычны дырэктар арганізацыі Harm Reduction Coalition).

Усе тры экспэрты пагаджаюцца, што ўдзел у вулічных пратэстах і магчымыя сутычкі дэманстрантаў з паліцыяй павышаюць рызыку распаўсюду інфэкцыі COVID-19. Тым ня менш, яны не заклікаюць людзей не выходзіць на пратэсты ў час пандэміі, знаходзячы для іх апраўданьне, і адначасова даюць парады, як мінімізаваць рызыку заражэньня.

Вось парады аднаго з экспэртаў, Джорджэса Бэнджаміна:

  • Выходзьце на пратэсты ў меншым натоўпе.
  • Надзеньце маску.
  • Бярыце з сабою дэзынфэкцыйны сродак.
  • Пазьбягайце пацісканьня рук.
  • Абмяжуйце час удзелу ў пратэсьце.
Ці праўда, што імунітэт да каранавірусу можа захоўвацца гадамі?

Атрыманыя навукоўцамі дадзеныя абвяргаюць засьцярогі аб тым, што абарона ад вірусу недаўгавечная.

Паводле двух новых дасьледаваньняў, імунітэт да каранавірусу захоўваецца ня менш за год, а, магчыма, і пажыцьцёва. Больш за тое, зь цягам часу ён умацоўваецца, асабліва пасьля вакцынацыі, піша амэрыканская The New York Times.

Падчас абодвух дасьледаваньняў вывучалі людзей, якія заразіліся каранавірусам каля году таму. Паводле аднаго з дасьледаваньняў, апублікаваным у часопісе Nature, клеткі, што захоўваюць памяць пра вірус, застаюцца ў касьцявым мозгу і могуць прадукаваць антыцелы, калі ў іх узьнікае патрэба.

Іншае дасьледаваньне, вынікі якога апублікаваныя на партале BioRxiv (сайт біялягічных дасьледаваньняў), паказала, што гэтыя так званыя B-клеткі памяці працягваюць высьпяваць і ўмацоўвацца на працягу як мінімум 12 месяцаў пасьля першапачатковага заражэньня.

Абодва дасьледаваньні паказалі, што большасьці людзей, якія перахварэлі на COVID-19 і пасьля былі вакцынаваныя, не спатрэбіцца паўторная імунізацыя. Аднак прышчэпленыя людзі, якія раней не хварэлі, хутчэй за ўсё, будуць мець патрэбу ў дадатковых прышчэпках. Тое самае тычыцца і невялікай колькасьці людзей, якія хварэлі на COVID-19, але ў іх не сфармаваўся ўстойлівы імунны адказ.

«Гэтыя вынікі адпавядаюць растучаму аб’ёму іншых мэдычных публікацый, аўтары якіх мяркуюць, што імунітэт, выкліканы інфэкцыяй і вакцынацыяй супраць SARS-CoV-2, зьяўляецца доўгачасовым», — сказаў The New York Times імуноляг з Пэнсыльванскага ўнівэрсытэту Скот Хэнслі.

Ці сапраўды вакцыны эфэктыўныя супраць усіх варыянтаў каранавірусу?

Нягледзячы на тое, што «індыйскі» варыянт каранавірусу больш заразны і нясе вялікую небясьпеку для тых, хто пасьпеў атрымаць толькі адну дозу вакцыны зь дзьвюх, прышчэпка ўсё роўна забясьпечвае высокі ўзровень абароны (больш за 90%) як ад цяжкай формы COVID-19, так і ад сьмяротнага зыходу.

Такія папярэднія дадзеныя дасьледаваньня, праведзенага ангельскай эпідэміялягічнай службай Public Health England, якая вывучыла статыстыку заражэньняў у краіне з 12 красавіка да 4 чэрвеня ўключна, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Агулам за гэтыя няпоўныя два месяцы варыянт Дэльта (B.1.617.2) быў выяўлены больш як у 14 тысяч чалавек, сярод якіх былі і раней ужо прышчэпленыя пацыенты. Аднак прафэсійная мэдычная дапамога спатрэбілася толькі 166 інфікаваным, пераважная большасьць зь якіх не былі вакцынаванымі.

Разьлікі паказалі, што нават адна іньекцыя вакцыны ад Pfizer памяншае імавернасьць шпіталізацыі зь цяжкай формай COVID-19 на 94%, а першая прышчэпка оксфардзкай вакцынай ад AstraZeneca — на 71%. Пасьля другой іньекцыі эфэктыўнасьць гэтых прэпаратаў склала 96% і 92% адпаведна.

Ці сапраўды заходнія навукоўцы добра ставяцца да вакцыны «Спутника V»?

Аўтарытэтны навуковы часопіс Nature апублікаваў артыкул, у якім сьцьвярджаецца, што дадзеныя з Расеі і многіх іншых краін сьведчаць пра бясьпеку і эфэктыўнасьць вакцыны «Спутник V».

Аднак па-ранейшаму застаюцца пытаньні да якасьці збору дадзеных аб магчымых рэдкіх пабочных эфэктах, гаворыцца ў артыкуле.

Расейскую вакцыну «Спутник V», якая стала першым у сьвеце зарэгістраваным прэпаратам для прафіляктыкі COVID-19, выкарыстоўваюць амаль у 70 краінах, аднак яна дагэтуль не атрымала ўхваленьня Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя.

Аўтарка артыкулу Б’янка Ноградзі прыводзіць дадзеныя аб эфэктыўнасьці вакцыны, сабраныя ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і Аргентыне. У ААЭ дасьледавалі эфэктыўнасьць прымяненьня дзьвюх доз прэпарату на 81-й тысячы чалавек. Эфэктыўнасьць расейскай вакцыны склала 97,8 адсотка ў прадухіленьні сымптаматычнага COVID-19 і 100 працэнтаў у прадухіленьні цяжкіх захворваньняў.

У міністэрстве аховы здароўя Аргентыны паведамілі, што адна доза «Спутника Лайт» зьніжае сымптаматычныя інфэкцыі на 78,6 адсотка, а колькасьць шпіталізацый — на 87,6 адсотка. Гэтыя дадзеныя заснаваныя на дасьледаваньні больш 40 тысяч вакцынаваных і 146 тысяч невакцынаваных грамадзян ва ўзросьце ад 60 да 79 гадоў.

У артыкуле таксама паведамляецца, што паводле папярэдніх справаздачах пасьля вакцынацыі расейскім прэпаратам ні ў воднай краіне ня выявілі выпадкаў трамбозу. У ходзе дасьледаваньняў у Аргентыне, у Бразыліі і ў Сан-Марына не паведамлялі аб якіх-небудзь цяжкіх наступствах вакцынацыі «Спутникам V» (у справаздачы Аргентыны пра ўжываньне вакцыны адзначаныя два выпадкі трамбозу. — РС).

Цяпер «Спутник V» ўжываюць у 67 краінах, а гэта значыць, што справаздачы аб сур’ёзных пабочных эфэктах, калі яны будуць, стануць немінуча вядомыя, гаворыцца ў артыкуле.

Ці праўда, што прышчэпленыя людзі могуць распаўсюджваць каранавірус?

Амэрыканскія цэнтры кантролю за прадуктамі харчаваньня і лекамі (CDC) занепакоеныя ўспышкай COVID-19 у Правінстаўне, штат Масачусэтс, падчас якой аказалася, што большасьць інфікаваных новым штамам Дэльта былі раней цалкам вакцынаваныя, піша The New York Times.

Адзін з унутраных дакумэнтаў CDC сьведчыць, што сытуацыя яшчэ горшая — штам Дэльта распаўсюджваецца так жа хутка, як ветраная воспа, вятранка.

Паводле амэрыканскіх мэдычных уладаў, вакцыны застаюцца вельмі эфэктыўнымі супраць цяжкіх захворваньняў і сьмяротных выпадкаў, а інфэкцыі ў прышчэпленых людзей былі параўнальна рэдкія.

Але новае адкрыцьцё зьявілася ўсьлед за шэрагам іншых нядаўніх адкрыцьцяў, якія тычацца варыянту Дэльта, і якія перавярнулі ўяўленьні навукоўцаў пра каранавірус.

У новай справаздачы, якая павінна патлумачыць раптоўны перагляд агенцтвам сваіх рэкамэндацый адносна нашэньня масак для вакцынаваных амэрыканцаў, CDC апісала ўспышку ў Правінстаўне (штат Масачусэтс) у ліпені 2021 году, якая хутка вырасла да 470 выпадкаў па стане на 29 ліпеня.

Тры чвэрці інфікаваных у Масачусэтсе былі цалкам прышчэпленыя, але варыянт Дэльта быў знойдзены ў большасьці узораў, якія былі генэтычна прааналізаваныя. Агенцтва паведаміла, што прышчэпленыя і не прышчэпленыя людзі, што заразіліся, мелі высокія ўзроўні вірусу.

Дадзеныя аб віруснай нагрузцы паказваюць, што нават цалкам прышчэпленыя людзі могуць распаўсюджваць вірус гэтак жа лёгка, як і не прышчэпленыя.

Ці патрэбная трэцяя доза вакцыны ад каранавірусу?

Фэдэральныя прадстаўнікі аховы здароўя ЗША заявілі, што новыя дадзеныя апраўдваюць кампанію рэвакцынацыі. Але некаторыя навукоўцы не пагадзіліся, заявіўшы, што ня кожнаму амэрыканцу патрэбна яшчэ адна доза.

У сукупнасьці новыя дасьледаваньні паказваюць, што ў цэлым вакцыны маюць эфэктыўнасьць прыкладна 55 адсоткаў супраць усіх інфэкцый, 80 працэнтаў супраць сымптаматычных інфэкцый і 90 працэнтаў або вышэй супраць шпіталізацый, адзначыла Элі Мюрэй, эпідэміёляг з Бостанскага ўнівэрсытэту.

«Гэтыя лічбы на самай справе вельмі добрыя, — сказала доктарка Мюрэй. — Адзіная група, для якой, як сьведчаць гэтыя дадзеныя, можна рэкамэндаваць бустэры, на мой погляд, — гэта людзі з аслабленым імунітэтам».

Доктарка Мюрэй кажа, што бустэрная прышчэпка, несумненна, павысіць імунітэт у чалавека, але дадатковая карысьць можа быць мінімальнай — і яе можна так жа лёгка атрымаць, надзеўшы маску або пазьбягаючы абедаў ў памяшканьні і перапоўненых бараў.

У адным з трох дасьледаваньняў, вынікі якіх прыводзіць The New York Times, ацэньваліся дадзеныя па штаце Нью-Ёрк з 3 траўня па 25 ліпеня, калі колькасьць заражэньняў варыянтам Дэльта вырасла больш чым на 80 адсоткаў. Дасьледаваньне паказала, што эфэктыўнасьць вакцын у прадухіленьні выпадкаў захворваньня сярод дарослых зьнізілася з 91,7% да 79,8% за гэты час. Але вакцыны заставаліся гэтак жа эфэктыўнымі ў прадухіленьні шпіталізацый.

На працягу гэтых тыдняў у Нью-Ёрку было зарэгістравана 9 675 выпадкаў прарыўных інфэкцый (г. зн. у тых, хто быў цалкам вакцынаваны) — што склала прыкладна 20 працэнтаў ад агульнай колькасьці выпадкаў у штаце. Было таксама зарэгістравана 1 271 шпіталізацыя сярод цалкам вакцынаваных людзей, што склала 15 адсоткаў усіх шпіталізацый з COVID-19.