Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал страйкаму «Беларуськалію».
Анатоля Бокуна заблякавалі ў бацькоўскім доме 8 траўня. Каля 10 гадзіны раніцы сілавікі атачылі дом, пасьля чаго сувязь з Бокунам зьнікла. За што яго затрымалі — невядома.
Тэлеграм-канал страйкаму «Беларуськалію» паведаміў пра падрыхтоўку некалькіх акцый дыяспары ў падтрымку страйкаму і асабіста Бокуна. А 13-й гадзіне беларусы Вільні выйшлі да амбасады Нарвэгіі — у гэтай краіне месьціцца кампанія Yara, асноўны эўрапейскі партнэр «Беларуськалію», буйны пакупнік калійных угнаеньняў.
12 траўня справу Бокуна ў будынку РАУС разглядаў судзьдзя Блоцкі.
Анатоль Бокун – адзін з тых, хто ад імя страйкаму «Беларуськалію» вядзе перамовы з кіраўніцтвам кампаніі Yara, каб нарвэскі партнэр разарваў кантракт зь «Беларуськаліем» праз рэпрэсіі супраць страйкоўцаў. Раней прадстаўнікі нарвэскай кампаніі правялі на салігорскім прадпрыемстве аўдыт сыстэмы аховы працы, і Бокун папрасіў паказаць рабочым-страйкоўцам вынікі той праверкі. Аднак нарвэжцы не паказалі.
На мінулым тыдні ў інтэрвію «Народнай Волі» Анатоль Бокун расказаў, што Yara вырашыла адправіць на беларускае прадпрыемства свайго прадстаўніка для назіраньня за сытуацыяй. На «Беларуськаліі» ён будзе знаходзіцца і маніторыць сытуацыю каля паўгода. Разам з тым Бокун адзначыў, што генэральны дырэктар кампаніі так і не запрасіў страйкам на перамовы.
Сустаршыня страйкаму «Беларуськалію» ў верасьні-кастрычніку 2020 году адбыў 55 сутак адміністрацыйнага арышту.
Анатоль Бокун працаваў мэханікам аддзяленьня згушчэньня сыльвінітавай абагачальнай фабрыкі першага рудаўпраўленьня. Адміністрацыя ААТ «Беларуськалій» звольніла яго «за парушэньне працоўнай дысцыпліны, бо ён не хадзіў на працу без уважлівай прычыны». Звальненьне Бокуна ў страйкаме расцанілі як рэпрэсіі.