Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст страйкаму «Беларуськалію» выйшаў на волю пасьля 45 дзён арышту. За час пратэстаў ён адседзеў 100 сутак


Анатоль Бокун падчас леташняга страйку ў Салігорску
Анатоль Бокун падчас леташняга страйку ў Салігорску

Пасьля 45 дзён адміністрацыйнага арышту на волю выйшаў актывіст страйкаму «Беларуськалію» Анатоль Бокун.

«Анатоль Бокун на свабодзе. Ён у добрым настроі і не наракае на здароўе!», — паведаміў тэлеграм-канал «Стачком ОАО „Беларуськалий“».

Былога сустаршыню страйкаму «Беларуськалію» Анатоля Бокуна заблякавалі ў бацькоўскім доме 8 траўня. Пасьля гэтага на закрытым працэсе ў Салігорскім РАУС судзьдзя Юры Блоцкі асудзіў яго спачатку на 30 сутак за «несанкцыянаванае мерапрыемства», а затым яшчэ дадаткова на 15 сутак за «непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі».

Анатоль Бокун — адзін з тых, хто ад імя страйкаму вядзе перамовы з кіраўніцтвам кампаніі Yara, каб нарвэскі партнэр разарваў кантракт зь «Беларуськаліем» за рэпрэсіі супраць страйкоўцаў. У траўні актывіст расказаў, што скандынавы вырашылі адправіць у Салігорск свайго прадстаўніка для назіраньня за сытуацыяй, аднак пры гэтым адзначыў, што страйкамаўцаў на перамовы так і не запрасілі.

У верасьні-кастрычніку 2020 году ён ужо адбыў 55 сутак. Агулам летась і сёлета ён адбыў 100 дзён адміністрацыйнага арышту.

Анатоль Бокун працаваў мэханікам аддзяленьня згушчэньня сыльвінітавай абагачальнай фабрыкі першага рудаўпраўленьня. Адміністрацыя «Беларуськалію» звольніла яго «за парушэньне працоўнай дысцыпліны», аднак сам ён расцаніў гэта як адзін з прыкладаў рэпрэсій за іншадумства.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG