«Для нас вельмі важна наступны ацяпляльны сэзон прайсьці стабільна, таму што не сакрэт, і мы часта пра гэта гаворым, што налета мы маем плян аўтаномна папрацаваць, адлучыўшыся ад энэргасыстэм Расейскай Фэдэрацыі і Беларусі, для таго, каб у 2023 годзе забясьпечыць працэс сынхранізацыі Ўкраіны з эўрапейскай энэргасыстэмай», – заявіў Герман Галушчанка, выступаючы 18 чэрвеня ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны ў межах «гадзіны ўраду» ў парлямэнце.
Міністар падкрэсьліў, што сынхранізацыя з эўрапейскай энэргетычнай сыстэмай застаецца прыярытэтам для энэргетычнай галіны Ўкраіны, адначасова з гарантаваньнем энэргетычнай бясьпекі і рынкавых умоў функцыянаваньня гэтага сэктару эканомікі.
Герман Галушчанка прызначаны на пасаду міністра энэргетыкі Ўкраіны сёлета ў красавіку. На пасадзе віцэ-прэзыдэнта дзяржаўнай кампаніі «Енергоатом», на якой ён працаваў да свайго прызначэньня міністрам, выступаў за выкарыстаньне транзытных магчымасьцяў Беларусі для продажу ўкраінскай электраэнэргіі на рынак краін Балтыі.
Як энэргасыстэмы Беларусі, Украіны і Расеі суіснуюць цяпер
У 2010 годзе Беларусь, Расея і Ўкраіна падпісалі трохбаковае тэхнічнае пагадненьне аб забесьпячэньні паралельнай працы энэргасыстэм трох краін. Яно прадугледжвала ўзгадненьне дзеяньняў па ператоку электрычнай энэргіі і эксплюатацыі міждзяржаўных ліній электраперадач. Такая супраца дазваляла павялічваць магчымасьці рэзэрваваньня магутнасьцяў на выпадак аварый і адключэньняў у пэўных рэгіёнах.
У рамках гэтага пагадненьня Беларусь і Ўкраіна кожны год, прынамсі на двухбаковым узроўні, падпісвалі адпаведныя тэхнічныя пагадненьні на выпадак неабходнасьці энэргапаставак у надзвычайных ці аварыйных сытуацыях.
І сёлета, у асеньне-зімні пэрыяд 2020-2021 гадоў, абедзьве краіны ўпершыню вымушаныя былі скарыстацца такой узаемнай дапамогай. Беларусь – у студзені, калі аварыйна адключыўся першы блёк Беларускай АЭС, а Ўкраіна – у студзені і лютым, калі трэба было збалянсаваць энэргетычны рынак у сувязі з дэфіцытам вугалю і павелічэньнем аб’емаў спажываньня электраэнэргіі.
Што будзе пасьля сынхранізацыі сыстэм Украіны і Эўропы
Беларусь неаднойчы заяўляла, што разглядае Ўкраіну як адзін з найбольшых рынкаў для рэалізацыі беларускай атамнай электраэнэргіі. Патэнцыял украінскага спажываньня электраэнэргіі зь Беларусі ацэньваўся ў 25% ад усяго аб’ёму вытворчасьці першага блёку Астравецкай станцыі. І пасьля яе запуску Беларусь дынамічна нарошчвала свае пастаўкі ва Ўкраіну.
Адначасова з гэтым апанэнты ўлады Ўкраіны ўзмацнялі сваю крытыку за энэргетычны гандаль зь Беларусьсю, і асабліва за закупку энэргіі з станцыі, якая будавалася за кошт расейскіх крэдытаў і з расейскімі тэхналёгіямі. Двойчы гэтая крытыка прыводзіла да забароны закупляць беларускую электраэнэргію. Але адпаведная заканадаўчая норма пакуль ня стала канстантай – яна набывае моц увесну, але страчвае яе напярэдадні ацяпляльных сэзонаў, калі магчымы дэфіцыт вугалю, які можна кампэнсаваць толькі электраэнэргіяй.
У заканадаўстве Ўкраіны не канкрэтызуецца, што забарона тычыцца менавіта Расеі ці Беларусі. Дзяржавы, зь якіх нельга набываць электраэнэргію, вызначаныя як краіны, якія «не зьяўляюцца чальцамі (або бокам) Эўрапейскага Зьвязу ці Энэргетычнай супольнасьці». Але пасьля завяршэньня сынхранізацыі ўкраінскай і эўрапейскай энэргетычных сыстэм, якая мусіць адбыцца ў 2023 годзе, гэтая норма можа набыць статус сталай. Ці будуць зробленыя нейкія выключэньні на пэрыяд аварыйных ці надзвычайных сытуацый, пакуль невядома.