Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь амаль у чатыры разы павялічыла пастаўкі электраэнэргіі ва Ўкраіну. Але тэндэнцыю абяцаюць зьмяніць


Беларусь цягам студзеня–сакавіка 2021 году павялічыла пастаўкі электраэнэргіі ва Ўкраіну ў 3,8 раза да 503,5 мільёна кіляват-гадзін у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году.

Разам з тым у нацыянальнай энэргетычнай кампаніі «Укренерго» зьвярнулі ўвагу на тое, што ў лютым-сакавіку аб’ёмы пастаўкі беларускай электраэнэргіі ўжо пачалі зьніжацца.

На пачатку году ў сувязі з рэзкім пахаладаньнем Украіна вымушаная была павялічыць закуп электраэнэргіі за мяжой, каб збалянсаваць сваю энэргетычную сыстэму ва ўмовах павелічэньня энэргаспажываньня. Пры гэтым ва ўкраінскай кампаніі падкрэсьлілі, што агульны аб’ём замежнай электраэнэргіі ў першыя тры месяцы году склаў толькі 2,2% ад агульнага спажываньня.

Сёлета Ўкраіна і Беларусь абмяняліся энэргапастаўкамі ў межах аварыйнай дапамогі, як гэта прадугледжана падпісаным 30 сьнежня 2020 году пагадненьнем. Беларусь 16 студзеня вымушаная была прасіць на камэрцыйных умовах аварыйную дапамогу электраэнэргіяй з Украіны, каб стабілізаваць працу энэргетычнай сыстэмы ў сувязі з адключэньнем першага блёку Беларускай АЭС. Дапамога трывала 18 хвілінаў.

Энэргазакупы з-за мяжы зноў абмяжуюць

На наступным пасяджэньні парлямэнт ухваліць праект закону, што зноў будзе прадугледжваць магчымасьць забароны купляць электраэнэргію ў краінах, якія не зьяўляюцца сябрамі Эўрапейскай энэргетычнай супольнасьці. Гаворка найперш ідзе пра Беларусь і Расею.

«Складаны зімовы пэрыяд мы прайшлі, за апошні месяц запасы вугалю на складах вырасьлі больш як удвая. У нас на сёньня дастаткова ўласных рэсурсаў, ацяпляльны сэзон завяршаецца, сонца становіцца больш, таму і далей у нас няма патрэбы ў гэтым. А далей, на наступную зіму, будзем асобна глядзець, які ў нас будзе дэфіцыт», — заявіў старшыня парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях энэргетыкі і жыльлёва-камунальных паслуг Андрэй Герус, прадстаўляючы адпаведны законапраект.

Украіна набывае энэргію зь БелАЭС

Адноўленыя з пачатку 2021 году пастаўкі энэргіі зь Беларусі і Расеі выклікалі жорсткую крытыку ўкраінскіх уладаў з боку іх апанэнтаў. Яны пераконвалі ўлады: аднаўленьне паставак электраэнэргіі зь Беларусі выцесьніць з энэргетычнага рынку Ўкраіны вугаль, што прывядзе да закрыцьця шахтаў, а таксама да скарачэньня вытворчасьці энэргіі на ўкраінскіх АЭС, каляпсу энэргетычнай сыстэмы, і, як вынік, Украіна ня зможа выканаць свае абавязаньні ў сынхранізацыі з эўрапейскай энэргетычнай сыстэмай.

Паводле ўкраінскіх СМІ, найбуйнейшым пакупніком беларускай электраэнэргіі са студзеня 2021 году стала прадпрыемства ўкраінскага алігарха Віктара Пінчука «Дніпросталь-Енерго».

Экспэрты сьцьвярджаюць, што Ўкраіна можа купляць да 25% электраэнэргіі, якую выпрацоўвае першы энэргаблёк Астравецкай АЭС.

У сакавіку, выступаючы ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны, прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, заклікаў Украіну адмовіцца ад паставак электраэнэргіі зь Беларускай АЭС:

«Усё большая кволасьць Беларусі азначае пагрозу для інтарэсаў ня толькі Літвы, але і Ўкраіны. Таму сёньня хачу падтрымаць пазыцыю краін Балтыі датычна Беларускай атамнай электрастанцыі — не купляць электраэнэргію ў Астраўцы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG