«Аварыйная дапамога нададзеная адпаведна пагадненьню аб аварыйнай узаемадапамозе, падпісанай паміж нацыянальнымі кампаніямі. Такая дапамога трывала ўсяго 18 хвілін, а электраэнэргія аплочаная беларускім бокам», — паведаміў Свабодзе старшыня парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях энэргетыкі і жыльлёва-камунальных паслуг Андрэй Герус.
Паводле яго, вартасьць электраэнэргіі зьяўляецца камэрцыйнай таямніцай, а яе фармаваньне таксама прадугледжана пагадненьнем аб аварыйнай дапамозе.
Адметна, што кампанія «Укренерго» да 14-й гадзіны 16 студзеня пасьпела набыць у Беларусі 200 мэгават-гадзін электраэнэргіі, а ўжо ўвечары таго ж дня перадала ў беларускую энэргетычную сыстэму 200 мэгават-гадзін з 18.42 да 18.50 і 300 мэгават-гадзін з 18.50 да 19.00.
«Укренерго» і «Белэнэрга» 30 сьнежня 2020 году падпісалі новыя пагадненьні, якія прадугледжваюць пастаўку электраэнэргіі ў надзвычайных ці аварыйных сытуацыях у рэжыме паралельнай працы энэргасыстэм Беларусі і Ўкраіны. Практыка падпісаньня такіх угодаў існуе з 2017 году, але, як паведамілі ва ўкраінскай кампаніі, за час іхнага дзеяньня не было ніводнага выпадку, калі б спатрэбілася аварыйная дапамога электраэнэргіяй.
Міністэрства энэргетыкі Беларусі 16 студзеня паведаміла аб адключэньні першага энэргаблёку БелАЭС праз спрацававаньне сыстэмы абароны. Гэта адбылося ў ходзе дасьледча-прамысловай эксплюатацыі першага энэргаблёку, у рамках чаго праводзілася тэставаньне сыстэм і абсталяваньня.
7 лістапада 2020 году Аляксандр Лукашэнка ўрачыста адкрыў атамную электрастанцыю ў Астраўцы. Аднак ужо на наступны дзень выпрацоўка электраэнэргіі была прыпыненая з прычыны праблем з трансфарматарамі напружаньня. 19 лістапада першы энергаблёк ізноў уключылі ў сетку энергасыстэмы. Потым яго зноў адключалі 3 сьнежня.