Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У студэнтаў арганізатараў няма». Аднавіліся слуханьні па «справе студэнтаў»


17 чэрвеня аднавіўся працэс па «справе студэнтаў» менскіх ВНУ, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў леташніх акцыях пратэсту і ў іх арганізацыі.

Працэс пачаўся 14 траўня, але з прычыны каранавірусу праходзіў не ў старым будынку Савецкага райсуду на Лагойскім тракце, а ў Доме правасудзьдзя на вуліцы Сямашкі. Суд спыніўся ў канцы траўня з прычыны карантыну ў камэрах «Валадаркі», дзе ўтрымліваюць двух фігурантаў справы. 17 чэрвеня адбылося чарговае, 10-е паседжаньне суду — ужо ў новым будынку суду на вуліцы Францыска Скарыны, 6б. Сёньня дапыталі апошніх сьведак і пачалі вывучаць матэрыялы справы — некалькі дзясяткаў тамоў.

Фігурантамі справы сталі 12 чалавек, сярод іх 10 студэнтаў, былая выпускніца і адна выкладчыца МДЛУ.

Працаваў з кастрычніка, а сьведчыў пра верасень

Сьведка Мікіта Іваноўскі, ахоўнік Менскага гуманітарнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту, расказаў суду, што бачыў у карпусах А і Б у верасьні мінулага году, калі студэнты ін’язу пратэставалі супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў. Паводле сьведкі, студэнты падчас пратэстаў хадзілі па калідорах і лесьвіцах, сьпявалі песьні, а часам стаялі моўчкі, але праходу іншых не заміналі. «Таму не было да іх заўваг», — прызнаў сьведка Іваноўскі.

Яшчэ адзін сьведка тых жа падзей, па прозьвішчы Паўлаў, — былы міліцыянт, які працуе ў МДЛУ з кастрычніка. Адметна, што сьведка Паўлаў расказваў суду ў тым ліку пра падзеі, якія здарыліся ў верасьні. Што Паўлаў мае права быць сьведкам, вырашыла сьледзтва.

Удзельнікаў акцый студэнтаў сьведка называў «натоўпам» і паведаміў суду, што найбольш актыўныя студэнты заходзілі ў аўдыторыі, дзе да іх далучаліся новыя ўдзельнікі страйку. У адным выпадку, паводле сьведкі Паўлава, да «маршу» далучылася ўся група ў складзе 13 чалавек.

Таксама Паўлаў расказаў пра інцыдэнт, калі выкладчык Валер Пішчыкаў падчас маршу студэнтаў па будынку ін’язу ўдарыў аднаго з студэнтаў, якія пратэставалі. Сьведка згадаў, што заклікаў выкладчыка супакоіцца ды не брыдкасловіць, і той прапусьціў студэнтаў далей.

Паводле сьведкі Паўлава, у сярэдзіне верасьня на акцыях каля ўваходу ў будынак МДЛУ штораз зьбіралася па некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку з бчб-сымболікай. 19 верасьня ахоўнікі налічылі шэсьць бчб-сьцягоў.

На пытаньне, адкуль сьведку гэта вядома, Паўлаў патлумачыў, што пра верасьнёўскія падзеі даведаўся, прагледзеўшы відэа зь відэарэгістратара свайго калегі. Суд зьняў пытаньне абароны пра тое, ці можа лічыцца сьведкам падзеі той, хто назіраў за ёй празь відэа.

Таксама ў судзе высьветлілася, што падчас допыту на сьледзтве Паўлаў сьцьвярджаў, што ўдзельнікі пратэставых акцый «блякавалі» праход у будынак ін’язу і заміналі праходу па калідорах. Між тым у судзе слова «блякавалі» сьведка не ўжываў. Пасьля пытаньняў адвакатаў сьведка згадаў, што гэтае слова яму падказаў сьледчы.

Відэаканфэрэнцыя студэнтаў і Сьвятлана Ціханоўская

Апошнім сьведкам, дапытаным на слуханьнях 17 чэрвеня, стаў бацька падсуднага Ільлі Трахтэнбэрга, Віталь Трахтэнбэрг.

Паводле сьведкі, у дзеяньнях ягонага сына не было нічога супрацьзаконнага. «Зьбіраліся піць гарбату, паесьці піражкі, абмеркаваць свае праблемы», — казаў сьведка пра сустрэчы студэнтаў.

Віталь Трахтэнбэрг згадаў, як сын браў удзел у відэаканфэрэнцыі, якая доўжылася 20 хвілін (бацька ў гэты момант быў у суседнім пакоі, але чуў размову сына, які быў у навушніках. — РС). Сказаў, што толькі ў канцы Ільля задаў «адно ці два пытаньні» пра кампэнсацыю ў выпадку адлічэньня з унівэрсытэту, але ні да чога не заклікаў і не арганізоўваў.

«У студэнтаў арганізатараў увогуле няма, гэта структура, якая самаарганізуецца, самая актыўная і разумная», — выказаў меркаваньне Віталь Трахтэнбэрг. Паводле сьведкі, у відэаканфэрэнцыі, пра якую ён расказваў, брала ўдзел Сьвятлана Ціханоўская, гэта яму казаў сын Ільля. Віталь Трахтэнбэрг лічыць натуральным, што студэнты цікавяцца тэмай кампэнсацыі пасьля адлічэньня з ВНУ і тым, ці можна будзе працягнуць вучобу за мяжой. Свайго сына Ільлю сьведка Віталь Трахтэнбэрг назваў «моцнай асобай», якая «ня будзе сьлепа выконваць нечыя рэкамэндацыі».

Афіцыйна з прычыны захадаў, зьвязаных з каранавірусам, у судовую залю раней прапускалі абмежаваную колькасьць наведнікаў — толькі дваіх сваякоў на фігуранта справы. Такім чынам, для журналістаў на працэсе месцаў не хапала. У новым будынку сытуацыя зьмянілася.

«Так, цяпер прапускаюць усіх ахвотных. Заля недзе месцаў на 70, але запоўненая была напалову», — паведаміў адзін з наведнікаў.

14 траўня, у першы дзень працэсу над студэнтамі, каля будынку Дома правасудзьдзя на вуліцы Сямашкі затрымалі 14 чалавек, у асноўным студэнтаў, якія прыйшлі падтрымаць сваіх сяброў і не змаглі трапіць на працэс. Сярод затрыманых аказаліся таксама палітык Анатоль Лябедзька і журналістка Tut.by Любоў Касьпяровіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG