Сьвятлана Ціханоўская падзякавала сябрам Сэнату за магчымасьць выступіць ад імя беларускага народу ў той час, калі ён перажывае адзін з найважнейшых і найцяжэйшых момантаў сваёй гісторыі.
«Беларуская гісторыя мае шмат падабенстваў з чэскай, а сувязі паміж нашымі краінамі налічваюць не адно стагодзьдзе. Менавіта ў Празе больш за паўтысячы гадоў таму гуманіст Францішак Скарына надрукаваў сваю першую Біблію. У прадмове да яе ён напісаў на старой беларускай мове, што ўсе людзі да таго месца, дзе нарадзіліся, „вялікую ласку маюць“. Але любіць сваю радзіму — гэта значыць несьці адказнасьць за яе. І драма беларусаў і чэхаў доўгі час была ў тым, што яны не маглі самі свабодна правіць на сваёй зямлі», — адзначыла ў прамове Сьвятлана Ціханоўская.
Яна нагадала, што 100 гадоў таму беларускі і чэскі народы абвесьцілі незалежнасьць, але іхны лёс склаўся па-рознаму. Беларусь не ўтрымалася як самастойная дзяржава і была гвалтоўна ўключаная ў склад СССР. Але дэмакратычны ўрад працягнуў працу за мяжой, у тым ліку ў Чэхіі, якая гасьцінна іх прыняла. Напярэдадні Сьвятлана Ціханоўская з паплечнікамі ўшанавала памяць прэзыдэнтаў Беларускай Народнай Рэспублікі на Альшанскіх могілках — памяць патрыётаў, якія спадзяваліся ўбачыць сваю краіну незалежнай.
«Але пасьля іх мы ўбачылі, што незалежнасьць не абавязкова азначае свабоду. Незалежная краіна таксама можа зрабіцца несвабоднай, калі ў ёй зьневажаюць закон і чалавечую годнасьць. Таму змаганьне працягваецца, і цяпер у нас ёсьць вялікі шанец ажыцьцявіць мару пра свабодную, дэмакратычную Беларусь — такую, якая натхняла пакаленьні нашых папярэднікаў», — падкрэсьліла яна.
Апошні год беларусы ствараюць гістарычныя падзеі, калі за адзін дзень здараецца болей, чым за цэлае дзесяцігодзьдзе, працягнула Сьвятлана Ціханоўская, правёўшы паралелі з падзеямі ў Чэхаславаччыне 1968 году.
«Год таму рэжым Лукашэнкі адмовіўся ад клопату пра жыцьцё людзей, пакінуўшы іх сам-насам з каранавірусам. Але замест таго, каб разгубіцца, беларусы самаарганізаваліся, пачалі дапамагаць лекарам і адно адному. Народ адчуў сілу і аб’яднаўся ўжо дзеля абароны сваіх правоў, у тым ліку і права голасу. Незалежныя кандыдаты, у тым ліку мой муж Сяргей Ціханоўскі, былі затрыманыя і кінутыя за краты. Рэжым адказаў тэрорам, якога мы ня бачылі са сталінскіх часоў. Нашыя мірныя пратэсты цягнуцца ўжо больш за 300 дзён. І не было ні дня бяз арыштаў і гвалту — дзясяткі тысяч людзей прайшлі праз турмы, тысячы знаходзяцца там цяпер».
Дзесяць месяцаў улада вядзе вайну супраць уласнага народу, дзесяць месяцаў беларусы не здаюцца і ідуць наперад, заявіла Сьвятлана Ціханоўская. Некаторыя сумна жартуюць, дадала яна, што каб Кафка жыў у наш час, то перастаў бы пісаць, бо большага абсурду, чым суды ў Беларусі, ня змог бы прыдумаць. Калі ў краіне ня дзейнічаюць законы, робіцца нібыта нармальным, што саджаюць у турму за колер штаноў ці пазногцяў. Бо сьведкі на судах — ананімныя міліцыянты ў масках, якія выступаюць празь відэасувязь.
Да чаго заклікала Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская заклікала Чэхію займаць пасьлядоўную пазыцыю ў дачыненьні да нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі, а ўсе яго рашэньні і дамоўленасьці лічыць незаконнымі.
- Прызнаць злачыннымі КДБ, АМАП, ГУБАЗіК ды іншыя арганізацыі, якія ажыцьцяўляюць тэрор супраць насельніцтва.
- Пачаць справы супраць вінаватых у рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі.
- Ініцыяваць Міжнародны трыбунал, каб правесьці расьсьледваньне злачынстваў рэжыму Лукашэнкі ў мінулым і пасьля выбараў-2020.
- Арганізаваць канфэрэнцыю высокага ўзроўню дзеля выхаду Беларусі з крызісу і свабодныя выбары зь міжнародным назіраньнем.
- Павялічыць падтрымку праектаў грамадзянскай супольнасьці — студэнтаў, мэдыкаў, страйкавых камітэтаў ды іншых ініцыятываў.
- Асаблівую ўвагу прысьвяціць бясьпецы актывістаў і журналістаў, падтрымаць традыцыйныя і новыя мэдыі — «Эўрарадыё», «Белсат», Радыё Свабода; Youtube-блогераў, тэлеграм-каналы, праекты самвыдату.
- Пашырыць праграмы падтрымкі для параненых і сем’яў рэпрэсаваных, павялічыць колькасьць стыпэндыяў для беларускай моладзі.
- Асобна Сьвятлана Ціханоўская заклікала Чэхію і Эўразьвяз прыняць чацьвёрты пакет эканамічных санкцый і ініцыяваць пяты. У сьпіс мусяць трапіць памагатыя рэжыму, судзьдзі, пракуроры, сілавікі, бізнэсоўцы.
- Яна таксама прапанавала спыніць гандаль нафтапрадуктамі і ўгнаеньнямі, адмовіцца ад інвэстыцый і крэдытаў для кампаній і банкаў, якія на самай справе служаць крыніцай даходу для дыктатара.