Пра гэта паведамляе тэлеканал «Настоящее время» са спасылкай на расьсьледаваньне CNN і незалежнай дасьледчай групы The Sentry («Вартавы»), якая інфармуе аб вайсковых злачынствах са спасылкай на закрытыя дакумэнты ААН.
Адпаведную інфармацыю расказалі жыхары гораду Бамбары. Журналісты зьмянілі іх імёны для абароны ад перасьледу. Па словах мясцовых, некалькі цывільных жыхароў застрэлілі, калі расейцы і армія загадалі людзям пакінуць мячэць Аль-Таква ў горадзе Бамбары. Паводле некаторых дадзеных, сярод іх маглі быць баевікі мусульманскай групоўкі «Сэлека», зь якой змагаюцца ўлады ЦАР, аднак узброеных людзей у будынку не было.
Тады, нягледзячы на тое, што людзі выходзілі зь мячэці з паднятымі рукамі, вайскоўцы адкрылі па іх агонь. Мужчыну, які расказаў пра гэта CNN, тады паранілі ў нагу. У той жа час мэдычную дапамогу ён атрымаць у шпіталі ня мог, бо там пільнавалі мясцовыя вайскоўцы, а таму ён быў вымушаны хавацца. Неўзабаве частку ногі ніжэй калена яму давялося ампутаваць.
Падчас лютаўскага інцыдэнту ля мячэці, паводле розных зьвестак, забілі ад 12 да 20 чалавек, у тым ліку дзяцей.
Лютаўскі інцыдэнт у Бамбары — адзін зь дзясятка расьсьледаваных выпадкаў парушэньня правоў чалавека расейскімі наймітамі.
Таксама CNN паведамляе, што разам з расейскімі баевікамі ў краіне ваююць найміты з Сырыі. Паводле справаздачы ААН, цяпер у ЦАР знаходзяцца каля 2300 наймітаў, уключаючы сырыйскі кантынгент.
Расейцы таксама пастаўлялі ў ЦАР бронетранспартэры, баявыя гелікоптэры, такія як Мі-8 і Мі-24, і бесьпілётнікі, сьцьвярджаецца ў матэрыяле. Адна з крыніц The Sentry паведаміў, што ў расейцаў «ёсьць дроны, яны ўвесь час выкарыстоўваюць іх для вызначэньня месцазнаходжаньня людзей».
Раней падобнае расьсьледаваньне выпусьціла францускае радыё RFI — у аснову яго ляглі паказаньні відавочцаў і дакумэнты рабочай групы ААН па выкарыстаньні наймітаў. Адзначалася, што войскі ЦАР і іх расейскія саюзьнікі датычныя да сотні выпадкаў парушэньня правоў чалавека і міжнароднага гуманітарнага права, у тым ліку да 26 пазасудовых пакараньняў сьмерцю, пяці выпадкаў згвалтаваньня, а таксама 27 адвольных арыштаў і выпадкаў пазбаўленьня волі.
У канцы 2020 году Міністэрства замежных справаў Расеі паведаміла аб адпраўцы ў Цэнтральна-Афрыканскую Рэспубліку «300 інструктараў для навучаньня вайскоўцаў нацыянальнай арміі». Намесьнік кіраўніка МЗС РФ Міхаіл Багданаў удакладніў, што расейскія вайскоўцы ня ўдзельнічаюць у баявых дзеяньнях у ЦАР, там знаходзяцца расейскія вайсковыя інструктары і «гэта ня войска, не спэцназ».
Да гэтага афіцыйна паведамлялася аб прысутнасьці ў ЦАР больш за 230 расейскіх вайскоўцаў, якія праводзілі навучаньне мясцовых вайскоўцаў і паліцыянтаў.
Дасьледчыкі раней паведамлялі, што структуры бізнэсоўца Яўгена Прыгожына займаюцца распрацоўкай радовішчаў золата і здабычай дыямэнтаў, а байцы ПВК «Вагнэр», якую зьвязваюць з Прыгожыным, выконваюць розныя задачы, у тым ліку і ахоўваюць прэзыдэнта ЦАР.
Аб сувязях Прыгожына з ЦАР загаварылі пасьля забойства ў гэтай краіне расейскага вайсковага журналіста Архана Джэмаля, апэратара Кірыла Радчанкі і рэжысэра Аляксандра Растаргуева. Яны знаходзіліся ў ЦАР па заданьні «Цэнтру кіраваньня расьсьледаваньнямі» Міхаіла Хадаркоўскага і здымалі фільм пра дзейнасьць вагнэраўцаў.