Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея ўмешвалася ў выбары на Мадагаскары, — The New York Times


На Мадагаскары, ілюстрацыйнае фота
На Мадагаскары, ілюстрацыйнае фота

Летась расейцы правялі на Мадагаскары адну з самых адкрытых кампаніяў для ўплыву на выбары ў іншай краіне, вынікае з дасьледаваньня The New York Times.

Расея адмаўляе ўмяшаньне ў выбары ў іншых краінах, але The New York Times запісала дзясяткі інтэрвію з чыноўнікамі і мясцовымі жыхарамі Мадагаскара пра расейскае ўмяшаньне ў выбары, а таксама прааналізавала сотні старонак «унутранай дакумэнтацыі», перададзенай мадагаскарскімі апэратыўнікамі.

Расейскія сілы зьявіліся на Мадагаскары пасьля сустрэчы тагачаснага прэзыдэнта Мадагаскару Гэры Радзаўнарымамп’яніна з Уладзімірам Пуціным у Маскве, у якой таксама ўзяў удзел Яўгеній Прыгожын, піша выданьне. Апошняга называюць стваральнікам «фабрыкі троляў», у ЗША яго вінавацяць ва ўмяшаньні ў прэзыдэнцкія выбары ў 2016 годзе.

Яўгеній Прыгожын (зьлева) і Ўладзімір Пуцін у рэстарацыі Прыгожына, 2011 год, ілюстрацыйнае фота
Яўгеній Прыгожын (зьлева) і Ўладзімір Пуцін у рэстарацыі Прыгожына, 2011 год, ілюстрацыйнае фота

На Мадагаскары, піша NYT, расейцы працавалі са свайго офісу ў гатэлі, выдавалі газэты на мясцовай мове, наймалі студэнтаў, каб тыя пісалі станоўчыя артыкулы аб прэзыдэнце, куплялі эфірны час на тэлевізіі, а таксама рэкляму на білбордах, плацілі моладзі за ўдзел у палітычных акцыях і журналістам за асьвятленьне гэтых акцыяў.

Расейцы таксама прыходзілі ў суправаджэньні ўзброеных ахоўнікаў у выбарчыя штабы канкурэнтаў улады, каб падкупіць іх і пераканаць адмовіцца ўдзельнічаць у выбарах.

Ды апэрацыя правалілася з прычыны вялікай непапулярнасьць падтрыманага Расеяй кандыдата ад улады (Гэры Радзаўнарымамп’яніна) і «дзіўную некампэтэнтнасьць і карупцыю, якія шкодзяць іміджу Расеі як майстра палітычных маніпуляцыяў», піша NYT.

Нават рэклямныя матэрыялы былі з граматычнымі памылкамі, а імя кандыдата напісалі з памылкамі на сувэнірных асадках. Некаторыя «апэратыўнікі» патрабавалі фальшывых чэкаў, якія ўдвая павялічылі б кошт выданьня газэты, а розніцу хацелі прысабечыць. А калі стала відавочна, сьцьвярджае выданьне, што кандыдат ад улады прайграе, расейцы наогул пераключыліся на падтрымку ягонага канкурэнта Андры Радзуэліна.

Дзейны прэзыдэнт Мадагаскара Андры Радзуэліна
Дзейны прэзыдэнт Мадагаскара Андры Радзуэліна

Прычынамі ўмяшаньня можа быць жаданьне проста атрымаць фінансавыя прыбыткі, мяркуе NYT. Кампанія, якую, як мяркуецца, кантралюе Прыгожын, перад выбарамі набыла мадагаскарскую хромаздабыўную кампанію.

Расейскае кіраваньне кампаніяй пазьней прывяло да пратэстаў рабочых супраць нявыплаты заробкаў, скасаваньня дадатковых ільготаў і ўзмацненьня вонкавага ўплыву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG