Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У М’янме пачаўся працэс над Аўн Сан Су Чы


Дэманстрацыя студэнтаў у М'янме, 10 траўня 2021
Дэманстрацыя студэнтаў у М'янме, 10 траўня 2021

Супраць 75-гадовай ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі, якая да путчу ўзначальвала ўрад М’янмы, вылучаны шэраг абвінавачаньняў, у тым ліку ў падбухторваньні да беспарадкаў і ў карупцыі, інфармуе DW.

У сталіцы М’янмы Нэйп’ідо ў панядзелак, 14 чэрвеня, пачаўся першы працэс супраць Аўн Сан Су Чы, якая да путчу дэ-факта была прэм’ер-міністрам краіны. У дачыненьні да Аўн Сан Су Чы вылучаныя абвінавачваньні ў парушэньні мер па барацьбе з распаўсюджваньнем каранавірусу, а таксама законаў аб экспарце-імпарце, бо падчас ператрусу ў яе доме знайшлі пераносныя рацыі.

Суд праходзіць за зачыненымі дзьвярыма. 15 чэрвеня пачнецца другі працэс супраць 75-гадовай ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі ў сувязі з абвінавачваньнямі ў падбухторваньні. Па справе праходзіць таксама Він М’ін, які да вайсковага путчу займаў пасаду прэзыдэнта М’янмы. Раней стала вядома, што Аўн Сан Су Чы таксама падазраюць у карупцыі.

Вайсковы путч у М’янме

З 1962 году на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў формай кіраваньня ў М’янме была вайсковая дыктатура. Дэмакратычныя пераўтварэньні ў краіне пачаліся ў 2011 годзе. У лістападзе 2020 году на выбарах зь вялікай перавагай перамагла Нацыянальная ліга за дэмакратыю Аўн Сан Су Чы. Прадстаўнікі ўзброеных сілаў заявілі аб фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня.

1 лютага 2021 году вайскоўцы захапілі ўладу ў М’янме, абвясьціўшы аб увядзеньні надзвычайнага становішча тэрмінам на адзін год. Аўн Сан Су Чы і многія іншыя палітыкі былі арыштаваныя. З таго часу ў краіне не спыняюцца масавыя пратэсты супраць путчыстаў, якія жорстка душацца вайскоўцамі. Паводле дадзеных базаванай у Тайляндзе праваабарончай арганізацыі «Асацыяцыя дапамогі палітвязьням» (AAPP), у ходзе пратэстаў загінулі ўжо ня менш за 863 чалавекі, больш за 6000 былі затрыманыя.

Рада Бясьпекі ААН асудзіла гвалт у дачыненьні да мірных пратэстоўцаў у М’янме. Міжнародныя назіральнікі заявілі, што фальсыфікацый на выбарах выяўлена не было.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG