Як мінімум пяцёра паўстанцаў былі забітыя на гэтым тыдні ў сутыкненьнях у М’янме, дзе працягваецца змаганьне паміж вайсковым кіраўніцтвам, што захапіла ўладу ў краіне, і праціўнікамі дыктатуры, паведамляе AFP.
У краіне не спыняюцца пратэсты, якія перарасьлі ва ўзброенае змаганьне пасьля адхіленьня цывільнага лідэра Аун Сан Су Чжы 1 лютага ад улады ў выніку дзяржаўнага перавароту. Некаторыя з удзельнікаў руху супраць хунты стварылі мясцовыя апалчэньні з самаробнай зброяй, каб бараніць свае гарады ад сіл бясьпекі, якія, паводле мясцовай маніторынгавай групы, за тры месяцы забілі як мінімум 790 мірных жыхароў.
У заходнім штаце Чын у горадзе Міндат, які стаў гарачай кропкай для хваляваньняў, паўстанцы сфармавалі Сілы абароны Чынлэнду. Прадстаўнік гэтай парамілітарнай групы паведаміў журналістам пра як найменей 5 загінулых і 10 параненых, а таксама дадаў, што яшчэ пецярых членаў групы арыштавалі вайскоўцы.
Разам з гэтым прадстаўнік Сілаў абароны Чынлэнду на ўмовах ананімнасьці сказаў, што байцы групоўкі падпалілі некалькі армейскіх грузавікоў, зьнішчыўшы іх, у той час як вайскоўцы атакавалі горад артылерыяй. Затым паўстанцы адступілі ў джунглі.
Улады яшчэ 13 траўня абвясьцілі ў Міндаце вайсковы стан, па ўсёй краіне не працуюць інтэрнэт і мабільная сетка. Пасольствы ЗША і Вялікай Брытаніі ў М’янме ў суботу выказалі занепакоенасьць у сувязі з хваляваньнямі ў Міндаце і заклікалі сілы бясьпекі спыніць гвалт. Брытанскі бок лічыць, што вайскоўцы ня маюць апраўданьня за сваю апэрацыю ў горадзе, а амэрыканскі назваў гэтае змаганьне спробай утрымаць уладу ў краіне.
«Доказы зьверстваў мусяць быць накіраваныя ў Незалежны сьледчы мэханізм ААН па М’янме, каб вінаватыя маглі быць прыцягнуты да адказнасьці», — гаворыцца ў паведамленьні брытанскага пасольства.