У сярэдняй школе № 36 Горадні з польскай мовай навучаньня набяруць беларускамоўныя першыя клясы, піша газэта «Гродненская правда».
Большасьць прадметаў для першаклясьнікаў гэтай школы будуць выкладаць па-беларуску. Польская мова застанецца для «паглыбленага вывучэньня».
Такое новаўвядзеньне ў школе зробяць «на тле непрыязных крокаў суседніх дзяржаваў».
«Захоўваючы вывучэньне мовы, літаратуры, гісторыі і культуры польскага народу, у далейшым мы будзем плянамерна пераходзіць да вывучэньня іншых прадметаў у сярэдняй школе № 36 на дзяржаўных мовах», — адзначылі ў Горадзенскім гарвыканкаме.
Зьменаў у навучаньні для ўсіх іншых клясаў не плянуюць. Большасьць прадметаў «польскай школы» у Горадні раней выкладалі па-польску.
Моўнае пытаньне ў польскай школе падымалася раней. У красавіку 2017 бацькі змагаліся супраць русыфікацыі школы. У 2014 годзе мову навучаньня абмяркоўвалі празь меркаваныя зьмены ў Кодэксе аб адукацыі, у 2012 — калі ў школе першы раз прапанавалі ствараць рускамоўныя клясы, паведамляе Hrodna.life.
Існуе польска-беларуская дамоўленасьць, паводле якой гэтая школа, пабудаваная за польскія грошы, павінна выкарыстоўвацца толькі для навучаньня на польскай мове.
У Горадні дасюль няма ніводнай школы з вывучэньнем прадметаў на беларускай мове, а беларускамоўных клясаў адзінкі.
Усяго ў 2021 годзе ў Горадні плянуюць адкрыць 209 першых клясаў.