Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі абверглі, што ў калёніі катуюць палітвязьня, але прызналі, што ён глытаў мэталічныя прадметы


Вязень, ілюстрацыйнае фота
Вязень, ілюстрацыйнае фота

Міністэрства ўнутраных спраў і пракуратура абвяргаюць заявы пра катаваньні зьняволенага магілёўскай калёніі Арцёма Анішчука. Пры гэтым пацьвердзілі, што ён праглынуў мэталічныя прадметы.

Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС Беларусі заявіў у камэнтары для агенцтва «Спутник» , што асуджаны Арцём Анішчук наўмысна нанёс шкоду здароўю, «зьмясьціўшы іншародны прадмет у стрававальны тракт». Прычыны, чаму ён гэта зрабіў, не ўдакладняюцца.

У ведамстве адзначылі, што зьняволены раней атрымліваў дысцыплінарныя спагнаньні з прычыны «неаднаразовага ігнараваньня правілаў парадку адбываньня пакараньня». Паводле МУС, спагнаньні ўжытыя ў адпаведнасьці з заканадаўствам. У ведамстве не тлумачаць, за якія менавіта парушэньні і якім чынам адміністрацыя ПК-15 карала Арцёма Анішчука.

Пракуратура Магілёўскай вобласьці пасьля публікацый у СМІ таксама праверыла, што адбываецца ў магілёўскай калёніі. Сьцьвярджаецца, што падчас асабістай гутаркі з пракурорскім работнікам Арцём Анішчук не выказваў скаргаў на стан здароўя. А мэталічны прадмет праглынуў нібыта таму, што «проста хацеў трапіць у мэдычную частку».

Жонка вязьня Вольга Анішчук напярэдадні расказала Свабодзе, што яе муж на знак пратэсту супраць гвалту праглынуў мэталічныя прадметы. Паводле яе, сваім учынкам ён пратэставаў супраць «фізычнага і псыхалягічнага гвалту ў калёніі» і дамагаўся сустрэчы з адвакатам. Жанчына сьцьвярджае, што ціск на яе мужа пачаўся зь першага дня, як ён прыбыў у калёнію.

На пачатку лютага Менскі раённы суд асудзіў былога супрацоўніка Менскага мэтрапалітэну на 2 гады пазбаўленьня волі за тое, што той падрапаў аўтамабіль, які належаў сям’і міліцыянта Аляксандра Геца. Арцём Анішчук учынак патлумачыў намерам прадэманстраваць стаўленьне да гвалту, які міліцыянты чынілі супраць грамадзян пасьля жнівеньскіх выбараў.

Разам зь ім на тэрміны ад 2 гадоў і месяца да 6 гадоў асудзілі яшчэ 4 чалавек, якія ўдзельнічалі ў нападзе на аўтамабіль сям’і праваахоўніка. Суд пастанавіў выплаціць пацярпеламу 4 тысячы рублёў кампэнсацыі за матэрыяльную і маральную шкоду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG