Тады высьветлілася, што адміністрацыі папраўчай калёніі №15 катуе зьняволенага, расказала «Новаму часу» ягоная жонка Вольга Анішчук.
«Падчас допыту, пры якім прысутнічаў старшы сьледчы Магілёўскага міжраённага аддзелу СК Скавародкін, мой муж паведаміў, што над ім ажыцьцяўляюцца гвалтоўныя дзеяньні фізычнага і псыхалягічнага характару з боку адміністрацыі», — расказала жанчына.
Арцём Анішчук паведаміў, што катаванні маюць пастаянны характар ад моманту яго прыбыцьця ў ПК-15 Магілёва, а менавіта з 17 красавіка.
«У выніку муж зрабіў спробу членашкодніцтва (праглынуў мэталічныя прадметы, каб пазьбегнуць далейшых катаваньняў). Таксама адміністрацыя з 13 траўня перашкаджае яму ў сустрэчы з адвакатам. Не выдае асадкі і паперы, прымушае пісаць лісты сваякам, што нібыта ўсё добра. Акрамя гэтага, праводзіліся „допыты“ бязь сьледчага, але у прысутнасьці чатырох чалавек у памяшканьні, зь вялікай імавернасьцю, супрацоўнікаў спэцслужбаў», — сказала Вольга Анішчук.
Катаваньні з боку адміністрацыі ПК-15 Арцём Анішчук патлумачыў тым, што начальнік ПК-15 — сябра пацярпелага ў справе «грамадзяніна Гейца».
«Відавочна, што гэты кіраўнік адчувае асабістую непрыязнасьць да майго мужа і ўжывае катаваньні з асабістай помсты. Арцём не парушаў рэжыму, але адразу быў зьмешчаны ў камэру, а затым у ШЫЗА на 10 сутак. Начальнік сказаў: альбо выбіраеш артыкул 411, альбо напад на супрацоўніка калёніі. Пад пагрозамі гвалту ў дачыненьні да яго і ягонай сям’і, а таксама пагрозамі расправы з блізкімі ён падпісаў 411-ы артыкул», — адзначыла яна.
Вольга Анішчук занепакоеная псыхалягічным і фізычным станам свайго мужа, які штодня знаходзіцца ва ўмовах «катавальні».
«У сувязі з інфармацыяй аб новых артыкулах зьняволеным (Мікіта Залатароў і Валадар Цурпанаў), біцьці пры канваяваньні (Міхаіл Калішук) і забойстве ў месцах пазбаўленьня волі (Вітольд Ашурак), я заклікаю наша грамадзтва і міжнародныя структуры, праваабаронцаў, незалежных журналістаў, а таксама ўсіх неабыякавых людзей да распаўсюду падобнай інфармацыі дзеля салідарнасьці зь людзьмі, якія пакутуюць у засьценках. Наша сытуацыя толькі пацьвярджае бесчалавечнае стаўленьне да вязьняў рэжыму, а таксама практыку катаваньняў у турмах», — заявіла жонка палітвязьня.
Яна заклікае пісаць палітвязьням лісты са словамі падтрымкі, зьвяртацца ва ўсе вядомыя арганізацыі і да палітыкаў, якія здольныя паўплываць на сытуацыю ў Беларусі, падтрымліваць сем’і незаконна асуджаных.