Паводле абаронцы, Арцёму Анішчуку аказалі мэдычную дапамогу, ён прайшоў абсьледаваньне і цяпер адчувае сябе нармальна.
«Але што будзе далей, ніхто ня ведае, бо вакол тыя ж самыя турэмнікі. Аднак я буду далей змагацца за яго, як змагу», — пракамэнтавала здарэньне жонка вязьня Вольга і заклікала праваабаронцаў узяць сытуацыю зь яе мужам на кантроль.
Паводле Вольгі Анішчук, сваім учынкам яе муж пратэставаў супраць «фізычнага і псыхалягічнага гвалту ў калёніі» і дамагаўся сустрэчы з адвакатам. Вольга Анішчук сьцьвярджае, што ціск на яе мужа пачаўся ўжо зь першага дня, як ён прыбыў у калёнію. Гэта было ў сярэдзіне красавіка.
«Яго і там працягваюць перасьледаваць. Не прайшло і месяца, як Арцём трапіў у калёнію, яшчэ быў у карантыне, а на яго ўжо завялі крымінальную справу па 411 артыкуле аб парушэньні патрабаваньняў турэмнай адміністрацыі. Гэта было 13 траўня. Як падсьледны ён пачаў патрабаваць сустрэчы з адвакатам, але амаль месяц адмаўлялі. А той кароткі ліст ад яго, які мне прыйшоў, што нібыта ў яго ўсё добра, яўна напісаны пад ціскам, пад нечую дыктоўку. Бо ведаю, як ён выказваецца, тут зусім іншыя словы».
Вольга Анішчук не выключае, што яе мужа ў калёніі маглі біць ды шантажаваць праблемамі ў сям’і. Жанчына мяркуе, мужу помсьцяць за міліцыянта, які быў прызнаны пацярпелым у ягонай крымінальнай справе.
Трэцяга лютага Менскі раённы суд асудзіў Арцёма Анішчука на 2 гады пазбаўленьня волі за тое, што той падрапаў аўтамабіль, які належаў сям’і міліцыянта Аляксандра Геца. Віну Арцём Анішчук прызнаў цалкам, свой учынак патлумачыў намерам прадэманстраваць стаўленьне да гвалту, які міліцыянты чынілі супраць грамадзян пасьля жнівеньскіх выбараў. У апошнім слове Арцём Анішчук казаў, што абраў «ня той мэтад».
Разам з Арцёмам Анішчуком на тэрміны ад 2 гадоў і месяца да 6 гадоў асудзілі яшчэ 4 чалавек, якія ўдзельнічалі ў нападзе на аўтамабіль сям’і Аляксандра Геца. Суд таксама пастанавіў выплаціць пацярпеламу 4 тысячы рублёў кампэнсацыі за матэрыяльную і маральную шкоду. Паводле Вольгі Анішчук, сваю частку кампэнсацыі яны пацярпеламу сплацілі — гэта больш за 800 рублёў.
Вольга Анішчук не змагла паведаміць, ці сутыкнуліся з аналягічнымі праблемамі падчас адбыцьця пакараньня іншыя фігуранты справы. Кажа, што ня мае зносінаў зь іх сваякамі.
Абаронца зьбіраецца зноў наведаць Арцёма Анішчука ў калёніі на наступным тыдні.