Пачалася акцыя на памежным пераходзе Кузьніца ў Польшчы, паведаміў Павал Латушка.
Патрабаваньні пратэстоўцаў ранейшыя:
- Адкрыць наземныя мяжы для грамадзян Беларусі;
- Увесці жорсткія эфектыўныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.
Пяты дзень запар беларусы Польшчы праводзяць акцыю на памежным пункце Баброўнікі, патрабуючы адкрыць наземныя пункты пропуску для грамадзян Беларусі і ўвесьці эфэктыўныя санкцыі супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня. Увечары 8 чэрвеня таксама прайшло пікетаваньне на памежным пераходзе Кукурыкі, паведамляе тэлеграм-канал Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва (НАК).
Павал Латушка і каманда НАК заклікалі беларусаў падтрымаць акцыю і далучыцца да мітынгу на пераходах Баброўнікі і Кузьніца. Сам палітык далучыўся да акцыі на памежным пераходзе ў Кузьніцы.
«Мы павінны нарошчваць ціск на нелегітымны рэжым і даць выразны сыгнал Эўразьвязу, што адных толькі словаў падтрымкі беларусам недастаткова», — пішуць арганізатары мітынгаў.
Таксама заявілі пра акцыі на мяжы і беларусы з Украіны. 11–13 чэрвеня яны плянуюць прыехаць на памежныя пункты Ўкраіны з Рэспублікай Беларусь і падтрымаць ініцыятыву суайчыньнікаў, якія цяпер знаходзяцца ў Польшчы і Літве.