Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія актывісты часова перакрылі рух грузавога транспарту на мяжы з Польшчай і Літвой. ФОТА і ВІДЭА

абноўлена

Беларускія актывісты перакрылі рух грузавога транспарту на мяжы з Польшчай. 8 чэрвеня 2021 году
Беларускія актывісты перакрылі рух грузавога транспарту на мяжы з Польшчай. 8 чэрвеня 2021 году

Асноўныя мэты перакрываньня — сур’ёзныя санкцыі супраць Лукашэнкі, ягоны сыход і вызваленьне ўсіх палітвязьняў.

8 чэрвеня а 12-й гадзіне па мясцовым часе ўдзельнікі намётавага мітынгу на мяжы Польшчы і Беларусі пачалі перакрываць рух грузавога транспарту.

Беларускія актывісты перакрылі рух грузавога транспарту на мяжы з Польшчай.
Беларускія актывісты перакрылі рух грузавога транспарту на мяжы з Польшчай.

Перад акцыяй Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва нагадала свае патрабаваньні:

  • да Эўрапейскага Зьвязу: паскорыць увядзеньне магутных і маштабных санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі;
  • да цяперашняй улады Беларусі: вярнуць грамадзянам магчымасьць наземнага выезду з краіны, вызваліць палітвязьняў і правесьці новыя сумленныя выбары.

У пункт пропуску Баброўнікі — Бераставіца прыехала шмат новых людзей. Ім нагадалі дэталі і арганізацыйныя моманты.

На літоўска-беларускай мяжы беларусы перакрываюць рух у пункце пропуску Мядзінінкай.

Мітынгі як у Польшчы, так і ў Літве ўзгодненыя зь мясцовымі ўладамі. Перад блякаваньнем Павал Латушка яшчэ раз зьвярнуўся да эўрапейскіх палітыкаў з патрабаваньнем як найхутчэй прыняць сапраўды дзейныя санкцыі да афіцыйнага Менску і выказаў надзею, што да акцыі далучацца і беларусы, якія жывуць у Латвіі.

«Спадзяюся, да нас далучацца людзі і іншыя пункты пропуску як у Польшчы, так і ў Латвіі».

У Баброўніках актывісты пачалі пераходзіць з аднаго боку дарогі на другі. Па стане на 13 гадзін беларускага часу можна казаць пра запавольваньне руху, а не яго поўнае блякаваньне. Акцыя праходзіла каля гадзіны, пасьля чаго Павал Латушка з групай людзей пайшоў да беларускай мяжы, каб перадаць адозву.

Пратэстоўцы перадалі свае патрабаваньні да ўладаў Беларусі

Каманда Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва разам зь іншымі ўдзельнікамі мітынгу перадала патрабаваньні ўпаўнаважанаму прадстаўніку памежнай службы Польшчы. Той перадасьць іх свайму беларускаму калегу.

Удзельнікі мітынгу патрабуюць ад Савету міністраў Беларусі «забясьпечыць канстытуцыйнае права грамадзян Рэспублікі Беларусь на свабоднае перамяшчэньне і для гэтых мэтаў неадкладна адмяніць усе незаконныя рашэньні, на падставе якіх былі ўведзены неабгрунтаваныя абмежаваньні на перасячэньне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь».

У Літве пасьля перамоваў памежнікі таксама далі дазвол перакрыць дарогу

Аналягічную акцыю праводзяць беларускія актывісты і на мяжы зь Літвой. Спачатку літоўскія памежнікі выйшлі да іх і заявілі, што не дазваляюць перакрываць дарогу на памежным пропуску ў любой форме ў 5-кілямэтровай памежнай зоне.

Пазьней пасьля перамоваў яны дазволілі на некалькі хвілін правесьці на трасе акцыю з патрабаваньнем, каб беларускія ўлады вызвалілі палітвязьняў і адкрылі наземныя межы. Актывісты з плякатамі і сьцягамі выйшлі на дарогу на некалькі хвілін.

Наступную акцыю беларускія актывісты ў Літве плянуюць на 14 чэрвеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG