Прысуд Паліне Шарэнда-Панасюк агучаць 9 чэрвеня
Дзяржаўнае абвінавачаньне просіць асудзіць палітычную актывістку зь Берасьця Паліну Шарэнду-Панасюк на 2 гады калёніі. Прысуд агучаць у сераду, 9 чэрвеня, а 9.30.
На пасяджэньні 7 чэрвеня жанчына адмаўлялася ўставаць з лавы і заяўляла адвод судзьдзі, бо не прызнае яго такім. Аднак Брэган пасьля перапынку адмовіўся залічыць адвод і працягнуў разгляд справы, апытваючы прызнаных пацярпелымі сілавікоў. Тыя скардзіліся, што Шарэнда-Панасюк называла іх «лукашыстамі» і «фашыстамі».
8 чэрвеня ў апошнім слове Паліна сказала:
«Паглядзіце вось гэтыя тэрміны, якія даюцца палітвязьням, нават юным дзяўчатам, якім 18 гадоў. Ім даецца па 4 гады, па 5 гадоў. Што азначаюць гэтыя тэрміны? Яны азначаюць, што гэтыя людзі, якія фальсыфікавалі выбары (і ня ў першы раз), думаюць, што загналі народ дубінкамі ў стойла. Яны хочуць яшчэ раз сядзець гэтыя тэрміны, гэтыя 4-5 гадоў на нашай шыі, зьвесіўшы ногі. Мы гэта дапусьцім? Не, гэта нельга дапускаць».
Паліна Шарэнда-Панасюк пад вартай з 3 студзеня. 23 лютага зь берасьцейскага СІЗА актывістку накіравалі на мэдычную экспэртызу ў псыхіятрычную лякарню ў Навінках пад Менскам. Тады на працягу 9-дзённага «этапу» жанчына правяла некалькі дзён у баранавіцкім СІЗА № 6 і ў менскім СІЗА № 1. Паліну Шарэнду-Панасюк тры разы цягам 1,5 месяца зьмяшчалі ў карцар Берасьцейскага сьледчага ізалятара.
7 чэрвеня яна чарговы раз заявіла пра катаваньні ў «прыватнай турме Лукашэнкі», як назвала месца свайго ўтрыманьня. Ад мужа зьняволенай — Андрэй Шарэнды — вядома, што Паліне не перадавалі ні вітамінаў, ні нават лекаў.
4 траўня Паліне выставілі абвінавачаньне адразу паводле трох крымінальных артыкулаў — 368 КК (абраза прэзыдэнта), 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і 364 КК (пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні супрацоўніка міліцыі).
Вінаватай Шарэнда-Панасюк сябе не прызнае, лічыць перасьлед палітычна матываваным і патрабуе пачаць крымінальную справу супраць Лукашэнкі і памагатых за незаконны захоп улады.
5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму ютуб-блогеру за ролікі са зброяй і яе захоўваньне
У судзе Маскоўскага раёна Менску вынесьлі прысуд 31-гадоваму ютуб-блогеру Аляксею Міхалкевічу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 2 арт. 295 (незаконныя набыцьцё, выраб, захоўваньне, перавозка і нашэньне боепрыпасаў, агнястрэльнай зброі і выбуховых рэчываў), ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт. 295 (падрыхтоўка да незаконнага вырабу боепрыпасаў, агнястрэльнай зброі, выбуховых рэчываў і выбуховых прылад), ч. 3 арт. 293 (навучаньне і падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады), піша «Вясна».
Мужчыну затрымалі ў сьнежні 2020 года «па падазрэньні ў датычнасьці да масавых беспарадкаў». Міхалкевіч здымаў відэаролікі на тэмы, зьвязаныя з агнястрэльнай зброяй, боепрыпасамі, выбуховымі рэчывамі і прыладамі, якія разьмяшчаў на сваім Youtube-канале «Дызэль», створаным яшчэ ў 2016 годзе.
Падчас ператрусу ў Аляксея знайшлі зброю і выбуховыя рэчывы.
Мужчына на судзе не прызнаў віны ў тым, што навучаў людзей удзелу ў масавых беспарадках, зазначыўшы, што тэма зброі — хобі, і ўжо тры гады ён гэтым не займаецца. Па двух астатніх артыкулах заявіў, што прызнае віну.
Судзьдзя Сяргей Кацар асудзіў Міхалкевіча да 5 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, як і прасіў пракурор Фёдар Сініцкі.
Таксама на судзе пасьля паказаньняў сьведкі — цёткі Аляксея Тацяны стала вядома, што Міхалкевіча ў 2020 годзе затрымлівалі і да сьнежня. Улетку пасьля затрыманьня яго вельмі моцна зьбілі, пакінуўшы шмат сьлядоў на целе.
Валянтэр штабу Бабарыкі Канапелька выступіў з апошнім словам
У судзе Маскоўскага раёну Менску па крымінальнай справе супраць валянтэраў перадвыбарчага штабу Віктара Бабарыкі 8 чэрвеня з апошнім словам выступіў дырэктар IT-кампаніі Дзьмітры Канапелька. 9–12 жніўня як патрыёт Беларусі Канапелька, з уласнага прызнаньня, хацеў на ўласныя вочы пабачыць, што дзеецца.
«Калі жывеш звычайным жыцьцём і ў Крымінальны кодэкс не зазіраеш, то не разважаеш паняцьцямі: акцыя, мітынг, мерапрыемства, масавыя беспарадкі і гэтак далей. Проста разумееш, што табе цікава, а што не. Пра свае перамяшчэньні 9–12 жніўня я ня думаў як пра наведваньне спэцарганізаваных мерапрыемстваў. Проста людзі па ўсім горадзе — у некаторых месцах больш, у некаторых менш».
Канапелька сказаў, што за гэтыя дні быў у розных раёнах Менску, і як толькі абстаноўка пагаршалася, перабіраўся ў іншае месца, што «пацьвярджаецца шматлікімі матэрыяламі справы і фактамі». Пад пагаршэньнем абстаноўкі ён меў на ўвазе прыезд сілавікоў дзеля разгону людзей, у тым ліку сьветлашумавымі гранатамі, газам і іншымі спэцсродкамі.
«Які сэнс супраціўляцца ўзброеным і навучаным супрацоўнікам? Мне не было чаго тэрытарыяльна абараняць у любой з прадстаўленых у справе лякацый», — заявіў Канапелька, абгрунтоўваючы сваю пазыцыю, у якой ён не прызнаў сябе вінаватым.
«Слова „штаб“, якое так спадабалася боку абвінавачаньня, калі і ўжывалася 12 жніўня, то не разглядалася ў нейкім нэгатыўным мілітарысцкім значэньні. Дзеці таксама часта кажуць пра дамок на дрэве альбо будан, як „штаб“».
Адсутнасьць жаданьня чыніць супраціў міліцыянтам, на думку Дзьмітрыя, цалкам пацьвярджаецца паказаньнямі і праслухоўваньнем тэлефонаў. У Канапелькі ёсьць сур’ёзнае падазрэньне, што «дзяржабвінаваўца рэалізуе сваё асабістае нэгатыўнае стаўленьне на глебе палітычнай, ідэалягічнай альбо іншай нянавісьці да работнікаў МУС».
«Інакш, чым растлумачыць яго давер да інфармацыі зь неправераных крыніц без належных для навуковых публікацый атрыбутаў, і пры гэтым недавер і ігнараваньне паказаньняў сьведкі — афтальмоляга з 30-гадовым стажам, супрацоўніцы шпіталя МУС. Пры допыце дадзенай сьведкі былі шматлікія спробы выціснуць патрэбны для абвінаваўцы адказ», — зазначыў падсудны.
«Хачу скончыць словамі майго прадзеда, якога судзілі дзесьці ў 37-ым пры падобных абставінах: „Ні перад людзьмі, ні перад Богам маёй віны няма, і сумленьне маё чыстае“».
Палітвязьняў Ігара Ярмолава, Уладзіслава Карэцкага, Мікалая Сасева і Дзьмітрыя Канапельку абвінавачваюць у падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК) і навучаньні ці іншай падрыхтоўцы асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках (ч. 3 арт. 293 КК).
Справу вядзе судзьдзя Сьвятлана Бандарэнка. Дзяржабвінаваўца Раман Бізюк запрасіў для іх па 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. На папярэднім пасяджэньні заслухалі апошняя слова Ігара Ярмолава і Мікалая Сасева. Уладзіслаў Карэцкі ад апошняга слова адмовіўся.
Прысуд у справе агучаць 10 чэрвеня аб 11.00.