Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі неабходна мець уласную вытворчасьць стралковай зброі.
«Калі ня дай Бог нейкі канфлікт, вайна — кожная сямʼя, тэрытарыяльныя органы мусяць быць узброеныя ўсім комплексам стралковай зброі. Тады вораг, праціўнік будзе разумець, што з намі лепш ня зьвязвацца», — сказаў Лукашэнка.
Ён дадаў, што мінімум стралковай зброі трэба вырабляць у Беларусі, каб не спадзявацца «на заморскага нейкага дзядзю, што нам прывязуць зброю».
Паводле сайту Міністэрства абароны, у беларускім войску выкарыстоўваецца стралковая зброя расейскай вытворчасьці.
Лукашэнка таксама выказаўся пра санкцыі супраць вайскова-прамысловага камітэту: «Гэта натуральна. Ніхто не пагодзіцца з тым, што недзе нейкая Беларусь будзе ўзбройвацца, ды яшчэ і ўласную зброю будзе вырабляць».