Першапачаткова футбольны турнір Copa America (Кубак Амэрыкі) — адзін з найпрэстыжнейшых у сьвеце сярод нацыянальных зборных — зьбіраліся правесьці ў 2020 годзе ў дзьвюх краінах — Калюмбіі і Аргентыне. Аднак праз пандэмію каранавірусу спаборніцтвы перанесьлі на 2021 год, а запрошаныя на турнір зборныя Аўстраліі і Катару адмовіліся ад удзелу.
Сёлета ў пачатку траўня стала вядома, што Калюмбія выходзіць са сьпісу прымаючых краін, паколькі ў дзяржаве пачаліся масавыя пратэсты супраць прэзыдэнта краіны ў сувязі з праектам новага падатковага заканадаўства і далейшымі эпідэміялягічнымі абмежаваньнямі.
31 траўня паўднёваамэрыканская футбольная канфэдэрацыя CONMEBOL заявіла пра перанос турніру з Аргентыны ў Бразылію, паколькі аргентынскія ўлады адмовіліся прымаць турнір праз складаную сытуацыю з пандэміяй. Першы матч Кубку Амэрыкі прызначылі на 12 чэрвеня.
Бразыльскія ўлады ад правядзеньня змаганьняў на стадыёнах сваёй краіны не адмовіліся, прэзыдэнт Жаір Балсанару летась стаў вядомым тым, што не надаў вялікай увагі каранавірусу, акрамя таго, быў аштрафаваны судом за адсутнасьць маскі на публічным мерапрыемстве. Аднак цяпер слова сказалі футбалісты нацыянальнай зборнай Бразыліі, піша Al Jazeera.
Капітан 5-разовых чэмпіёнаў сьвету Карлас Казэміру заявіў, што ўся каманда і трэнэр зборнай выступаюць супраць правядзеньня Кубку Амэрыкі ў Бразыліі. Прычым, як выявілася, гульцоў нават не папярэдзілі пра перанос своечасова. Казэміру з партнэрамі ня хочуць, каб турнір прывёў да чарговага ўсплёску колькасьці захворваньняў.
Увечары 8 траўня па бразыльскім часе каманда правядзе адборачную сустрэчу на чэмпіянат сьвету супраць каманды Парагваю. Па словах Казэміру, «немагчыма быць ясьнейшым»: футбалісты плянуюць пасьля гэтай сустрэчы «прадэманстраваць сваю пазыцыю».
У выпадку катэгарычнай адмовы зборнай Бразыліі выступаць на Кубку Амэрыкі на сваёй радзіме, турніру пагражае чарговы перанос або нават адмена. CONMEBOL пакуль не камэнтуе сытуацыю.
Бразылія — адна з найболей пацярпелых дзяржаў сьвету ад пандэміі COVID-19. Агулам за ўвесь час тут зарэгістравалі каля 17 млн выпадкаў заражэньня, што зьяўляецца трэцім паказьнікам у сьвеце. А па колькасьці сьмерцяў Бразылія на другім месцы пасьля ЗША — у гэтай паўднёваамэрыканскай краіне ад каранавірусу і яго наступстваў загінулі ўжо звыш 470 тысяч жыхароў.