Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам Польшчы і адкрыла помнік салідарнасьці ў Варшаве


Сьвятлана Ціханоўская і прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Варшава, 4 чэрвеня.
Сьвятлана Ціханоўская і прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Варшава, 4 чэрвеня.

У складзе дэлегацыі Ціханоўскай былі Валер Кавалеўскі і Павал Латушка.

4 чэрвеня Сьвятлана Ціханоўская падчас візыту ў Варшаву сустрэлася з прэзыдэнтам Польшчы Анджэем Дудай.

Як паведамляе прэсавая служба Ціханоўскай, яна падзякавала прэзыдэнту Дуду за ініцыяваны Польшчай і прыняты Эўразьвязам плян дапамогі для дэмакратычнай Беларусі і ўсебаковую дапамогу Беларусі: праграму імя Каліноўскага, падтрымку незалежных СМІ, у тым ліку «Белсату», дапамогу людзям і бізнэсам, якім давялося пераехаць, падтрымку Цэнтру беларускай салідарнасьці і Беларускага дома.

Анджэй Дуда адзначыў, што «у інтарэсах Рэспублікі Польшча, каб за нашай усходняй мяжой існавала сувэрэнная, незалежная дзяржава, якая мае свае ўласныя справы, кіруецца дэмакратычнымі прынцыпамі, у якой людзі жывуць свабодна, удзельнічаюць у выбарах, маючы перакананьне, што іх галасы ўлічваюцца і ўплываюць на вынікі выбараў. Іншых чаканьняў у Польшчы няма», — сказаў ён.

Прэзыдэнт Польшчы адзначыў, што палякі і беларусы — дзьве братнія нацыі:

«Мы жадаем нашым суседзям самага найлепшага. Мы хочам, каб вы мелі сувэрэную дзяржаву і самі ёю кіравалі»,— сказаў Дуда. Ён падкрэсьліў, што імкненьне да свабоды — адно з правоў беларусаў.

«Мы як польскія ўлады хацелі б, каб вы мелі магчымасьць выконваць гэтае права», — дадаў прэзыдэнт Дуда.

На сустрэчы абмеркавалі:

  • Як дапамагчы бацькам Пратасевіча і пераканацца, што вінаватыя ў захопе самалёта панясуць адказнасьць;
  • Як паскорыць працэс завядзеньня спраў ува ўнівэрсальнай юрысдыкцыі ў Польшчы, бо ў гэтую краіну зьехала шмат беларусаў, якія ратаваліся ад перасьледу рэжыму;
  • Як узмацніць эканамічны і палітычны ціск на Лукашэнку з дапамогай санкцый і прызнаньня рэжыму тэрарыстычным.

«Усе нявінныя людзі мусяць выйсьці на свабоду. Гэта ня можа быць прадметам гандлю. Мы бачылі, у якім стане Раман — ён закладнік рэжыму, і мы павінны зрабіць усё, каб вызваліць Рому і тысячы людзей, якія знаходзяцца ў такіх жа нялюдзкіх умовах», — заявіла Ціханоўская.

Раніцай Ціханоўская сустрэлася з мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім — з нагоды адкрыцьця мэмарыялу беларускай салідарнасьці.

Падчас урачыстага адкрыцьця помніка «Салідарнасьці» ў Варшаве Сьвятлана Ціханоўская сказала:

«На жаль, палітычны крызіс у маёй краіне паглыбляецца. Пасьля акту дзяржаўнага тэрарызму з прымусовай пасадкай самалёту Ryanair супрацьстаяньне ў Беларусі стала праблемай ня толькі для Эўропы, а і ўсёй міжнароднай супольнасьці. Але я ўпэўненая: на гэты выклік мы ўсе разам знойдзем эфэктыўны адказ. Як адказам палякаў у 1980-я стала «Салідарнасьць». Ня проста назва прафсаюзу, а тая ўзаемная падтрымка, якая аб’яднала ўсё польскае грамадзтва і зламала таталітарную сыстэму«,— заявіла Ціханоўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG