Эўропа павінна даць выразны сыгнал Крамлю, што ўмяшаньне ў справы Беларусі будзе мець наступствы, — піша ў амэрыканскім выданьні Politico міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус.
27-ы дзень пратэстаў. Суды над журналістамі. Марш айцішнікаў
«Крызіс у Беларусі, піша Лінкявічус, выходзіць далёка за рамкі жорсткіх наступстваў прэзыдэнцкіх выбараў у краіне ў жніўні.
На працягу дзесяцігодзьдзяў пры дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі краіна была сьведкай пасьлядоўных хваляў рэпрэсіяў. Маючы занадта слабую і разьяднаную апазыцыю, каб адолець рэжым, Лукашэнка меў поўную свабоду дзеяньняў для ажыцьцяўленьня масавага кантролю над беларускім грамадзтвам, адначасова заігрываючы як з Расеяй, так і з Захадам.
І на працягу дзесяцігодзьдзяў Эўрапейскі Зьвяз быў надзвычай цярплівым, прымаючы найменшыя зьмены ў Беларусі за прыкметы прагрэсу».
Аднак цяпер ясна, піша Лінкявічус, што мы дасягнулі пераломнага моманту. Калі ЭЗ хоча быць магутным гульцом на сусьветнай арэне і для сваіх найбліжэйшых усходніх суседзяў, яму тэрмінова патрэбен новы падыход да рэгіёну, і да Беларусі ў прыватнасьці. Слоў асуджэньня і шкадаваньня, а таксама іншых звычайных модных слоўцаў ўжо недастаткова.
У апошнія гады, піша міністар замежных справаў Літвы, мы сталі сьведкамі некаторых станоўчых зрухаў у вонкавай палітыцы Беларусі. Дыялёг з ЭЗ стаў больш канструктыўным, адносіны з ЗША адноўленыя. Падчас майго апошняга візыту ў Беларусь Уладзімер Макей, міністар замежных спраў краіны, выступіў на беларускай мове на публічным мерапрыемстве, што было неверагодным усяго некалькі гадоў таму.
Аднак закасьцянелая структура ўлады Беларусі не змагла распазнаць важныя прыкметы лібэралізацыі і абуджэньня. Рэакцыя беларускага народу на жнівеньскія выбары паказала, што яго цярпеньне падышло да канца.
Таксама стала ясна, што Лукашэнка ніколі не быў зацікаўлены ні ў мадэрнізацыі краіны, ні ў рэальнай незалежнасьці Беларусі: усё, што ён хоча, — гэта застацца пры ўладзе.
Цяпер, спалохаўшыся таго, што пратэсты супраць яго дыктатуры распаўсюдзяцца па ўсёй краіне, Лукашэнка зьвярнуўся да Расеі па ваенную падтрымку — доказам таго, што яго заявы пра ціск з боку Масквы былі ня больш чым фарсам, закліканым паказаць яго як абаронцу незалежнасьці Беларусі.
Падзеі ў Беларусі сталі моцным галаўным болем для кіраўніцтва Расеі, піша Лінас Лінкявічус. Крэмль вагаецца паміж тым, каб прыняць мірныя пратэсты і магчымасьць новых выбараў альбо падтрымаць Лукашэнку і паслаць яму вайсковую дапамогу.
Масква вагаецца, здаецца, таму, што баіцца некантраляваных дэмакратычных працэсаў. У вачах Крамля, калі Лукашэнка падпарадкуецца волі нацыі, гэта будзе дэманстрацыяй слабасьці, якая можа паслаць няправільны сыгнал расейскай грамадзянскай супольнасьці, натхнёнай пратэстамі ў Беларусі.
Пакуль што Расея вырашыла на словах атакаваць прыхільнікаў дыялёгу ў Беларусі і паўтарыць размовы Лукашэнкі аб замежным (чытай Заходнім) ўмяшаньні ў Беларусь. Ён чытае лекцыі Эўразвязу аб «правільным» этыкеце ў вонкавай палітыцы, нават калі зьвяртаецца да «найлепшых практык» КДБ [...]
Абвінавачваньні ў тым, што заходнія дэмакратыі спрабуюць паквапіцца на сувэрэнітэт і цэласнасьць Беларусі ці паўплываць на апазыцыю краіны, няслушныя.
Літва дала прытулак Святлане Ціханоўскай, таму што ёй відавочна пагражала небясьпека, як і незьлічонаму мноству іншых дзеячаў апазыцыі. Тое, што Лукашэнка і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін называюць умяшаньнем Захаду, мы разглядаем як простую падмену паняцьцяў, піша міністар замежных спраў Літвы.
ЭЗ справядліва без ваганьняў абвясьціў выбары ў Беларусі несправядлівымі, недэмакратычнымі і несвабоднымі; заявіў, што жорсткі гвалт у дачыненьні да мірных людзей зьяўляецца парушэньнем правоў чалавека і што толькі новае кіраўніцтва дапаможа Беларусі выйсьці з палітычнага і маральнага тупіку.
Але слоў, піша Лінас Лінкявічус, недастаткова. Сытуацыя ў Беларусі — гэта праверка нашых эўрапейскіх каштоўнасьцяў і прыхільнасьці да правоў чалавека. Ці дазволім мы рэпрэсіям і гвалту перамагчы? Ці дазволім мы не абранаму прэзыдэнту заклікаць Расею «вырашыць праблему» мірных грамадзян, якія патрабуюць свабодных і справядлівых выбараў?
Пакуль ЭЗ і астатні заходні сьвет вагаюцца і застаюцца падзеленымі — і працягваюць спрабаваць перазагрузіць адносіны з Масквой — Расея можа прыкідвацца звышдзяржавай, адкрыта ігнаруючы міжнародныя правілы і распальваючы канфлікты.
ЭЗ павінен быць дакладным, ясным і адзіным у сваім адказе. Трэба адназначна заявіць, што з 9 жніўня Лукашэнка зьяўляецца былым прэзыдэнтам Беларусі і што яго дзеяньні незаконныя і недапушчальныя ў Эўропе.
«За гэтымі словамі павінны быць справы. Адрасныя санкцыі ЭЗ супраць рэжыму Лукашэнкі — гэта толькі першы крок. Мы павінны аказаць дапамогу ахвярам гвалту і рэпрэсій, забясьпечыць вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў і пачаць міжнароднае расьсьледаваньне магчымых злачынстваў супраць чалавечнасьці. Грамадзянская супольнасьць і незалежныя СМІ Беларусі таксама адчайна маюць патрэбу ў нашай падтрымцы.
ЭЗ павінен паслаць Крамлю вельмі выразны сыгнал аб тым, што любая спроба ўмяшаньня ў справы Беларусі будзе мець доўгатэрміновыя наступствы для Расеі. І ЭЗ павінен без ваганьняў распачаць сур’ёзныя дзеяньні, калі Крэмль вырашыць ўмяшацца.
Калі мы ня пройдзем гэтае важнае выпрабаваньне, гэта нанясе сур’ёзны ўдар па нашых асновах. Яшчэ ня позна зрабіць так, каб гэтага не адбылося», — напісаў у сваім артыкуле ў амэрыканскім выданьні Politico міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус.