Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд Крыму завочна асудзіў на 6 гадоў калёніі лідэра крымскіх татараў


Рэфат Чубараў
Рэфат Чубараў

Вярхоўны суд Крыму, падкантрольны расейскім уладам, завочна асудзіў на шэсьць гадоў калёніі агульнага рэжыму і штраф у памеры 200 тысяч рублёў кіраўніка Мэджлісу крымскіх татараў Рэфата Чубарава, які знаходзіцца ва Ўкраіне.

«Крым.рэаліі» паведамляе, што Чубарава асудзілі ў справе аб масавых беспарадках у 2014 годзе.

Справу на Чубарава расейскія ўлады анэксаванага Крыму завялі ў сакавіку 2020 году. Паводле сьледзтва, 25 траўня 2014 году ён нібыта даручыў свайму намесьніку Ахтэму Чыйгозу арганізаваць масавыя беспарадкі каля будынка парлямэнту Крыму ў Сімферопалі «для зрыву пасяджэньня, дзе плянаваўся разгляд пытаньня аб справаздачы рэспубліканскага ўраду», а таксама даручыў Чыйгозу асабіста кіраваць пратэстоўцамі.

Чыйгоз у 2017 годзе быў прызнаны вінаватым і асуджаны на 8 гадоў калёніі агульнага рэжыму праз абвінавачаньне ў арганізацыі беспарадкаў на мітынгу ў Сімферопалі. Гэта адбылося нягледзячы на тое, што, паводле сьведак, ён стараўся прадухіліць сутыкненьні. Пазьней улады Расеі выдалі яго Турэччыне разам зь яшчэ адным лідэрам крымскіх татараў, Ільмі Ўмеравым. З Турэччыны Чыйгоз вярнуўся ва Ўкраіну.

Расея анэксавала ўкраінскі паўвостраў Крым у сакавіку 2014 году па выніках так званага рэфэрэндуму, праведзенага ў прысутнасьці ўзброеных людзей у вайсковай форме бяз знакаў адрозьненьня. Непасрэдна перад рэфэрэндумам 26 лютага 2014 году пад сьценамі парлямэнту Крыму сабраліся некалькі тысяч чалавек. Сярод іх былі як прыхільнікі Мэджлісу крымскататарскага народу, якія выступалі супраць анэксіі Крыму, так і прыхільнікі «Русского единства», якія займалі процілеглую пазыцыю і патрабавалі далучэньня паўвострава да Расеі.

У выніку сутыкненьняў на плошчы загінулі два чалавекі. Сьледчы камітэт Расеі завёў па гэтым факце крымінальную справу, але ў выніку ўсклаў усю віну за тое, што адбылося, менавіта на лідэраў крымскіх татар. Сутыкненьні ў Сімферопалі сталі пачаткам масавага перасьледу крымскіх татараў расейскімі ўладамі.

Шмат каму зь лідэраў крымскіх татараў давялося зьехаць ва Ўкраіну. Мэджліс крымскататарскага народу ў 2016 годзе быў прызнаны ў Расеі экстрэмісцкай арганізацыяй, а яго дзейнасьць забароненая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG