Паўднёвы акруговы вайсковы суд у расейскім Растове-на-Доне вынес прысуды шасьці крымскім татарам па справе ялцінскай ячэйкі «Хізб ут-Тахрыр». Пра гэта паведамляе «Настоящее время».
- Мусьліма Аліева асудзілі на 19 гадоў калёніі строгага рэжыму;
- Энвера Бякірава — на 18 гадоў;
- Вадзіма Сірука і праваабаронцу Эміра-Усейна Куку — на 12 гадоў;
- Рэфата Алімава — на 8 гадоў;
- Арсена Джэпарава — на 7 гадоў.
Усіх іх прызналі вінаватымі ў арганізацыі дзейнасьці тэрарыстычнай арганізацыі, удзеле ў ёй па папярэдняй змове і ў падрыхтоўцы да ўзброенага захопу ўлады. Усе фігуранты справы адмаўлялі віну.
Эмір-Усейн Куку да арышту быў адным з самых вядомых у Крыме праваабаронцаў, знаходзіўся ў Кантактнай групе па правах чалавека. Мусьлім Аліеў і Энвер Бякіраў працавалі будаўнікамі, а Вадзім Сірук гандляваў кветкамі. Яны былі арыштаваныя 11 лютага 2016 году.
«Хізб ут-Тахрыр аль-Ісламі» («Ісламская партыя вызваленьня») была заснавана ў 1953 годзе ў Палестыне. Арганізацыя забароненая ў Расеі, Нямеччыне, Казахстане, Турцыі, Пакістане, Таджыкістане, Узбэкістане, а таксама ва ўсіх арабскіх краінах, акрамя ААЭ, Лібану і Емэну. Аднак ва Ўкраіне да анэксіі Крыму ў 2014 годзе арганізацыя забароненая не была. Пасьля анэксіі паўвострава Расеяй сябры арганізацыі ў Крыме апынуліся па-за законам, іх пачалі перасьледаваць расейскія праваахоўныя органы за тэрарызм.
Генэральная Асамблея ААН у сьнежні 2018 году асудзіла Расею за парушэньні правоў чалавека ў Крыме. У гэтай рэзалюцыі было названа імя праваабаронцы Эміра-Усейна Куку, якому 12 лістапада далі 12 гадоў калёніі. Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» і праваабарончая арганізацыя Amnesty International назвалі яго вязьнем сумленьня.