Лінкі ўнівэрсальнага доступу

COVID-19: зьмякчэньне абмежаваньняў у Эўропе; спрэчка Кітаю з ЗША аб прычыне пандэміі


Паводле стану на 30 траўня 2021 году, колькасьць інфікаваных COVID-19 у сьвеце дасягнула 170,7 мільёна чалавек. Ахвярамі сталі 3,55 млн чалавек, ачунялі 152,6 млн.

У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, на 30 траўня захварэлі 393 807 чалавек, памерлі — 2841, паправіліся і выпісаліся 384 933.

На думку незалежных экспэртаў, афіцыйная статыстыка ў Беларусі, асабліва што да колькасьці сьмяротных выпадкаў, істотна заніжаная ў параўнаньні з рэальнай сытуацыяй.

Адным сказам

  • Чэхія скасоўвае чарговыя абмежаваньні ў сувязі з каранавірусам: ад 31 траўня ўзнаўляюць працу рэстарацыі, бары і начныя клюбы.
  • У Ірляндыі рэстараны пачнуць працаваць ад 7 чэрвеня, але толькі для гасьцей не ў памяшканьнях.
  • У Нідэрляндах ад 5 чэрвеня рэстарацыям дазволілі прымаць гасьцей унутры памяшканьняў.
  • Віетнам на мінулым тыдні заявіў пра выяўленьне «новага гібрыднага варыянту каранавірусу», які зьяўляецца мутацыяй індыйскага.
  • Эўрапейскае агенцтва лекавых прэпаратаў вырашыла, што вакцынай Pfizer/BioNTech можна прышчэпліваць моладзь ва ўзросьце 12–15 гадоў; рашэньне рэгулятара мусіць зацьвердзіць Эўракамісія, а кожнай краіне ЭЗ пакідаецца права вырашаць самастойна, ці выкарыстоўваць гэтую прышчэпку ў адносінах да моладзі.
  • Эўракамісія патрабуе праз суд высокіх штрафаў ад канцэрну AstraZeneca за нетэрміновыя пастаўкі вакцыны ад каранавірусу.

Кітай асудзіў пляны ЗША расьсьледаваць прычыны пандэміі COVID-19

Кітайскае МЗС на мінулым тыдні раскрытыкавала загад Джо Байдэна амэрыканскім спэцслужбам высьветліць абставіны і прычыны пандэміі COVID-19.

Прэс-сакратар МЗС Кітаб Чжао Ліцзян 27 траўня абвінаваціў ЗША ў тым, што яны «спрабуюць палітызаваць гэтае пытаньне і хочуць ускласьці эпідэмію на плечы Кітаю». Чжао Ліцзян таксама адхіліў здагадкі аб тым, што каранавірус мог распаўсюдзіцца пасьля аварыі ў лябараторыі ва Ўхані, і заявіў, што не давярае выведцы ЗША.

Напярэдадні Байдэн даручыў амэрыканскай выведцы высьветліць прычыны пандэміі COVID-19. Распараджэньне Байдэна паступіла пасьля таго, як група навукоўцаў з ЗША і Канады назвалі магчымай прычынай пандэміі выцек каранавірусу зь лябараторыі. Пра гэта яны сказалі ў лісьце, апублікаваным часопісам Science.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG