Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія пытаньні выклікае відэа меркаванай сьмерці Вітольда Ашурка. Камэнтуюць лекары і былыя палітвязьні


Скрыншот з відэа, якое апублікаваў Сьледчы камітэт
Скрыншот з відэа, якое апублікаваў Сьледчы камітэт

Свабода папрасіла былых палітвязьняў і лекараў пракамэнтаваць афіцыйныя кадры са шклоўскай калёніі № 17, на якіх меркавана апошнія хвіліны жыцьця палітвязьня Вітольда Ашурка.

Сьледчы камітэт апублікаваў сёньня мантаванае відэа са шклоўскай калёніі № 17, на якім відаць чалавека, які двойчы падае. Ён апрануты ў робу з надпісам «ШИЗО», што расшыфроўваецца як «штрафны ізалятар». Пасьля першага падзеньня, каля прыбіральні, яму надалі мэдычную дапамогу. Пасьля другога выпадку ў камэру штрафнога ізалятара прыбеглі супрацоўнікі калёніі. Відэазапіс зроблены з камэры, якая знаходзіцца на вышыні. Адназначна на відэа ня бачна, ці сапраўды чалавек у робе — Вітольд Ашурак.

Экс-палітвязень Бандарэнка: «Гэта выглядае паказушна»

Кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Плятформа» Андрэй Бандарэнка 8 месяцаў правёў у Шклоўскай калёніі. Кажа, што амаль увесь гэты час знаходзіўся ў штрафным ізалятары.

Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка

Прагледзеўшы відэа, выкладзенае Сьледчым камітэтам, праваабаронца ўпэўнены, што асуджаны пакараны ШЫЗА за нейкія дысцыплінарныя парушэньні. Гэта, адзначае ён, бачна па надпісе на пінжаку «ШИЗО» і адмысловай абстаноўцы, якая супадае з тым, што ёсьць у такіх камэрах.

«Там ніколі не выдавалі такія пінжакі, адпраўляючы ў ШЫЗА, — камэнтуе відэа Бандарэнка. — Туды прыходзілі асуджаныя ў той адзежы, якую насілі ў атрадзе. А тут жа праглядаецца надпіс. Такім чынам, яго чакалі там. Рыхтавалі да ШЫЗА».

Андрэй Бандарэнка зьвяртае ўвагу на «абсалютна абноўленую камэру ШЫЗА»: па ягоных словах, у Шклоўскай калёніі, калі ён там сядзеў, такіх не было.

«Я зьдзіўлены, што там могуць быць такія штрафныя ізалятары, — працягвае ён. — Гэта выглядае паказушна. Можна дапусьціць, што ўва ўсіх штрафных ізалятарах Беларусі праведзены эўрарамонт, альбо гэта нешта пастановачнае. Для мяне, чалавека, які там быў, гэта дзіўна».

Трэцяе, што кінулася праваабаронцу ў вочы: гэта аказаньне дапамогі асуджанаму «ня профільным спэцыялістам, урачом, а супрацоўнікам калёніі».

«У далейшым, — працягвае ён, — па аказаньні першаснай мэдычнай дапамогі асуджанага мусілі адправіць на абсьледаваньне, але гэтага не адбылося, што ўрэшце прывяло да страшных наступстваў».

Па словах Бандарэнкі, калі ён сядзеў у Шклоўскай калёніі (там жа тады быў і Мікалай Статкевіч), то на любы падобны выпадак выклікалі мэдыкаў. А на відэа бачна, што каля асуджанага, якому патрэбная мэдычная дапамога, завіхаюцца толькі супрацоўнікі калёніі. Можна спадзявацца, што вінаватых знойдуць і пакараюць, лічыць праваабаронца.

Экс-палітвязень Жамчужны: «Такога ня можа быць паводле тэхнікі бясьпекі»

Былы палітвязень Міхаіл Жамчужны, які сёлета выйшаў на волю пасьля 6 гадоў у турме, называе відэа «штучна пастаўленым кіном».

Міхаіл Жамчужны
Міхаіл Жамчужны

«Камэра пяцімесцавая, мяркуючы па колькасьці нараў, а чалавек у ёй адзін. Такога ня можа быць паводле тэхнікі бясьпекі, — пракамэнтаваў кадры былы палітвязень Міхаіл Жамчужны. — Паліцы, скрыні на сьценах пустыя, няма асабістых рэчаў, ручніка, адзеньня, мыла, зубной шчоткі. У запісе перапынкі, асобы чалавека не відаць. У камэры адзін мэдык аказвае дапамогу — такога ня можа быць, бо ў камэру супрацоўніку аднаму да асуджанага ўваходзіць забаронена па ўнутраных правілах варты, нават калі гэта карцар, ШЫЗА ці ПКТ».

Хірург Кароль: «Слабы стан у турме сьведчыць, што яго ці зьбівалі, ці не было ежы ці вады, ці тое і тое разам»

Хірург Зьміцер Кароль кажа, што чалавек на відэа «падае, хутчэй за ўсё, праз слабасьць — ці траціць прытомнасьць, ці знаходзіцца ў вельмі слабым стане».

«Слабы стан у турме сьведчыць, што яго ці зьбівалі, ці не было ежы ці вады, ці тое і тое разам. Ён падае натуральна, як чалавек, які адключаецца. Яму аказваюць дапамогу, перабінтоўваюць галаву. І ён стаіць у гэтым жа памяшканьні адзін, без дапамогі, без канвою, і падае другі раз. І я так і не зразумеў, што там далей робіць гэты натоўп людзей», — камэнтуе відэазапіс хірург Зьміцер Кароль. — Калі кажуць пра сардэчны прыступ, чаму яму не аказваюць дапамогу пасьля падзеньня, а пакідаюць самога? Калі ў яго разьбітая галава, чаму ён гэтак жа стаіць адзін далей у гэтым памяшканьні?!»

Прычынамі страты прытомнасьці могуць быць і перабоі ў працы сэрца, і інсульт. Але гэта сур’ёзныя сытуацыі, якія, відавочна, здарыліся з чалавекам на відэа, таму яшчэ больш незразумела, чаму чалавека пакідаюць самога, — задае пытаньні доктар.

Доктар сумняецца, што гэтае відэа можа быць пастановачным, але ня можа сьцьвярджаць, ці сапраўды на відэа Вітольд Ашурак, бо ня знаў яго асабіста.

Зьміцер Кароль кажа, што пасьмяротная экспэртыза ў такіх выпадках неабходная і можа адказаць на пытаньні аб прычынах сьмерці.

«Ёсьць розьніца ў траўмах галавы, атрыманых, калі чалавек упаў з вышыні свайго росту, і калі да чалавека прымененая фізычная сіла, — кажа доктар. — І пры ўскрыцьці гэта можна высьветліць».

Вітольд Ашурак. Архіўнае фота
Вітольд Ашурак. Архіўнае фота

«Відавочна, што ён ня страціў прытомнасьць, яго вяло наперад»

Відэа пракамэнтавала доктар-нэўроляг зь Менску, якая пажадала захаваць ананімнасьць (імя вядома рэдакцыі).

«Гэта відэанарэзка, таму ня ўпэўненая, што карэктна можна пракамэнтаваць. Але сапраўды відаць, што ён хістаецца яшчэ да падзеньня і падае ня ў выніку таго, што спатыкнуўся. Твар на тых кадрах, дзе ён сядзіць, відаць дрэнна, але я ня бачу на ім асымэтрыі. Што да самога падзеньня, то відавочна, што ён ня страціў прытомнасьць, яго вяло наперад. Калі трацяць прытомнасьць, ногі падкошваюцца, а тут ногі трымалі яго да апошняга».

Яшчэ адзін мэдык, які пажадаў захаваць ананімнасьць, дапусьціў у камэнтары Свабодзе, што ў асуджанага ўжо была чэрапна-мазгавая траўма, калі ён трапіў у карцар. Ад яе ён мог страціць прытомнасьць. А пасьля падзеньня і першага ўдару галавой магла разьвіцца вострая эпідуральная гематома (скопішча крыві паміж цьвёрдай мазгавой абалонкай і косткамі чэрапа), — тлумачыць ён. У выніку зьяўляецца галаўны боль, інтэнсіўнасьць якога нарастае. Чалавека ванітуе.

«Калі тэрмінова не правесьці абсьледаваньне і не зрабіць апэрацыю, то чалавек можа памерці», — падсумоўвае мэдык.

Палітвязень Вітольд Ашурак нечакана памёр у калёніі 21 траўня. Сваякам сказалі, што ў яго спынілася сэрца. Жонка Вітольда Ашурка сказала журналістам, што муж раней ніколі ня меў праблемаў з сэрцам.

Сёньня сваякі Вітольда Ашурка атрымалі пасьведчаньне аб ягонай сьмерці.

У дакумэнце сказана, што непасрэдная прычына сьмерці высьвятляецца. Код R99 паводле Міжнароднай клясыфікацыі захворваньняў азначае «Іншыя недакладна вызначаныя і неўдакладненыя прычыны сьмерці».

Сёньня ж брату Вітольда Ашурка Андрэю аддалі ў Шклове цела памерлага. Сяброўка сям’і Вольга Быкоўская расказала «Белсату», што ў Вітольда «забінтаваная галава ад макаўкі да носа, відаць толькі рот».

Цела Ашурка яшчэ ў Шклове пераапранулі ў гарнітур, адразу паклалі ў труну, якую сваякі прывезьлі з сабой. Апрача перабінтаванай галавы, у Вітольда відаць падрапаныя рукі. Чаму галава перавязаная, пакуль невядома.

Пахаваньне Ашурка адбудзецца ў Бярозаўцы ў сераду 26 траўня. З 9-й гадзіны раніцы з памерлым можна будзе разьвітацца ў будынку Дома быту (Наваградзкая вуліца, 8). А 14-й у бярозаўскім касьцёле пройдзе імша. Пасьля яе Вітольда Ашурка пахаваюць на гарадзкіх могілках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG