Рычард Гавяліс. «Віленскі покер». Пераклад зь літоўскай Паўліны Вітушчанкі. Логвінаў, 2018. 660 ст.
Галоўны пэрсанаж — Вітаўт Варгаліс — блукае ў Старым горадзе, адзначаючы толькі літоўцаў, палякаў, габрэяў і расейцаў. Яму нічога невядома пра беларусаў. Хаця ён — «кніжны чарвяк» — працуе, як можна зразумець, у галоўнай бібліятэцы літоўскай Акадэміі навук, што насупраць гары Гедыміна, а таксама ў аддзеле рукапісаў унівэрсытэцкай.
Паколькі ў мяне ў руках беларускі пераклад, то і разгляд мой, што натуральна, — зь беларускага пункту гледжаньня. І прычына — у самім тэксьце.
Стаўленьне да нас у рамане, можна сказаць, — ад поўнага ігнараваньня да грэблівасьці. Цэрквы ў Старым горадзе называюцца раздражнёна расейскімі. Пастаянна паўтараецца, што Вільня — горад касьцёлаў. Так, ніхто не спрачаецца. Але пачыналася яна ў значнай ступені як горад цэркваў, якія будавалі не расейцы, а тыя, каго сёньня называюць беларусамі.
У рамане Паўла Севярынца «Беларусалім» (2020) Вільню наведала мноства беларускіх вернікаў, яны адкрываюць для сябе якраз гэтую старонку гісторыі гораду: «Мікольская царква, першы каменны храм у Вільні… у бізантыйскім стылі. Русіны — гэта мы, а не маскоўцы, русіны тады былі праваслаўныя… Мы несьлі сюды мову, веру і культуру… Усе дванаццаць сыноў Альгерда хрысьціліся тут».
«Прачысьценскі сабор, заснаваны Альгердам… Крэпасьць чысьціні і сьвятасьці. У часы Вітаўта быў цэнтрам праваслаўнага беларускага сьвету — Літоўскай мітраполіі». Так, потым цэрквы стануць менавіта расейскімі. Але ў рамане Гавяліса пастаянны зварот да віленскіх каранёў, але зварот — выбарачны, значыць — прадузяты.
І яшчэ адзін аргумэнт з нашага часу ад Севярынца, які сядзіць у беларускай турме: «Вузкая вулачка. Русу. Руская. Літва квітнет русчызною. Цесна. Людзі забітыя, як зарад у доўгі ствол. Калёны павольна абцякаюць па іншых вуліцах, направа і налева».
Катэдральная плошча ў яго поўная беларускіх рэлігійных пілігрымаў. Погляд падае на Замкавую гару. І кароткая заўвага: у 2017-м апоўзень адкрыў магілу Каліноўскага… Затым прыгожая выснова з чыіхсьці вуснаў: «Вільня — гэта горад пра вялікую веру беларусаў у Бога!»
Адзін з герояў «Віленскага покеру» Марцін Пошка адчувае сябе летапісцам «гібеючай літоўскай цывілізацыі». Ён заўважае, параўноўваючы з габрэямі, што літоўцы ня маюць свайго Ерусаліму.
Ерусалім беларусаў, як можна зрабіць выснову з кнігі Севярынца, — Вільня. Важны момант: у ягоным рамане ёсьць прадбачаньне, хаця яно недакладнае: гэты беларускі рух сапраўды будзе на віленскіх вуліцах, але — на пахаваньні паўстанцаў Каліноўскага. І мора сьцягоў. І велізарны бел-чырвона-белы на Катэдральным пляцы ў жніўні 2020 — падчас акцыі салідарнасьці з беларусамі, якія памкнуліся да свабоды і годнага жыцьця.
«Віленскі покер» — гэта тоўсты раман пра Вільню. І падобнага пра Менск яшчэ няма, калі не памыляюся. Так што нашым пісьменьнікам карысна прачытаць яго. Па тэксьце рассыпаныя сьціслыя запамінальныя думкі пра горад. Іх мноства. Гэтыя высновы пераважна дэпрэсіўныя. Нагадаю, час напісаньня твору 1977–89. Ён выйшаў напярэдадні вяртаньня свабоды ў Літву.
Дык што ж гэта за места? «Вільня — гэта мноства гарадоў, пасьцеленых адзін на аднога. Археалягічнымі слаямі тут зьлегла ня толькі зямля — і час, і паветра, і мова. У тым жа месьце тояцца й ператвараюцца адзін у аднога культурныя слаі Ўсходу й Захаду. Вільня — то мяжа, дзе счапіліся расейская экспансія й эўрапейскі дух. Тут сутыкнулася й зьмяшалася міжсобку ўсё на сьвеце. Вільня — вялізны кактэйль багоў смугі. Калі горад мог бы існаваць самотны, безь людзей, Вільня была б Горадам усіх гарадоў». (Пераклад Паўліны Вітушчанкі).
У пэўным сэнсе «нацыянальнае пытаньне» вельмі неабыякавае для герояў кнігі і аўтара. Пачуцьці розныя. Напрыклад, непрыхільнасьць да палякаў за тое, што адабралі некалі Вільню. Што дзяцей аддаюць у расейскія школы — выклікае неўхваленьне. Чытачу-беларусу пры гэтым міжволі можа ўспомніцца вядомы гістарычны факт: у 1920-м, калі польскае войска заняло Віленскі край, вакол Вільні было вельмі хутка адкрыта 120 беларускіх пачатковых школ (ненадоўга, зразумела). Што напрасткі мела сьведчыць аб нацыянальным складзе насельніцтва вёсак і мястэчак.
Аднак наступныя гістарычныя абставіны склаліся такім чынам, што наяўнасьць менавіта беларусаў у тых мясьцінах стала нікому не патрэбнай. І самім ім даводзілася так ці сяк вызначацца — кім быць. Адзіная беларуска ў «Віленскім покеры» — Стэфа — хаваецца ў «тутэйшасьць».
Стэфанія — «добрая фэя» Вітаўта Варгаліса, загадчыка бібліятэчнага аддзелу і начальніка некалькіх кабет. Яна будзе ягонай палюбоўніцай, пакуль ён не заменіць яе іншай каляжанкай — маладзейшай літоўкай Лолай. І гарадзкой — у адрознасьць ад Стэфы, якая ў Вільню прыехала зь вёскі. Стэфа не ганаровая, пакорліва застаецца ў Варгаліса накшталт прыслугі: мые бялізну, гатуе. І стараецца не раўнаваць, калі ён прыводзіць новую каханку.
Вуснамі яе самой пісьменьнік распавядае пра яе думкі і пачуцьці. Пачынаецца досыць натуралістычна: у яе месячныя, а ваты ў аптэках не знайсьці. І ўспамін — за ракой у вёсцы жылі сапраўдныя літоўцы: «…А мы ўсе былі невядома што: тутэйшы, тутэйшы, паўтаралі мужыкі, калі падчас перапісу пасьля вайны ў іх пыталіся пра нацыянальнасьць, маўляў, мясцовыя мы, а што яны яшчэ маглі сказаць: я й дагэтуль ня ведаю, якой часьцінай я полька, якой беларуска». (Пераклад Паўліны Вітушчанкі).
У кнізе ў Вільні няма беларусаў, толькі адна Стэфа, дый тая, што датычыць самасьвядомасьці, знаходзіцца на ўзроўні ХІХ стагодзьдзя. А, між іншым, у савецкія часы беларусы з прылеглых да Літвы раёнаў — Воранаўскага, Ашмянскага, Смаргонскага, Астравецкага тысячамі ехалі вучыцца і працаваць у тую менавіта Вільню. Успамінаецца выпадак: зіма 1983-84-га, сядзім у віленскай кавярні — Анатоль Сідарэвіч і мы зь Сяргеем Дубаўцом — студэнты журфаку. Малады афіцыянт, пачуўшы беларускую мову, прызнаецца, што ён сам з Ашмянаў і спрабуе адказаць па-беларуску. Гэта толькі адзін прыклад.
Ну, а што Стэфа? У яе ўсё дрэнна. Яна адчувае сябе чужой у Вільні. Але ня хоча назад у вёску, дзе «браты з сёстрамі такія чужыя, так сьмярдзяць лайном і самагонкай, так дзіўна гавораць, што мне зноў патрэбны перакладчык».
І на вёсцы ўсё было дрэнна. Вёска за ракой была літоўскай — у іх там было ўсё цудоўна — дамы, поўна ежы і самі яны — ганарлівыя і цьвярозыя. Беларуская вёска ім зайздросьціла і ненавідзела іх. Пасьля жніва ці капаньня бульбы не прасыхала ад самагонкі — мужчыны, жанчыны, дзеці, старыя, на вуліцах ванітуюць і за пляшку мутнай самагонкі гатовыя на ўсё. А літоўцы тады прыяжджаюць паглядзець, як на экскурсію.
Прызнаюся: чытаць гэта было цяжка. У вусны Стэфы ўкладзена прызнаньне ў нацыянальнай непаўнавартасьці: «Чаму яны іншыя, чаму я, стаўшы ці прыкінуўшыся літоўкай, стала іншая? Усе па-чорнаму зайздросьцілі тым літоўцам, і я зайздрошчу той літоўскай Стэфе», якой яна сябе пачала была адчуваць. Думкі круцяцца вакол аднаго: яна ня ведае хто яна і зайздросьціць літоўцам. Была і ёсьць «вясковая дзеўка з балотаў, без нацыянальнасьці».
І апошні акорд: НКВД вывозіць жыхароў суседняй вёскі за сувязь з літоўскімі партызанамі, і беларуская кідаецца рабаваць пустыя дамы…
У часы студэнцтва сябры вярнуліся аднойчы з вандроўкі і расказалі: у музэйчыку, здаецца, у Крэве нехта з літоўцаў зрабіў запіс па-расейску: «Дзякуй, што захоўваеце для нас, літоўцаў нашу літоўскую гісторыю». Нейк так. Хлопцаў гэта ўразіла.
Закончым пра Стэфу. Маладыя літоўскія наркаманы жорстка гвалцяць яе. Жахлівая сцэна… Стэфа сядае ў цягнік, наперадзе вёска. Высьвятляецца, што яна, таксама жорстка, забіла апошнюю палюбоўніцу Варгаліса і зьнікла. А ён быў арыштаваны. Адпомсьціла.
Трэба сказаць, што ў «Віленскім покеры» не пашкадаваны ніхто. Героі раптоўна гінуць. Апавядальнік або пэрсанажы раману нястомна разьвярэджваюць свае літоўскія раны. Гістарычныя і нацыянальныя. Колькі зьнішчальнага сказана пра гома літуанікуса! Між іншым, ён — гэта рахманы працавіты, баязьлівы канфарміст. Што, у нашым разуменьні, да апошняга часу адпавядала партрэту беларуса. Гавяліс не шкадуе ні сваіх, ні чужых.
Аднак чужым ад гэтага не лягчэй. І калі адзін з пэрсанажаў гаворыць другому: «Патлумач мне, навошта трэба было кіраваць мільёнамі беларусаў і расейцаў, дзесяць разоў згубіць і зноў адваяваць які-кольвек там Віцебск, плесьціся да Масквы і зьбіраць там даніну…» — рэакцыя можа быць у чытача хутчэй такая — гэта што, на поўным сур’ёзе?
Мэсіянства невялікага народу, а ў даўнія часы ён быў яшчэ меншым, сёньня выглядае недарэчным. Так, гэта дапамагло літоўцам у свой час. І яны цяпер маюць, зразумела, невялікую, але незалежную дзяржаву. Сваю, літоўскую.
Калі ў Менску дзяржаўны герб Пагоня быў забаронены, у Вільні маглі адкаркоўваць шампанскае. Рэжым дзейнічаў, маючы свае мэты, адначасова на руку літоўцам. Герой зь «Віленскага покеру», Марцін Пошка, марыў стварыць Вялікі музэй Літвы. Такі музэй быў створаны ў адбудаваным у Вільні палацы Вялікіх князёў літоўскіх. Я там быў і не знайшоў ні слова пра беларусаў. Гісторыя ВКЛ разглядаецца выключна як гісторыя літоўцаў.
Аднак у хуткай пэрспэктыве стала выразна ясна: слабая Беларусь аказалася ня толькі нявыгаднай для літоўцаў, але і небясьпечнай. Калі ў суседзяў за Пагоню — суд і турма, гэта дрэнна таксама і для літоўцаў. Невыпадкова ў апошні час Вільня насычаецца зноў беларускім духам, самімі беларусамі, продкі якіх таксама стваралі гэты горад.
Цікава, ці заўважыў бы гэта сёньня Рычард Гавяліс, ці зрабіў бы выгляд, што гэтага няма?
Працытую апошні раз пераклад: «Літва загінула тады, калі пусьціла першых пяць расейскіх вайскоўцаў, калі Вільня, дзякуючы бескарысьліваму бацьку народаў Сталіну, заехала ў Літву як вялізны Траянскі конь». Літоўцы змаглі паставіць гэтага каня ў сваё стойла, у гэтым урок.
Літоўскіх урокаў хапае. Адзін з герояў «Віленскага покеру» — Марцін Пошка. Прозьвішча невыпадковае. Цікава, ці было вядома раманісту, што ў ХІХ стагодзьдзі сярод пачынальнікаў літоўскага руху былі таксама беларусы, часьцей за ўсё ўніяты? Яны пры гэтым мянялі прозьвішчы. У літоўскі лягер перайшлі Станевіч, які стаў Станевічусам, Пашкевіч, які стаў называць сябе Пошка, а Драздоўскі — Страздасам. Мікалай Акелевіч стаў Акелайцісам, хаця абяцаўся напісаць кніжкі па-беларуску. Не дачакаліся. Літоўская ідэя на той час аказалася мацнейшай.
Нельга не сказаць пра сам пераклад. Пра тэндэнцыі. Пісьменьнікі арыентуюцца на тое, як пішуць. Перакладчыкі маюць асобную пазыцыю. Заўважаецца тэндэнцыя перакладаць так, як ня пішуць. Перакладчыкі часам быццам не бяруць пад увагу наяўнасьць кніг беларускіх пісьменьнікаў. Тэндэнцыя рабіць усё па-свойму. Да чаго гэта вядзе? Што ў кожнай перакладзенай кнізе пад вокладкай будзе свая мова.
Перакладчыца стварыла свой сьвет. Пашырыла магчымасьці мовы. І гэта выдатна. Разам з тым, што мяне як чытача і як пісьменьніка засмучае, перашкаджае чытаць такія рэчы? Пэўнае самавольства. У адных выпадках канчаткі слоў замяняюцца чамусьці на расейскія. Або ўстойлівыя выразы. Скажам, зьехаць з глузду тут — сысьці з глузду, на расейскі лад. А ўзяць словы лэб, пагурак, людзіна. Ну што гэта? А дзіўная жывота? Дзяўчыны, жанчыны ў перакладчыцы ўсе з пазурамі. А што за горад Балонь? Для чаго ў сучасным рамане пісаць — Балонь?
Мова — гэта адказнасьць. Яна ня можа быць асабістым кветнікам. Пачуцьцё меры, стрыманасьць, усьведамленьне мэтазгоднасьці — гэта важна. Такія высновы выклікаюць некаторыя цяперашнія пераклады. Нельга забываць: у кніг на беларускай мове чытачоў ня так многа. Для большасьці прасьцей было б узяць расейскі пераклад. Разам з тым перакласьці «Віленскі покер», канечне, было вялікай працай. Я б ня ўзяўся, хаця вывучаў літоўскую ў школе.
(Заўвага: па-літоўску прозьвішча аўтара «Віленскага покера» гучыць Рычардас Гавяліс. — РС)
«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.