У Дзяржаўным літаратурным музэі Янкі Купалы ў Менску адкрылася выстава «Крывіцкая Мэкка». Выстава прымеркаваная да юбілейнай даты — 110 гадоў пераезду Купалы ў Вільню. Свабода выбрала 17 унікальных экспанатаў пра беларускую Вільню.
«Калі вы зойдзеце ў турыстычны цэнтар у Вільні, пабачыце буклеты „Вільня польская“, „Вільня расейская“, а вось буклету „Вільня беларуская“ вы не пабачыце. У першую чаргу гэта праз нашу сьціпласьць, непрынцыповасьць і вельмі часта абыякавасьць, — апавядае пра ідэю выставы навуковы супрацоўнік музэю Павал Каралёў. — Вільня і Менск былі двума цэнтрамі, дзе спачатку гуртаваўся рэвалюцыйны рух. Але ў рэшце рэшт браты Луцкевічы пераяжджаюць у Вільню, адмаўляюцца ад рэвалюцыйнага падыходу і больш гуртуюцца вакол культурніцкай справы».
1. Рукапісы зборнікаў «Паўлінка», «Сон на кургане» і «Шляхам жыцьця»
Уваходзяць у сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусі. У музэі выстаўляюцца рэдка.
Цудам захаваліся. У 1910-я гады Купала аддаў тры рукапісныя зборнікі на захоўваньне Кляўдыюшу Дуж-Душэўскаму, які перадаў іх у музэй імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Яны ацалелі дзякуючы таму, што не захоўваліся ў Янкі Купалы дома і на лецішчы (дом і лецішча згарэлі).
2. Выявы сплаву па Вязынцы
Рэдкія здымкі паказваюць, як сплаўляліся па рацэ Вязынцы на каяках ад сядзібы ў маёнтку Кальзьберг каля Радашкавічаў і далей па Вяльлі ажно да Вільні.
3. Фатаздымкі Барыса Даніловіча і Аляізы Пашкевічанкі
Янка Купала пачаў працу ў бібліятэцы «Веды» Барыса Даніловіча. Ён пазнаёміўся ў Вільні з Аляізай Пашкевічанкай (літаратурны псэўданім Цётка), і яны сталі добрымі прыяцелямі. Дарэчы, толькі яна магла зацягнуць яго ў танец.
4. Газэта «Гоман» нечаканага году выданьня
Усе мы ведаем са школы пра «Гомон» — падпольнае «соціально-революціонное обозреніе», якое беларускія студэнты — сацыяльныя радыкалы выпускалі па-расейску ў Пецярбурзе ў 1884 г. Іншы «Homan», ужо беларускамоўны і незалежніцкі, пад рэдакцыяй Вацлава Ластоўскага выходзіў у Вільні ў 1916–1918 годзе. А на выставе бачым містыфікацыю нумару газэты 1906 году, зробленую ў 1983 годзе менскімі мастакамі (Яўген Кулік зь сябрамі).
5. Адзін з нумароў «Нашай Нівы»
Гэты экзэмпляр 1911 году пабачыў сьвет у прыватнай друкарні Марціна Кухты ў Вільні.
6. Стэнд «Дарога на Вільню»
Важны для Янкі Купалы шлях. Пачатак — ад вёскі Сёмкава, дзе паэт працаваў на вінакурні. У Радашкавічах — касьцёл, дзе хрысьцілі Купалу.
Дарога ідзе праз Маладэчна — на стэндзе можна пабачыць герб гораду. Далей шлях збочвае да Смаргоняў і Ашмяны на Рукойні, дзе хрысьцілі Францішака Багушэвіча. У рэшце рэшт маршрут сканчаецца ў Вільні.
7. Рэдкія здымкі Вільні з калекцыі Ірыны Ніжанкоўскай
Здымкі з прыватнай калекцыі Ірыны Ніжанкоўскай — стрыечнай унучкі Аляксандра Ўласава — фактычна не выстаўляліся. У калекцыі альбом з Замкавай гарой, фатаграфіі маці Ірыны — Веры Ніжанкоўскай, першай жонкі Браніслава Тарашкевіча. На выяве яна з фотаапаратам Flexaret, які падарыў ёй брат Андрэй.
8. Кніга «Раскіданае гняздо»
Паводле зьвестак Леанілы Чарняўскай, жонкі Максіма Гарэцкага, у 1920 годзе Янка Купала прыехаў да іх у беларускую гімназію. Студэнты ставілі ўрыўкі з «Раскіданага гнязда», верагодна, паводле акурат гэтай кнігі, выдадзенай у Вільні ў 1919 годзе.
9. Афіша. Вуліца Віленская
Вуліца, дзе сама больш беларускіх адрасоў у Вільні. Тут і рэдакцыя «Нашай Нівы», і першы адрас Янкі Купалы ў Вільні, і кватэра Браніслава Тарашкевіча.
10. Малюнак будынку рэдакцыі газэты «Наша Ніва»
Малюнак Барыса Малкіна. На ім выяўлены ўнутраны дворык рэдакцыі на Віленскай вуліцы. Тады рэдактарам быў Янка Купала.
11. Фота сьвяткаваньня 15-годзьдзя творчай дзейнасьці Купалы
1920 год. Хоць сьвята было ў Менску, здымак захоўваўся ў Вільні. Фота цікавае тым, што большасьць людзей на здымку не ідэнтыфікаваныя. Можна распазнаць Купалу з жонкай, Браніслава Тарашкевіча, Алеся Гаруна, Аляксандра Ўласава, Язэпа Лёсіка. На здымку пячатка музэю імя Івана Луцкевіча.
12. Аўтографы Янкі Купалы
Ці не ўпершыню разам сабраныя віленскія аўтографы, на якіх падпісана: «Вільня». У адным месцы можна пабачыць арыгіналы аўтографаў Янкі Купалы.
Зборнік «Шляхам жыцьця» мы разгарнулі на старонцы віленскага верша «Даўгажданная», напісаным у Вільні ў 1909 годзе.
13. Фота беларускіх дзеячоў у музэі імя Івана Луцкевіча
Фота зроблена ў 1941 годзе, да пачатку савецка-нямецкай вайны.
14. Кніжка для чытаньня «Родны край»
Адна зь першых дзіцячых чытанак, уклала яе Леаніла Чарняўская, жонка Гарэцкага.
15. Здымак Уладзіславы Станкевіч і Часлава Родзевіча
Паводле ўспамінаў іншых асобаў, будучая жонка Янкі Купалы сустракалася з Чаславам Родзевічам. Можна лічыць, што Купала адбіў Уладзю Станкевічанку ад Часлава. У гэтым кантэксьце Паўліна Мядзёлка ўзгадвала: «Сустракаліся мы з аднымі, кахалі другіх, а жаніліся на трэціх».
16. Надрукаваны верш Уладзіславы Станкевічанкі
Уладзіслава Станкевічанка, жонка Купалы, пісала вершы і друкавала іх. У адказ на яе друкаваныя вершы Купала пісаў ёй звароты і прысьвячэньні. Можна нават пабачыць паэтычны дыялёг.
17. Верш «А ты, сіраціна, жыві...»
Купала лічыў сябе сіратою, хоць у яго была маці. Тэма сіроцтва скразная ў ягонай творчасьці. У пэўны час ён, юнак, які хацеў пісаць вершы, сышоў з дому. Маці не дала яму ні грошай, ні харчу, бо думала, што ён хутка вернецца. Але гэта быў Янка Купала. Ён пайшоў працаваць на бровар і не вярнуўся ў бацькоўскі дом.
18. Карціна Міхаіла Савіцкага «Віленскія сустрэчы»
Выстаўляецца першы раз за апошнія пяць гадоў. Карціна нагадвае «Тайную вячэру»: тая ж колькасьць пэрсанажаў і, магчыма, аналягічны сюжэт. Пасярэдзіне пад партрэтамі расейскіх клясыкаў Пушкіна і Лермантава — Купала, а вакол яго, нібы апосталы, дзеячы культуры. Тут ёсьць Валерый Брусаў, Мікалоюс Чурлёніс, Стасіс Шымкус, Уладзіслава Станкевічанка, Аляізія Пашкевічанка, Зьмітрок Бядуля, Ядвігін Ш. Замест прычасьця — кніга.
Некаторыя постаці непазнавальныя. Можна толькі здагадвацца, хто ёсьць хто на гэтай карціне.
Наведаць выставу можна да 29 верасьня.