Мы жылі ў даволі вялікім літоўскім горадзе. У маім альбоме былі даваенныя маркі з «Пагоняй». Мама выкладала ў школе гісторыю, і я аднойчы запытаўся, што яна думае пра ЛітБел?
Яна адказала, што ёй гэты пэрыяд не зусім даспадобы. Яна бачыла перш, што мы зь літоўцамі даволі розныя.
Дый усё астатняе было шытае белымі ніткамі, што датычыць самога ЛітБелу. Беларусы былі, як выглядала, на птушыных правах. Кіравалі іншыя. Створаны быў у Вільні. Літовец узначальваў, хаця большасьць тэрыторыі была беларускай. Падобна як калісьці ў тым жа ВКЛ. І лягічным было б назваць рэспубліку БелЛіт. Больш за тое: беларуская мова нават ня мела правоў афіцыйнай. Бальшавікі нібы пазьдзекаваліся з нядаўніх спадзяваньняў часткі нашых нацыянальных дзеячоў на супольную зь літоўцамі дзяржаўнасьць.
Ня думаю, што я адзін такі: чытаеш пра БНР, думаеш, і штосьці муляе. Што? Няўцямныя адносіны зь літоўцамі. І патрэбны час, каб да канца ўсё ўсьвядоміць, разабрацца для сябе нарэшце. Што гэта было, чаму і навошта? Упартыя спробы рабіць разам зь імі. І поўная няўдача. З хаўрусу нічога не атрымалася.
Больш за тое: усьведамляеш, што мы былі на другіх менавіта ролях, у пэўных сэнсе як просьбіты. Мы дамагаліся літоўскай дружбы. Мы, большыя за літоўцаў даволі значна. Гэта нейк прыніжае.
І калі 16 лютага 1918 году было абвешчана аб незалежнасьці Літоўскай Рэспублікі, у беларускім лягеры быў пэўны шок. Няхай не ва ўсіх, але частка дзеячоў успрыняла навіну нібы як удар нажом у сьпіну. Тое, дзеля чаго яны рабілі высілкі, стала немагчымым. Літоўцы рашуча «адкалоліся». Мы ім былі цяжарам. Не хацелі, каб мы іх выкарысталі.
БНР атрымалася ў пэўным сэнсе ў выніку зьбегу акалічнасьцяў. Як выглядае з адлегласьці часу. Нашы дзеячы да канца спадзяваліся на беларуска-літоўскае пагадненьне, што будуць разам зь літоўцамі. Чаму спадзяваліся? Прафэсар Смалянчук тлумачыць, што літоўскае пытаньне ўжо набыло міжнародны розгалас, яны мелі абгрунтаваныя шанцы на посьпех. Беларускае, можна сказаць, заставалася ўнутраным пытаньнем былой Расейскай імпэрыі. Літоўцы былі ў авангардзе, беларусы — дзесь у канцы калёны, таму нашы «меншыя браты» асабліва не хацелі з намі аб’ядноўвацца. Які сэнс? У чым для іх карысьць? Чым мы маглі іх узмацніць? Нічым.
Сытуацыя маральна выглядае пройгрышнай, калі народ большы спрабуе падладзіцца пад меншы, які, аднак, мацнейшы. Палітычна і нацыянальна. Літоўцаў ня трэба было агітаваць быць літоўцамі, любіць родную мову. Адсюль — і дамагацца самастойнасьці.
Беларусы так упарта стараліся трымацца суседзяў, бо хацелі выкарыстаць у сваіх інтарэсах. Нашы дзеячы мелі спадзеў, што літоўскі «лякаматыў», які рушыць наперад, зможа пацягнуць за сабой яшчэ і беларускія «вагоны». Літоўцы разумелі: калі пагадзіцца на супольную дзяржаву, беларусы ў ёй будуць у большасьці. А гэта — пагроза. Для літоўскіх інтарэсаў. Нашы суседзі былі рэалістамі. Ня кажучы — літоўцаў насьцярожвалі прамаскоўскія, бальшавіцкія сымпатыі, што існавалі ў беларускім руху.
Дык чым жа была з нашага боку зацятая мара пра хаўрус? Напалову гістарычны рамантызм (аднавіць у новай форме ВКЛ), напалову вымушаны палітычны разьлік. У нас не было сілы. А ў літоўцаў была. Нашы дзеячы да апошняга спрабавалі разыграць літоўскую карту, не хацелі ад яе адмаўляцца. Вільня, 25 студзеня 1918 году. Беларуская канфэрэнцыя: спроба паяднаць розныя палітычныя колы, хто мог падтрымаць ідэю беларуска-літоўскай дзяржаўнасьці. Разам — да незалежнасьці! Пра БНР мовы не было.
Чакалі да апошняга. Толькі пасьля абвяшчэньня літоўцамі незалежнасьці ў Менску была прынятая Першая статутная грамата. Гэта здарылася 21 лютага. Выканкам Рады Ўсебеларускага зьезду абвяшчаў, што ўся ўлада пераходзіць да яе. І што ствараецца Народны сакратарыят. 9 сакавіка прынялі Другую статутную. Але заставаліся яшчэ хіба рэшткі спадзяваньняў на літоўцаў, на супольны лёс.
25 сакавіка стала зразумела, што надзеі на Літву больш быць ня можа. І трэба сядаць у цягнік нарэшце, каб не спазьніцца зусім. Соль пытаньня: мы былі літоўцам не патрэбныя, яны былі патрэбныя нам.
Ну, а Масква пазьней прыдумала той ЛітБел, рэспубліку на час. Далёкую ад беларуска-літоўскай ідыліі.
Нам было наканавана надалей жыць асобна. Кожнаму — сваім розумам. І хіба што літоўцы мелі рацыю, наўрад ці што ў іх з намі атрымалася б. Калі ў БНР нават не змаглі паміж сабою дамовіцца дзеячы.
А ўявіць сабе: сто год таму ўсё пайшло іначай, сапраўды створана новае ВКЛ. І што? У сойме на дзесяць дэпутатаў восем — беларускія. Хоць локці кусай літоўцам… Не, так не бывае.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.