Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі паказалі пасьведчаньне аб сьмерці палітвязьня Ашурка ў шклоўскай турме, СК апублікаваў відэа з камэры

абноўлена

Палітвязень Вітольд Ашурак, архіўнае фота
Палітвязень Вітольд Ашурак, архіўнае фота

25 траўня сваякі Вітольда Ашурка атрымалі пасьведчаньне аб ягонай сьмерці.

У дакумэнце адзначана, што непасрэдная прычына сьмерці высьвятляецца. Код R99 паводле Міжнароднай клясыфікацыі захворваньняў азначае «Іншыя недакладна вызначаныя і неўдакладненыя прычыны сьмерці».

Сёньня ж брату Вітольда Ашурка Андрэю аддалі ў Шклове цела памерлага. Сяброўка сям’і Вольга Быкоўская расказала «Белсату», што ў Вітольда «забінтаваная галава ад макаўкі да носа, відаць толькі рот».

Цела Ашурка яшчэ ў Шклове пераапранулі ў касьцюм, адразу паклалі ў труну, якую сваякі прывезьлі з сабой. Апрача перабінтаванай галавы, у Вітольда відаць падрапаныя рукі. Чаму галава перавязаная, пакуль невядома.

Сьледчы камітэт апублікаваў у інтэрнэце мантаванае відэа са шклоўскай калёніі № 17, на якім відаць чалавека, які двойчы падае. Ён апрануты ў робу з надпісам «ШИЗО», што расшыфроўваецца як «штрафны ізалятар». Пасьля першага падзеньня, каля прыбіральні, яму надалі мэдычную дапамогу. Пасьля другога выпадку ў камэру штрафнога ізалятару прыбеглі супрацоўнікі калёніі.

Відэазапіс зроблены з камэры, якая знаходзіцца на вышыні. Адназначна на відэа ня бачна, ці сапраўды чалавек у робе — Вітольд Ашурак.

Палітвязень Вітольд Ашурак нечакана памёр у калёніі 21 траўня. Сваякам сказалі, што ў яго спынілася сэрца. Жонка Вітольда Ашурка сказала журналістам, што муж раней ніколі ня меў праблемаў з сэрцам.

Пахаваньне Ашурка адбудзецца ў Бярозаўцы ў сераду 26 траўня. З 9-й гадзіны раніцы з памерлым можна будзе разьвітацца ў будынку Дома быту (Наваградзкая вуліца, 8). А 14-й у бярозаўскім касьцёле пройдзе імша. Пасьля яе Вітольда Ашурка пахаваюць на гарадзкіх могілках.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG