Першым акцыю «Колер супраць цемры» абвясьціла Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва (НАК). Яно апублікавала відэаролік з заклікам далучацца.
«Ужо год белы колер сымбалізуе барацьбу беларускага народу за свабоду, праўду і справядлівасьць. Мы пазначалі сябе белымі бранзалетамі на руках і аркушамі белай паперы на вокнах. Мы выходзілі на вуліцы ў белай вопратцы і зь белымі букетамі, каб спыніць гвалт і беззаконьне. Белы стаў нашым колерам, колерам прыхільнікаў пераменаў. Прыйшоў час вярнуць белы колер у нашы гарады і навінавыя стужкі, запоўніць ім усё навокал і разагнаць змрок, якім спрабуе агарнуць нас рэжым»,— гаворыцца ў закліку.
Пра акцыю на ўласным сайце расказаў і штаб Сьвятланы Ціханоўскай. Там заклікалі як апранаць белае, так і распаўсюджваць «флэшмоб» у сацыяльных сетках, каб сьвет пабачыў, наколькі шмат беларусаў усё яшчэ жадаюць пераменаў.