Ціханоўская заклікала заклікала фэдэральнага пракурора Пітэра Франка пачаць крымінальную справу, у якой нямецкія адвакаты падалі заявы супраць Лукашэнкі і прадстаўнікоў рэжыму ў інтарэсах дзесяці беларусаў, пацярпелых ад гвалту з боку рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі.
Улічваючы эскаляцыю рэпрэсій у Беларусі, а таксама перасьлед журналістаў і блякаваньне сайту Tut.by, Ціханоўская просіць фэдэральнага пракурора распачаць усе магчымыя крокі для прыцягненьня вінаватых да адказнасьці.
«Завядзеньне такой справы дазволіць паказаць беларусам, што нават ва ўмовах беззаконьня ў краіне іх абараняе міжнароднае права», — паведамляе прэсавая служба Ціханоўскай.
Днямі ў Генэральную пракуратуру Нямеччыны чатыры адвакаты ад імя дзесяці беларусаў падалі заяву ў рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі аб учыненых Лукашэнкам «злачынствах супраць чалавечнасьці». Гэта прадугледжвае магчымасьць пачынаць крымінальныя справы ў іншых дзяржавах, незалежна ад тэрыторыі злачынства і таго, кім яны зьдзейсненыя.
Іншымі словамі, праз унівэрсальную юрысдыкцыю магчыма прыцягваць да крымінальнай адказнасьці за злачынствы, забароненыя міжнародным правам, у тым лiку ў іншых дзяржавах.