Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цэлыя аддзелы не падпісалі ліст афіцыйных прафсаюзаў». Як з Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі звальняюць за палітыку


Нацыянальны цэнтар прававой інфармацыі. Ілюстрацыйны здымак
Нацыянальны цэнтар прававой інфармацыі. Ілюстрацыйны здымак

Апошні месяц у НЦПІ, які падпарадкоўваецца Адміністрацыі прэзыдэнта, праходзяць палітычныя чысткі. Працу страцілі ўжо 15 чалавек, і гэта далёка не канец.

Гэтая інфармацыя была атрыманая з «Пражэктара рэгіёнаў» Офіса Сьвятланы Ціханоўскай.

Пра тое, як там рэпрэсуюць іншадумцаў, Свабодзе расказалі дзейныя і звольненыя дзяржаўныя службоўцы і супрацоўнікі НЦПІ. Рэдакцыя ведае іх сапраўдныя імёны, пасады і мае здымкі працоўных пасьведчаньняў.

Нацыянальны цэнтар прававой інфармацыі займаецца зборам, апрацоўкай і распаўсюдам прававых актаў. Менавіта пасьля публікацыі цэнтрам дакумэнту на партале pravo.by ён і набывае законную моц. Функцыя НЦПІ — якраз абслугоўваць гэты партал.

«Дырэктар казаў, што мы служым прэзыдэнту»

У красавіку, як расказвае Вольга, у цэнтры нечакана празь дзень або два пачаліся незразумелыя звальненьні.

«Спачатку былі чуткі, што 15 чалавек мусяць звольніць. Выклікалі нават дзяўчыну, якой яшчэ месяц заставаўся ў дэкрэце. І звольнілі. Яна расказала потым, што падпісвалася за Бабарыку, і так мы зразумелі, што пайшлі палітычныя чысткі. Але яны шукалі любую фармальную зачэпку, каб было ўсё законна. Гэта ж Адміністрацыя прэзыдэнта. Уявіце, што будзе, калі яшчэ і яна пачне бунтаваць», — кажа супрацоўніца НЦПІ.

Начальнікі аддзелаў, паводле яе, самі былі ў шоку ад такіх дзеяньняў кіраўніцтва. Усе звольненыя гадамі працавалі ў цэнтры, і начальства ніколі ня мела да іх пытаньняў або прэтэнзій.

«Дырэктар выклікаў людзей і казаў, што нібыта на іх паступіла нейкая папера з Адміністрацыі, і маўляў, вашыя погляды не супадаюць з нашымі падыходамі, а мы служым аднаму прэзыдэнту, Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку. Прапаноўваў напісаць заяву па ўласным жаданьні». — расказвае Вольга.

«Скандаліць і трымацца за гэтую працу пасьля ўсяго, што сталася, ня бачыў сэнсу»

Адзін са звольненых спэцыялістаў — Мікалай (рэдакцыя ведае яго сапраўднае імя. — РС). Прычын, зь якіх Мікалая звольнілі, яму ніхто не патлумачыў. Падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў падчас выбарчай кампаніі ён не пасьпеў, пасьля выбараў не сядзеў на сутках, нават не затрымліваўся.

«Калі б я падпісаўся за Бабарыку ці Ціханоўскую, то ведаў бы, за што звольнілі. Але я не падпісваўся. Прызнаюся, тады я яшчэ ня верыў, што нешта можа ў краіне зьмяніцца. У мяне ў вакне нейкі час вісеў бел-чырвона-белы сьцяг, але ня ведаю, ці яны пра такое маглі ведаць. Я таксама катэгарычна адмовіўся ўдзельнічаць у першым праўладным мітынгу, на якім выступаў Лукашэнка. Можа, і за гэта маглі затаіць крыўду. Тады, 16 жніўня, я пайшоў на свой мітынг, на бел-чырвона-белы. Магчыма, яны праверылі, дзе ў выходныя дні, калі былі маршы, знаходзіўся мой тэлефон. А я летам і ўвосень па нядзелях „гуляў“ па Менску».

Нягледзячы на тое, што афіцыйна Нацыянальны цэнтар прававой інфармацыі падпарадкоўваецца Адміністрацыі прэзыдэнта, Мікалай кажа, што ніколі не галасаваў за дзейную ўладу і не падтрымліваў яе. Калі і хадзіў раней на выбары, то стараўся рваць бюлетэнь на дзьве часткі, каб паказаць дзецям дома, што ягоны голас ня скралі. Сваю працу ён заўсёды лічыў важнай, бо яна ня мела ніякага дачыненьня да рэпрэсій ці да парушэньня Канстытуцыі.

«Само існаваньне нашага цэнтру ня мела палітычнай падаплёкі. Але скандаліць і трымацца за гэтую працу, хоць я і няблага зарабляў, ужо не хацелася. Ня бачыў сэнсу пасьля ўсяго, што сталася. Я першы дзень пасьля выбараў плакаў, калі ехаў на працу. Сядзіш, спрабуеш прабіцца праз блякаду інтэрнэту, каб хоць нешта даведацца. А яны ж у цэнтры, як я цяпер разумею, цудоўна ведалі, колькі дзён ня будзе сувязі. У нас былі заплянаваныя ютуб-канфэрэнцыі на чацьвёрты дзень пасьля выбараў. Уявіце, тры дні ў краіне няма інтэрнэту, а яны там спакойна ходзяць, усё плянуюць на чацьвер, ніхто не хвалюецца, нічога не адмяняюць. Іх, пэўна, папярэдзілі, што інтэрнэту ня будзе тры дні. Я з таго часу моцна схуднеў, не магу па начах спаць».

«Цэлыя аддзелы не падпісалі ліст афіцыйных прафсаюзаў»

Мікалай кажа, што ня верыў у магчымасьць нейкіх зьменаў ажно да дня выбараў, калі пабачыў на ўчастку амаль усіх сваіх суседзяў са 100-кватэрнага дому.

«Былі чэргі, камісіі не хапала бюлетэняў. Мяне гэта моцна натхніла. Нават назіральнікі дзівіліся, што калі 40% прыйшлі афіцыйна датэрмінова, то з днём выбараў будзе разам 140%. Увечары мы пайшлі на ўчастак. Нас разагналі зь міліцыяй і АМАПам, а настаўнікаў з камісіі выводзілі ў аўтобус пад канвоем. Сумневы, што нешта будзе, былі і пасьля першага дня. Але калі і пасьля першага разгону людзі ўсё роўна выйшлі, то стала зразумела — нешта зьмянілася. І мы таксама далучыліся. Мая жонка была ў «ланцугах салідарнасьці», я хадзіў на нядзельныя маршы».

Як даведалася Свабода, хоць НЦПІ і структура Адміністрацыі прэзыдэнта, некалькі дзяржаўных службоўцаў падпісалі там ліст, які ініцыяваў Павал Латушка. А шмат людзей не падпісалі ліст афіцыйных прафсаюзаў супраць санкцыяў.

«Здавалася б, Адміністрацыя прэзыдэнта, але іх не змаглі прымусіць. Але пагрозамі і дробным шантажом спрабавалі націснуць. І цяпер тыя, хто не падпісаў таго ліста, чакаюць, што іх таксама могуць звольніць. А ў нас жа цэлымі аддзеламі не падпісвалі гэтыя лісты. Хоць мы і не завод, але ўсіх у адзін момант яны звольніць ня могуць, нехта мусіць працаваць. Але кропкава, па чалавеку з аддзелу, звальняюць. Вядома, што плянуюцца чарговыя звальненьні», — расказвае Свабодзе іншы звольнены з Нацыянальнага цэнтру прававой інфармацыі.

Паводле яго, адкрытых праціўнікаў улады ў цэнтры — каля 30% супрацоўнікаў. Сярод іх ёсьць і начальнікі аддзелаў. Недзе 10% могуць шчыра са сьцягамі пайсьці на праўладны мітынг. А рэшта — пасіўныя людзі, якія будуць «сядзець і чагосьці чакаць».

«А начальства паставіла сабе ўстаноўку: „Нічога ня бачу, нічога ня чую“. Але ўсё яны цудоўна разумеюць, яны ж адукаваныя людзі. Яны сябе прадалі ня толькі за грошы, але і за статус. У нас у цэнтры ўвялі сыстэму кантролю доступу, калі па картках адбіваецца прыход і сыход з працы. Зразумела, што дырэктарам і намесьнікам трэба часам выходзіць на нейкія нарады, і яны таксама мусяць адбіваць картку. Зрэшты, ніхто б яго не лічыў, выйшаў ты пазьней ці раней. Але не, яны выходзяць, і ахоўнік ім адчыняе браму. Ім трэба паказаць, што ў іх статус. Вы, маўляў, халопы, хадзіце праз сыстэму, а мы нават картку адбіваць ня будзем, каб нас ніхто не кантраляваў», — расказвае мужчына.

Менск, 16 жніўня 2020 году
Менск, 16 жніўня 2020 году

«Ідэю, за якую яны выходзілі, ніякімі палкамі з галавы ня выб’еш»

Звольнены нядаўна Мікалай пакуль ня ведае, чым будзе займацца і як зарабляць на жыцьцё, каб пракарміць сям’ю. Але спадзяецца, што, пабачыўшы такую хвалю салідарнасьці беларусаў зь мінулага лета, з голаду не памрэ.

«Цяпер беларус беларусу беларус, у добрым сэнсе. Сьвет повен добрых людзей, а тым больш беларусаў... Нешта будзе. Пасту ў тубік ужо не запхнеш. Я ў 1996 годзе быў на Чарнобыльскім шляху, спачуваў людзям у 2010-м. Людзей тады было шмат, але цяпер гэта іншы сьвет. Беларусь моцна зьмянілася, і гэтага не спыніць. Хтосьці кажа, што пратэсты зьдзьмуліся. Дык і ў 1943 годзе можна было выйсьці ў цэнтар Менску і спытаць: дык а дзе вашыя партызаны, чаму ж ніхто не супраціўляецца? Нельга ісьці супраць кулямёта зь вінтоўкай. Хто быў на мітынгах улетку і ўвосень, бачыў гэтыя сотні тысяч людзей, мільёны за ўвесь час, і ніколі не паверыць, што беларусы могуць здацца. Гэтае адчуваньне, калі ты сярод сваіх людзей, разумных і прыгожых, якія жадаюць перамен, словамі нельга перадаць. Людзей можна на некаторы час пасадзіць, але ідэю, за якую яны выходзілі, ніякімі палкамі з галавы ня выб’еш».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG