На наступны дзень пасьля першай гадавіны сьмерці мужа Юлію Чарняўскую, вядомую пісьменьніцу і культуроляга, скралі. Апошні раз яе бачылі пад канвоем у прыёмным аддзяленьні першага шпіталя. Ад шпіталізацыі яна быццам бы адмовілася. Што было далей, і дзе яна цяпер – невядома. Але відавочна, што ўсё гэта зьвязана з атакай на Tut.by, заснавальнікам якога быў муж Юліі Юры Зісер.
Самыя папулярныя вэрсіі зьнікненьня Юліі – гэта СІЗА КДБ і таемны выезд за мяжу, але ў любым выпадку з улікам грамадзкага рэзанансу сілавікі даўно ўжо мусілі зрабіць заяву – альбо пацьвердзіць затрыманьне і ўтрыманьне, альбо абвергнуць яго. Я не спадзяюся на гуманнасьць зь іхняга боку, але такія паводзіны былі б хаця б лягічнымі і зьнізілі ўзровень нянавісьці ў грамадзтве. Калі б КДБ, МУС, Генэральная пракуратура ці хто заўгодна яшчэ афіцыйна пацьвердзілі затрыманьне Юліі Чарняўскай, людзі б ненавідзелі іх толькі за само гэтае затрыманьне, але цяпер злосьць выклікана яшчэ і тым, што сям’ю Юліі катуюць невядомасьцю.
Зусім немаладая маці пісьменьніцы вымушана быць у няведаньні, і дачка, якая жыве ў Ізраілі і чый горад яшчэ нядаўна быў пад абстрэлам, таксама. Улады шмат агіднага нарабілі за апошнія дні, але гэтае выкраданьне Юліі Чарняўскай выглядае найбольш злачынным і бесчалавечным.
І, заўважце, як хутка зьнікае рыторыка пра абарону жанчын і права людзей на спакойнае жыцьцё! Як толькі ўлады адносяць кагосьці да «чужых», гэты чалавек аўтаматычна пазбаўляецца большасьці прапісаных і тым больш непісаных правоў. Дзяржава радасна вылучае жанчын у асобную катэгорыю, вартую дадатковых клопату і абароны, калі падзяляе ў школе дзяўчынак і хлопчыкаў на ўроках працы, забараняе ці абмяжоўвае прыём дзяўчат на пэўныя спэцыяльнасьці ва унівэрсытэты і стварае сьпіс забароненых для жанчын прафэсій. Але яна вельмі хутка забывае пра гэта, калі жанчына аказваецца палітычна «няправільнай». У такой сытуацыі жанчыну пазбаўляюць ня толькі «дадатковага клопату», але правоў чалавека ў прынцыпе.
Тое ж самае адбываецца і са стаўленьнем да людзей з інваліднасьцю. Усе палымяныя прамовы пра сацыяльныя гарантыі, дапамогу і клопат зьнікаюць, калі чалавек з інваліднасьцю заадно аказваецца чалавекам з выразнай грамадзянскай пазыцыяй.
Гэта такі антыдыскрымінацыйны падыход па-беларуску – улады парушаюць правы чалавека і пазбаўляюць гуманнага стаўленьня ўсіх без разбору, не вылучаючы пры гэтым нікога паводле полу, узросту, колеру скуры ці стану здароўя. Вельмі нагадвае падыход «калі жанчыны хочуць аднолькавых з мужчынамі правоў, хай будуць гатовыя, што і біць іх у падваротнях будуць так жа сама». Варыянт «ня біць» маргіналамі не разглядаецца так жа сама, як варыянт «не парушаць правы чалавека і не катаваць» не разглядаецца сілавікамі ў цяперашняй Беларусі.
Але мы будзе дзяўбсьці, дзяўбсьці і дзяўбсьці: дзе Юлія Чарняўская?
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.