Паводле стану на 19 траўня, каранавірусам заразіліся больш як 165 мільёнаў жыхароў плянэты. Больш за 3,4 мільёна чалавек памерлі з пацьверджаным дыягназам COVID-19. Ачунялі звыш 144 мільёнаў пацыентаў.
У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак, на 19 траўня захварэлі больш як 379 тысячаў чалавек, памерлі — 2 721, а больш як 369 тысяч паправіліся і выпісаліся.
Незалежныя экспэрты ставяць пад сумнеў афіцыйную статыстыку ў Беларусі і лічаць, што колькасьць як хворых, гэтак і памерлых істотна заніжаная.
Адным сказам
- Лічба людзей, якія памерлі ў Беларусі ад COVID-19 у 2020, застаецца невядомай, паколькі Белстат зноў адклаў публікацыю інфармацыі аб сьмяротнасьці ў Рэспубліцы Беларусь.
- На форуме «Ахова здароўя Беларусі — 2021» арганізуюць вакцынацыю супраць COVID-19 для ўсіх ахвочых, паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал Міністэрства аховы здароўя.
- У Эстоніі 17 траўня пачынаецца масавая вакцынацыя насельніцтва ва ўзросьце ад 16 гадоў.
- Выканаўчы дырэктар UNICEF Генрыэта Фор заклікала краіны — члены G7 ахвяраваць лішнія дозы вакцыны ад каранавірусу на карысьць праграмы ААН Covax.
- Сутачны прырост інфікаваных каранавірусам ў Індыі склаў 281,3 тысячаў, і ўпершыню амаль за месяц гэты паказьнік апусьціўся ніжэй за адзнаку 300 тысячаў.
- У Францыі ўлады фіксуюць паніжэньне сутачнага прыросту заражэньняў каранавірусам (паводле дадзеных на вечар 16 траўня — 13 948 выпадкаў), а таксама колькасьці сьмяротных зыходаў у пацыентаў з COVID-19 (81) у параўнаньні з папярэднім днём.
ЭЗ дазволіць уезд турыстам, якія прышчапіліся ўхваленымі ў зьвязе вакцынамі ад COVID-19
Сталыя прадстаўнікі Эўразьвязу ўзгаднілі дазвол на ўезд вакцынаваным турыстам з трэціх краінаў, піша Bloomberg.
Гаворка ідзе пра прэпараты, ухваленыя Эўрапейскім агенцтвам лекавых сродкаў (ЕМА). Дазвол таксама могуць распаўсюдзіць на вакцыны, якія Сусьветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) ухваліла да ўжываньня ў экстранных сытуацыях.
Рада ЭЗ плянуе пашырыць пералік краін з добрай эпідэміялягічнай сытуацыяй, грамадзянам якіх таксама будзе дазволена заяжджаць у Эўразьвяз.
Як чакаецца, 25 траўня гэтае пытаньне будзе абмяркоўвацца на саміце кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў ЭЗ.
EMA зарэгістравала чатыры вакцыны для выкарыстаньня ў ЭЗ — AstraZeneca, Pfizer, Moderna і Johnson & Johnson. Гэтыя ж прэпараты ўхваленыя СААЗ. З масавых прэпаратаў чыноўнікі ААН не рэкамэндавалі ніводнай вакцыны з Кітаю ці Расеі.
Масква падала заяўку на рэгістрацыю вакцыны «Спутнік V» у Эўразьвязе 29 студзеня. 27 красавіка кіраўнік расейскага Міністэрства аховы здароўя Міхаіл Мурашка паведаміў, што першы этап інспэкцыі прэпарату завершаны.
Эўразьвяз зачыніў мяжы для грамадзян большасьці трэціх краін у сакавіку 2020 года. Пазьней ЭЗ пачаў паступова аслабляць абмежаваньні. Цяпер паездкі ў эўрапейскія краіны дазволеныя грамадзянам дзяржаў зь нізкім узроўнем распаўсюджваньня каранавірусу: Аўстраліі, Кітаю, Новай Зэляндыі, Руанды, Сынгапуру, Паўднёвай Карэі і Тайлянду.
Паралельна ЭЗ вывучае пытаньне ўвядзеньня COVID-пашпартоў, якія дазволяць грамадзянам перасоўвацца па краінах. Эўракамісія прадставіла праект гэтых дакумэнтаў 17 сакавіка. Меркавалася, што ў сэртыфікаце будуць утрымлівацца дадзеныя пра вакцынацыю, інфармацыя пра перанесены захворваньні і адмоўны тэст на каранавірус. У сярэдзіне красавіка краіны ЭЗ узгаднілі парамэтры COVID-пашпартоў. Дакумэнт мае дзейнічаць ва ўсіх краінах ЭЗ, а таксама ў Ісьляндыі, Ліхтэнштэйне, Нарвэгіі і Швайцарыі, якія ўваходзяць у Шэнгенскую зону.