Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны ў шоку і моцна перапалоханыя». Міліцыя выявіла «экстрэмістаў» сярод глуханямых


Міліцыянты ў Гомлі, архіўнае фота
Міліцыянты ў Гомлі, архіўнае фота

Гомельскія глуханямыя працуюць на прадпрыемстве таварыства глухіх «Віпра». Туды прыйшла міліцыя, бо выявіла, што глуханямыя маюць сваю суполку ў Telegram.

Афіцыйна не паведамлялася пра «разборкі» з інвалідамі па слыху. Свабода даведалася, што здарылася.

Міліцыя апытвала работнікаў унітарнага прадпрыемства «Віпра» Беларускага таварыства глухіх і выносіла папярэджаньні 5 траўня. Пасьля гэтага многія глуханямыя выдалілі на тэлефонах Telegram.

«У нас была ў Telegram свая суполка. І там нехта з глуханямых груба выказваўся пра Лукашэнку. Гэта ўбачыла міліцыя, і да нас прыйшлі. Я быў проста ў шоку! Нас усіх апытвалі. Цяпер я не чытаю яе, там шмат паведамленьняў было, я і раней ня ўсе чытаў», – патлумачыў Свабодзе адзін з работнікаў «Віпры» на ўмовах ананімнасьці.

Другі глуханямы катэгарычна адмовіўся ад камэнтароў. Сяброўка інвалідаў па слыху патлумачыла Свабодзе, што пасьля затрыманьня міліцыяй яе прыяцелі «проста ў шокавым стане, яны страшна напалоханыя».

«Глуханямыя маюць свае асаблівасьці разьвіцьця. Яны ж ня чуюць, могуць толькі чытаць. Большасьць глуханямых ня могуць атрымаць нармальную адукацыю праз свае асаблівасьці, газэтаў яны чытаюць мала, беларуская тэлевізія ня мае ніводнага выпуску навін з сурдаперакладам. Ніякіх перадач для глухіх на тэлевізіі няма. Дзе і як ім атрымліваць інфармацыю? Чыталі, відаць,Telegram. Цяпер страшна баяцца за наступствы», – патлумачыла жыхарка Гомля.

У прыёмнай «Віпры» сказалі, што на прадпрыемства сапраўды прыходзілі сілавікі. Там зазначылі, што «гэта не зьдзівіла, цяпер жа такое па ўсёй краіне».

Перакладчыкі з прадпрыемства сказалі, што ня могуць выдаваць ніякай інфармацыі. Яны запэўнілі, што міліцыя проста праверыла тэлефоны ў глуханямых, апытала іх і папярэдзіла, але нікога не затрымлівала.

Улетку 2020 году ў Гомелі груба затрымалі дваіх глуханямых. За гэты інцыдэнт начальнік абласной міліцыі асабіста прасіў у іх прабачэньня.

Прадпрыемства «Віпра» Беларускага таварыства глухіх займаецца вытворчасьцю запорнай арматуры для вады і газу, кранамі для матацыклаў, вырабамі для аўтамабіляў МАЗ. Цяпер сацыяльна значнае прадпрыемства знаходзіцца ў стане санацыі.

Па стане на 2018 год на прадпрыемстве працавалі каля 350 чалавек, зь якіх 216 – інваліды па слыху. Гэта адзінае прадпрыемства ў Гомлі, дзе глуханямыя могуць атрымаць працу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG