Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З каго складаецца беларускі пратэст?


Менск, 23 жніўня
Менск, 23 жніўня

З такім пытаньнем Свабода зьвярнулася да Аксаны Шэлест, сацыёляга, старшага аналітыка Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі, кіраўніцы праекту «Голас вуліцы».

У межах праекту праводзілася 7 хваляў дасьледаваньняў (мэтадам паўструктураваных інтэрвію і ўключанага назіраньня) менскіх масавых акцыяў з 16 жніўня па 13 верасьня 2020 году.

У сваім аналізе Аксана Шэлест абапіраецца ня толькі на вынікі дасьледаваньня «Голас вуліцы», але і на дадзеныя іншых разнастайных дасьледаваньняў.

Аксана Шэлест
Аксана Шэлест

— Мы сёньня можам абапірацца на дадзеныя цэлага шэрагу дасьледчых праектаў — на нашыя назіраньні і апытаньні ў жніўні-верасьні («Голас вуліцы»), на дадзеныя асобных онлайн-апытаньняў (онлайн-апытаньне Chatham House), на рэгулярныя замеры «Народнага апытаньня», на вынікі дасьледаваньня сваёй аўдыторыі плятформы «Голас». Аднак, нягледзячы на тое, што дасьледаваньняў шмат, яны ўсё маюць свае абмежаваньні, і ніводнае зь іх не рэпрэзэнтатыўнае ні для Беларусі ў цэлым, ні для ўдзельнікаў пратэстаў.

Таму выводзіць нейкія строгія колькасныя характарыстыкі той часткі беларускага грамадзтва, якая сёньня адстойвае сваё права на выбар будучыні і аднаўленьне законнасьці ў краіне, было б непрафэсійна.

Яшчэ адзін фактар, які трэба ўлічваць — гэта працягласьць беларускіх пратэстаў. Мы гаворым не аб разавай акцыі, а аб працэсе, які доўжыцца ўжо амаль паўгода, у якім розныя людзі ў розных формах выказваюць сваю пазыцыю. Розныя сацыяльныя і ўзроставыя групы больш актыўна (ці больш прыкметна) удзельнічаюць на адных этапах, іншыя выходзяць на першы плян на другіх.

У жніўні-пачатку верасьня айцішнікi былі значна больш прыкметныя ў структуры пратэсту; у пачатку верасьня на першы плян выйшлі студэнты, гэта значыць моладзь; са зьяўленьнем такога фармату, як «марш пэнсіянэраў», больш прыкметнымі сталі людзі старэйшага ўзросту і г. д.

Тое, што трэба дакладна разумець пра беларускі пратэст — што гэта не пратэст нейкіх асобных пакаленьняў ці сацыяльных групаў. У актыўнае супрацьстаяньне існаму рэжыму на сёньняшні дзень уключаныя прадстаўнікі ўсіх пакаленьняў, усіх сэктараў, розных прафэсійных супольнасьцяў і сацыяльных слаёў.

Адзін са спосабаў візуалізацыі гэтага разнастайнасьці — гэта «цэхавыя» заявы, пісьмовыя і відэазвароты, адмысловыя акцыі пратэсту тых ці іншых сацыяльных групаў і прафэсійных супольнасьцяў, якія былі вельмі распаўсюджаныя ў жніўні-верасьні 2020 году. Акторы і спартоўцы, IT-індустрыя, навукоўцы і настаўнікі, мэдыкі і будаўнікі, работнікі гандлю і сфэры паслугаў, пэнсіянэры і студэнты ня проста ўдзельнічаюць у пратэставых акцыях, але арганізуюць свае фарматы, з выказваньнем ня толькі грамадзянскай пазыцыі, але і цэхавай прыналежнасьці.

Калі ўсё ж паспрабаваць прааналізаваць дадзеныя некаторых асобных дасьледаваньняў, арыентаваных менавіта на пратэставую частку грамадзтва, кожнае зь якіх не прэтэндуе на рэпрэзэнтатыўнасьць, але мае даволі масавы ахоп (у першую чаргу гэта сыстэматычныя зрэзы праекту «Народны апытаньне», а таксама дадзеныя плятформы «Голас» аб сацыяльна-дэмаграфічным партрэце сваіх падпісантаў), разам з вынікамі ўключанага назіраньня і апытаньняў на акцыях пратэсту ў жніўні-верасні (праект «Голас вуліцы»), дазваляюць сфармуляваць наступныя высновы наконт сацыяльна-дэмаграфічнай структуры пратэсту:

• практычна роўны гендэрны балянс, адсутнасьць прэваляваньня мужчын ці жанчын;

• прэваляваньне, але не дамінаваньне ўзроставай групы 20-45 гадоў; прадстаўленасьць у пратэсьце ўсіх пакаленьняў;

• прэваліяваньне, але не абсалютнае дамінаваньне прыватнага сэктару і новых формаў занятасьці (freelance, самазанятасьці і інш.) над дзяржаўным сэктарам (прадстаўнікі апошняга складаюць прыкладна траціну ўдзельнікаў актыўных формаў пратэсту);

• прыкладна роўны падзел актыўнасьці паміж Менскам і рэгіёнамі (каля 50% актыўнасьці прыпадае на сталіцу);

• прэваляваньне асобаў з вышэйшай адукацыяй.

Яшчэ адной крыніцай дадзеных аб сацыяльна-дэмаграфічных характарыстыках удзельнікаў пратэставага руху, служаць, як гэта ні сумна, зьвесткі пра затрыманых і асуджаных паводле адміністрацыйных або крымінальных артыкулаў у пэрыяд «выбарчай кампаніі» і падчас пратэставых акцыяў. Поўныя дадзеныя нам недаступныя; да асобных «усплёскаў» статыстыкі ГУУС, якія часам нейкім чынам трапляюць у інфармацыйную прастору, незразумела, як ставіцца.

Праект 23.34, які зьбірае гісторыі ўдзельнікаў пратэстаў, што сутыкнуліся з затрыманьнямі за ўдзел у акцыях пратэсту, пабудаваў свой «партрэт пратэстоўца» на падставе апрацоўкі больш як 5 тысяч гісторыяў. Зразумела, што гэты праект таксама не прэтэндуе на рэпрэзэнтатыўнасьць; акрамя таго, разьмеркаваньне гендэрных і ўзроставых характарыстык «пратэстоўцаў» і тых, хто трапіў пад арышт і затрыманьні, будуць адрозьнівацца (пры тым, што на акцыях пратэсту могуць затрымаць любога, усё ж жанчын, людзей пажылога веку і непаўналетніх затрымліваюць менш).

Аднак гэты праект цікавы з пункту гледжаньня прадстаўленасьці людзей з розных сэктараў (18% тых, хто даслаў свае гісторыі ў праект — дзяржаўныя службоўцы і супрацоўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, 58% працуюць у прыватным сэктары), а таксама разнастайнасьцю прафэсійных сфэраў, што яшчэ раз пацьвярджае тэзіс пра тое, што пратэставы рух у Беларусі ахоплівае ўсе сацыяльныя пласты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG