Лінкі ўнівэрсальнага доступу

4 прычыны і 5 матывацыяў беларускага пратэсту, паводле прафэсара Вардамацкага


Андрэй Вардамацкі
Андрэй Вардамацкі

Пра іх сёньня на прэсавай канфэрэнцыі расказаў сацыёляг, кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні (БАМ), прафэсар Андрэй Вардамацкі

Ён грунтаваў свой расповед на дадзеных як агульнанацыянальных апытаньняў, гэтак і на выніках паглыбленых інтэрвію з удзельнікамі фокус-групаў.

Паводле Вардамацкага, пратэсты спарадзіла рэакцыя грамадзтва на палітыку ўладаў адносна пандэміі каранавірусу, пагаршэньне эканамічнага самаадчуваньня, падзеньне даверу да афіцыйных мэдыя і рост даверу да недзяржаўных СМІ, а таксама рост адукаванасьці насельніцтва краіны.

  • Дасьледаваньні , зробленыя ў разгар пандэміі, паказалі, што ацэнкі палітыкі ўладаў у барацьбе з каранавірусам, дадзеныя беларусамі, былі аднымі з найгоршых у сьвеце.
  • Адначасна доля адмоўных ацэнак стану эканомікі Беларусі павялічылася са сьнежня 2019 году па сакавік 2020 году з 38% да 61%.
  • На працягу 2020 году (з сакавіка па чэрвень) назіралася рэзкае падзеньне даверу да дзяржаўных СМІ, у чэрвені ім давяралі толькі 4% апытаных, а недзяржаўным мэдыя тады ж — 27%.
  • Прафэсар Вардамацкі таксама адзначыў, што за 20 гадоў (з 1999 па 2019) доля асобаў з вышэйшай адукацыяй у Беларусі вырасла ўдвая.

Ён таксама вызначыў 5 матывацыяў пратэсту, якія былі зафіксаваныя на фокус-групах, праведзеных пасьля 9 жніўня.

  • Зьніжэньне болевага парогу (людзі гатовыя сядзець на сутках і працягваць пратэставаць, нягледзячы на міліцэйскі гвалт),
  • Трансфармацыя страху ў гнеў (рэпрэсіі не падаўляюць гатоўнасьць пратэставаць, а ўзмацняюць яе),
  • Арыентацыя на доўгатэрміновы пратэст (80% пратэстоўцаў, удзельнікаў фокус-групаў, выказвалі гатоўнасьць пратэставаць нават год, няўдача пратэстаў не спараджае апатыю),
  • Пратэст для яго ўдзельнікаў робіцца псыхалягічнай патрэбай, сродкам энэргетычнай «падзарадкі»,
  • Адсутнасьць лідэра не спараджае псыхалягічнага дыскамфорту.

Паводле Вардамацкага, галоўным чыньнікам працягу пратэстаў стала брутальнасьць сілавікоў. 60% удзельнікаў фокус-групаў, якія бралі ўдзел у пратэстах, казалі, што, магчыма, не працягвалі б удзельнічаць у іх, калі б справа абмяжоўвалася толькі фальсыфікацыямі на выбарах.

Прыхільнікі і праціўнікі пратэстаў ацэньваюць бягучую сытуацыю ў Беларусі паводле розных пунктаў параўнаньня: праціўнікі пратэсту параўноўваюць цяперашнюю сытуацыю з 90-мі гадамі, прыхільнікі — зь цяперашняй сытуацыяй у суседніх краінах, найперш у Польшчы і Літве.

Кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні адзначыў, што адсутнасьць геапалітычнай подбіўкі пратэсту была зафіксаваная і ў інтэрвію падчас фокус-групаў: ніводзін зь іх удзельнікаў не матываваў сваё стаўленьне да Аляксандра Лукашэнкі сваёй геапалітычнай прыхільнасьцю, выбарам на карысьць Расеі ці Эўразьвязу.

Прафэсар Вардамацкі нагадаў, што апошняе апытаньне БАМ зафіксавала падзеньне прарасейскіх настрояў у Беларусі на 11 адсоткавых пунктаў зь верасьня па лістапад. Але паводле яго, падзеньню папярэднічаў амаль такі ж іх рост з чэрвеня па верасень — тады доля прыхільнікаў саюзу з Расеяй павялічылася з 39% да 52%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG