Пракурор запатрабаваў 12 гадоў зьняволеньня для менскага інжынэра Ціхана Восіпава, якога вінавацяць у замаху на забойства пяці байцоў Унутраных войск.
На паўторным працэсе над Восіпавым, які праходзіць у Менскім гарадзкім судзе, закончыліся судовыя спрэчкі. Прысуд вынесуць у сераду, 19 траўня.
26 гадовы Ціхан Востраў, які на ўласным аўтамабілі 11 жніўня аказаўся ў заторы каля станцыі мэтро «Спартыўная», дзе праходзіла акцыя пратэсту, віны ў наўмысным наезьдзе на міліцыянтаў не прызнае.
Працэс праходзіць паўторна з прычыны замены судзьдзі. На першым судзе пракурор патрабаваў такі ж тэрмін пакараньня.
Паводле сьледзтва, у ноч на 11 жніўня Восіпаў на бацькоўскім аўтамабілі BMW наўмысна, «з мэтай забойства», наехаў на вайскоўцаў часткі 5524 унутраных войскаў МУС, якія ў гэты час выціскалі пратэстоўцаў са скрыжаваньня вуліц Прытыцкага і Глебкі. За гэта Восіпава абвінавацілі ў спробе забойства супрацоўнікаў праваахоўных органаў, за што закон прадугледжвае ад пажыцьцёвага зьняволеньня да сьмяротнай кары.
Акрамя таго, Ціхана Восіпава абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках ды ў заведама ілжывым даносе. Паводле сьледзтва, пасьля сутычкі зь міліцыянтамі ён наўмысна патапіў у стаўку ў парку «Цівалі» свой аўтамабіль ды схлусіў у міліцыі, што яго нібыта скралі невядомыя, а гэта, паводле Крымінальнага кодэксу, — махлярства.
Як і на першым працэсе, Ціхан Восіпаў прызнаў віну толькі ў гэтай частцы агульнага абвінавачаньня. Што да наезду на вайскоўцаў, ён адмаўляе намер забойства. Восіпаў тлумачыць, што знаходзіўся ў стрэсе, перажыў жах ад таго, што на ягоны аўтамабіль напалі «невядомыя людзі ў ваенізаванай форме», па аўтамабілі «грукалі і стралялі», «вайсковец накіраваў на яго зброю». Падсудны працягвае настойваць, што проста мусіў ратавацца і таму ўцякаў з вуліцы Прытыцкага, а па дарозе «мог на кагосьці ненаўмысна наехаць».