Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Увесь час білі па машыне». Інжынэра вінавацяць у наезьдзе на пяцёх вайскоўцаў


Ціхан Восіпаў у судзе
Ціхан Восіпаў у судзе

У Менскім гарадзкім судзе пачаўся працэс над Ціханам Восіпавым, інжынэрам з БДТУ, якога вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках, спробе забойства служачых унутраных войскаў ды ілжывым даносе. Мужчыну 25 гадоў. Столькі ж яму пагражае паводле інкрымінаваных артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Віну Ціхан Восіпаў прызнае часткова — толькі ў тым, што спрабаваў падмануць міліцыю наконт згону ўласнага аўтамабіля, які насамрэч сам утапіў у вадаёме парку «Цівалі».

«Сыгналіў, а сябар махаў сьцягам з вакна»

13 красавіка Ціхан Восіпаў падрабязна расказаў суду, што зь ім адбывалася ў ноч на 11 жніўня блізу месца, дзе за некалькі гадзін да таго загінуў пратэстовец Аляксандар Тарайкоўскі.

Паводле Ціхана Восіпава, каля гадзіны ночы ён з двума сябрамі ехаў па праспэкце Прытыцкага ў бок мэтро «Спартыўная» і аказаўся ў заторы з аўтамабіляў, большасьць зь якіх сыгналілі на знак пратэсту супраць вынікаў выбараў.

«Я таксама сыгналіў, бо быў нязгодны з вынікамі выбараў, а сябар з вакна размахваў бел-чырвона-белым сьцягам з Пагоняй», — пацьвердзіў на судзе ранейшыя паказаньні Ціхан Восіпаў.

Наўмысны наезд («замах на забойства», паводле абвінавачаньня) Ціхан рашуча адмаўляе. Як выявілася з зачытаных матэрыялаў сьледзтва, ён і раней гэтага не прызнаваў, хоць дапускаў, што мог «кагосьці зачапіць», калі павольна рухаўся ў калёне аўто.

Ціхан Восіпаў. Фота Tut.by
Ціхан Восіпаў. Фота Tut.by

Паводле Восіпава, у аўтамабільным корку, які ўтварыўся ад мэтро «Пушкінская» і далей па Прытыцкага, ён зь цяжкасьцю змог перашыхтавацца ў крайнюю правую паласу, каб павярнуць на вуліцу Пятра Глебкі, бо скрыжаваньне наперадзе было забіта аўтамабілямі. Ехаў павольна, на аварыйных ліхтарах, хуткасьць была ня больш за 15 кілямэтраў, казаў Восіпаў. Паводле пасуднага, калі ён убачыў вакол сілавікоў у форме, то вельмі спалохаўся, бо тыя крычалі, тузалі за ручкі закрытых дзьвярэй аўтамабіля, але самі не называліся і не тлумачылі, што ім трэба.

«Калі я праяжджаў тую групу вайскоўцаў на дарозе, убачыў нацэленую на мяне помпавую стрэльбу. Таму я не спыняўся. Не выключаю, што мог кагосьці крыху зачапіць, але не адмыслова і нават не заўважыў», — кажа Восіпаў.

Чаму мог ня ўбачыць сутыкненьня зь людзьмі?

«Бо ў мяне ўжо было пабіта лабавое шкло — магчыма, ад таго, што стралялі з помпавай стрэльбы. На пару сэкундаў я прыгнуў галаву — гэтак спалохаўся за жыцьцё. У той момант мог ня ўбачыць, што наперадзе», — мяркуе Ціхан Восіпаў.

Калі малады чалавек павярнуў на скрыжаваньні, у ягонай машыне ўжо было зламанае бакавое люстэрка, а ў корпусе аказалася некалькі дзірак ад стрэлаў.

«Увесь час білі па машыне», — згадаў Ціхан. І дадаў, што пра дзіркі даведаўся пазьней — калі аўтамабіль выцягнулі з сажалкі.

Маці Ціхана Восіпава
Маці Ціхана Восіпава

«Як машыну выцягвалі з вады, пагнулі бампэр»

Паводле Ціхана Восіпава, ён як зьехаў з вуліцы Прытыцкага, адразу высадзіў сяброў, а сам накіраваўся дамоў, але раптам убачыў міліцэйскі бус, на якім, як меркаваў, за ім маглі пагнацца. Таму паехаў наўпрост і заехаў у парк «Цівалі», дзе спрабаваў схавацца, але не заўважыў у цемры вадаёма і трапіў у ваду. З аўтамабіля ён змог выбрацца, дамоў прыехаў на таксі, а жонцы прыдумаў вэрсію, што машыну нібыта скралі.

«Не хацеў палохаць, каб нэрвавалася, думала, што мне нешта пагражае» — патлумачыў Ціхан Восіпаў.

Паводле падсуднага, жонка прапанавала пазваніць у міліцыю, і ён набраў 102 ды паведаміў пра згон, але хутка няпраўда выявілася. Калі ён прыехаў у Маскоўскі РАУС пісаць заяву, там папярэдзілі пра адказнасьць за ілжывы данос. Ён настойваў на сваім, аднак у канцы дня аўтамабіль ужо знайшлі і выцягнулі з вады. У багажніку аказаліся дзьве каскі, два рэсьпіратары, адмысловыя акуляры, бел-чырвона-белы сьцяг, балёнчык з чырвонай фарбай.

Ціхан Восіпаў з жонкай
Ціхан Восіпаў з жонкай

Тры дні Ціхана Восіпава пратрымалі ў ізалятары на Акрэсьціна як удзельніка пратэстаў і выпусьцілі, узяўшы падпіску аб няўдзеле ў акцыях. Аднак у той жа дзень яго затрымалі ўжо як падазронага па крымінальнай справе. З таго часу Ціхана Восіпава трымаюць у СІЗА на Валадарскага. Ён сядзіць у адной камэры зь вядомым прадпрымальнікам Аляксандрам Васілевічам. За гэты час ён меў спатканьне з бацькамі. Ціхан Восіпаў ня скардзіўся на зьбіцьцё і катаваньні.

Пацярпелым выплацілі кампэнсацыю агулам у 1300 рублёў

У справе Ціхана Восіпава 5 пацярпелых. Гэта служачыя часткі ўнутраных войскаў, якія былі задзейнічаныя ў разгоне акцый пратэсту 10–11 жніўня на Прытыцкага. Пацярпелыя далі паказаньні ў першы дзень працэсу, а на другі ўжо не зьявіліся.

Ціхан з жонкай
Ціхан з жонкай

Бацька падсуднага Сяргей Восіпаў гэтак згадаў паказаньні пацярпелых ад дзеяньняў сына:

«Ніхто зь іх не сказаў, што ў яго ад наезду была траўма ці нават драпіна. Адзін сказаў, што пасядзеў на капоце і саскочыў — вось і ўвесь наезд. Мяркую, сын праўду кажа, што яны расступіліся, як ён наблізіўся. Можа, каго і закрануў, але ненаўмысна. Шкада, выбачаемся і спачуваем, але ў тое, што Ціхан замахваўся на жыцьцё — ня веру», — сказаў бацька і дадаў, што ў судзе пацярпелыя не заявілі матэрыяльных пазоваў, а раней сям’я ўжо ім выплаціла кампэнсацыю. Паводле Восіпавых, аднаму пацярпеламу — 500 рублёў, іншым чатыром — па 200 рублёў.

«Выяжджае на будоўлі, таму і каска ў багажніку»

Паводле маці абвінавачанага Ціхана Восіпава Сьвятланы, яе сын «нікога ў жыцьці ня ўдарыў, бо нават ніколі ня біўся».

«Спакойны, выхаваны, ветлівы хлопец, вельмі кантактны. Умее маляваць, захапляецца графіці. З жонкай Вольгай яны вельмі любяць вандраваць і потым расказваюць пра ўражаньні, пра тое, што ўбачылі ў сьвеце. І яшчэ ў яго разьвітае пачуцьцё справядлівасьці. Тое, як прайшлі выбары, яго сапраўды зачапіла. Яму ж жыць у гэтай краіне», — кажа Сьвятлана.

Маці Ціхана Восіпава
Маці Ціхана Восіпава

Іх сям’я з Клімавічаў. Сын Ціхан скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт і застаўся там працаваць інжынэрам.

«Часта выяжджае на экспэртызы будоўляў, таму ў яго і каска была ў багажніку. А балёнчык з чырвонай фарбай — гэта ад захапленьня графіці. Трымаецца ён на судзе прыстойна. Між тым у яго праблема са здароўем. Ён чаго і ўцякаў ад міліцыянтаў? Бо калі б схапілі, то дакладна б зьбілі на горкі яблык, як таго прадпрымальніка Троцкага [менскага прадпрымальніка Аляксандра Троцкага асудзілі на 10 гадоў калёніі за нібыта наўмысны наезд на супрацоўніка ДАІ, ён будзе абскарджваць прысуд. — РС]. А яму гэта ніяк нельга — у яго захворваньне вачэй, і яно прагрэсуе. Ад зьбіцьця зрок можа зусім згубіцца», — перажывае маці за сына.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG